Ці магчыма супрацьстаяць катаванням у турмах?

Юрыст і праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка ў інтэрв'ю «Филину» расказвае пра тое, што такое галадоўка ва ўмовах зняволення і наколькі эфектыўна блізкім хаваць інфармацыю пра палітвязняў.

Павел Сапелка

Павел Сапелка


— Праваабаронцам стала вядома, што жонка палітвязня Вольга Анішчук, якая ўжо 24 дні знаходзіцца пад арыштам, абвясціла галадоўку на знак пратэсту супраць жорсткага абыходжання з ёй.
У прыватнасці, паведамляецца пра тое, што жанчына за кратамі ўжо двойчы хварэла на бранхіт, бо ўтрымліваецца ў нечалавечых умовах і спіць на бетоннай падлозе. У магілёўскім ІЧУ з яе здзекуюцца і аказваюць ціск — тры разы на дзень прымушаюць распранацца дагала і прысядаць.
Як вы лічыце, якія ёсць спосабы ў людзей у зняволенні спыніць катаванні?
— Як праваабаронца я магу сказаць, што катаванні ў любой сваёй праяве, як і жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, забароненыя і не могуць апраўдвацца аніякімі абставінамі. Катаванні існуюць і квітнеюць у такіх таталітарных дзяржавах менавіта таму, што супрацьстаяць ім ці складана, ці амаль немагчыма.
Было б вельмі добра, калі б мы маглі сказаць: зрабіце так — і тады б катаванняў не стала, але рэальнасць такая, што любая мера процідзеяння катаванням мае свае плюсы і мінусы і абмежаваную эфектыўнасць. Што тычыцца галадовак, гэта адна з крайніх мер мірнага пратэсту супраць катаванняў.
Мы разумеем, што тэарэтычна зняволены можа адмовіцца выконваць здзеклівыя распараджэнні, якія, па сутнасці, і ёсць элементам катаванняў. Зняволены можа крычаць і патрабаваць перадачы яму пасцельных прыналежнасцей, але ўсё гэта можа мець наступствы — дзеянні з боку адміністрацыі.
Зняволеныя гэта таксама разумеюць, таму выбіраюць спосаб галадовак. У некаторых сітуацыях яны могуць наносіць сабе траўмы, хтосьці наогул наважваецца на суіцыд. Не магу сказаць, што гэта добрыя спосабы. Добра прадухіляць катаванні і не дапускаць іх.
— Паступае інфармацыя пра тое, што частка затрыманняў, якія цяпер адбываюцца ў Беларусі, у тым ліку і калег-журналістаў незалежных медыя, застаюцца, што называецца, па-за кадрам, таму што сваякі просяць не разгалошваць, не публікаваць нідзе гэтую інфармацыю, баючыся нашкодзіць або кіруючыся парадамі адвакатаў.
Як вы лічыце, гэта эфектыўная стратэгія — не паведамляць пра затрыманне?
— Паводле маіх уражанняў, якія заснаваныя на шматгадовым досведзе, адвакацкай працы і працы ў якасці праваабаронцы, і па выніках апошніх двух гадоў, нельга сказаць, што ёсць прамая залежнасць паміж тым, ці з'яўляецца справа асветленай, адданай галоснасці або разглядаецца пад заслонай таямніцы.
Чалавек можа атрымаць высокае пакаранне, захоўваючы ўсё ў таямніцы, і адносна мяккае — па публічных справах. Самы просты прыклад — гэта так званая «справа карагодаў» у Брэсце.
Яна знаходзілася пад пільнай увагай праваабаронцаў, грамадскасці, і пры ўсім пры гэтым усім удзельнікам справы прызначалі пакаранне ў асноўным у выглядзе абмежавання волі, у тым ліку без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу.
У той жа час да нас даходзіць інфармацыя пра людзей, якія ўжо адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі за ўдзел у мірных сходах па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. Пра іх мы не ведалі на этапах следства і суду. З нейкай прычыны гэтыя крымінальныя справы не агалошваліся.
З пункту гледжання грамадскай цікавасці, безумоўна, нам трэба максімальна шырока і адкрыта расказваць пра сітуацыю ў Беларусі і якраз гэтыя паказчыкі — колькасць разгледжаных спраў, колькасць асуджаных і палітвязняў — ярка і відавочна характарызуюць сітуацыю з правамі чалавека, з рэпрэсіямі ў Беларусі.
Гэта, у сваю чаргу, дазваляе шырока адвакатаваць неабходнасць прыняцця мер у дачыненні да Беларусі і яе ўладаў, а таксама адвакатаваць іншыя важныя для палітвязняў пытанні.