Марыя Калеснікава — у рэанімацыі (дапоўнена)

ТГ-канал Віктара Бабарыкі паведамляе, што палітзняволеная знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні гомельскай бальніцы.

Марыя Калеснікава. Фота: «Associated Press»

Марыя Калеснікава. Фота: «Associated Press»


28 лістапада Марыю Калеснікаву даставілі ў хірургічнае аддзяленне адной з гомельскіх бальніц, адкуль сёння яе перавялі ў рэанімацыю. Адвакат палітзняволенай пацвердзіў гэтую інфармацыю, але не змог сказаць, што стала прычынай пагаршэння здароўя Марыі: за апошнія некалькі дзён яго тройчы не пусцілі да яе ў калоніі.
Нагадаем, нядаўна стала вядома, што Калеснікаву змясцілі ў штрафны ізалятар. Яна атрымала тры спагнанні ад адміністрацыі гомельскай жаночай калоніі: за знаходжанне ў працоўны час не ў тым месцы і за няветлівы зварот з яе боку. Паводле дзіўнага супадзення, усе «парушэнні» здараліся тры дні запар: 9, 10 і 11 лістапада.
Адміністрацыя калоніі ўвесь час цісне на Марыю, астатнім жанчынам, паводле слоў былых зняволеных, забаронена з ёю нават камунікаваць. Да таго ж Марыю раней неаднаразова пазбаўлялі спатканняў з бацькам, да яе не даходзіць вялікая частка лістоў, яе абмяжоўваюць па часе ў зносінах з адвакатам і парушаюць іншыя яе правы.
Абаронца Калеснікавай Уладзімір Пыльчанка ў скаргах на адмову ў допуску да Марыі ў пракуратуру і упраўленне дэпартамента выканання пакаранняў гаварыў пра свае асцярогі за стан яе здароўя. Аніякай рэакцыі на скаргі і звароты ад праваахоўных органаў не было.
UPD: Марыю Калеснікаву прывезлі ў бальніцу з хірургічнай паталогіяй. Яе прааперавалі 28 лютага, зараз яна ў стабільна цяжкім стане — з прагнозам на паляпшэнне. Чакаецца, што заўтра яе перавядуць у хірургію.