«Улады праводзяць масіраваную кампанію па барацьбе з незалежнымі СМІ для апраўдання рэпрэсій»

Па якіх крытэрах у Беларусі незалежныя СМІ прызнаюць «экстрэмісцкімі» і адкуль пайшла тэндэнцыя саджаць за інтэрв'ю — у матэрыяле «DW».

Палітзняволеная Наталля Дуліна. Фота: dw.com

Палітзняволеная Наталля Дуліна. Фота: dw.com

Крымінальныя справы па артыкуле «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-4 Крымінальнага кодэкса РБ) заводзяць на беларусаў за ўзаемадзеянне са СМІ, прызнанымі ў Беларусі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Такі статус цяпер ёсць у дзевяці незалежных медыя, прысвойваюць яго не праз суд, а па рашэнні МУС ці КДБ. Сярод тых, каго абвінавачваюць па арт. 361-4 КК, ваенны эксперт Ягор Лебядок, экс-выкладчыцы ВНУ Наталля Дуліна і Наталля Суслава, жонка палітвязня Дар'я Лосік. Ім пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі, піша DW.

Першая крымінальная справа за інтэрв'ю

Першая крымінальная справа за інтэрв'ю «дэструктыўнаму» СМІ была перададзена ў Мінскі абласны суд 8 лістапада 2022 года. Абвінавачаным у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» стаў ваенны эксперт Ягор Лебядок, якога беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнем.
У прэс-рэлізе абласной пракуратуры, дзе гаворыцца пра адкрыццё крымінальнай справы, ні прозвішча Лебядка, ні назва СМІ не згадваюцца. Сказана толькі, што ў красавіку і траўні «40-гадовы жыхар Смалявіцкага раёна» даў інтэрв'ю «публічнаму дэструктыўнаму каналу». Тэмай размовы са СМІ, паводле даных ведамства, стала «спецыяльная ваенная аперацыя», якая праводзіцца «Узброенымі сіламі РФ на тэрыторыі Украіны», і роля ў ёй Рэспублікі Беларусь. У пракуратуры палічылі, што інтэрв'ю «спрыяла распаўсюджванню ілжывай і дыскрэдытуючай інфармацыі пра Беларусь».
З публікацый тэлеграм-канала, блізкага да беларускіх сілавікоў, стала вядома, што гаворка ішла пра інтэрв'ю Ягора Лебядка «Еўрарадыё» ў красавіку і траўні 2022 года. Пры гэтым «экстрэмісцкім фарміраваннем» МУС РБ прызнала «Еўрарадыё» 20 ліпеня — ужо пасля затрымання Лебядка. Да гэтага, з верасня 2021 года, СМІ знаходзілася ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Менавіта таму абвінавачанне ваеннаму эксперту гучыць як «забеспячэнне дзейнасці публічнага дэструктыўнага [тэлеграм-]канала, інфармацыйную прадукцыю якога суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Экс-выкладчыцу абвінавачваюць па двух артыкулах КК


Інтэрв'ю, якое дала «Еўрарадыё» Наталля Дуліна — экс-дацэнт Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта (МДЛУ), сябра Каардынацыйнай Рады, — сілавікі таксама інтэрпрэтавалі як «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Акрамя таго, палітзняволеную абвінавачваюць у «грубым парушэнні грамадскага парадку» (арт. 342 КК).
Паводле версіі следства, Дуліна выходзіла на «нядзельныя маршы» і разам з іншымі іх удзельнікамі «перакрывала праезную частку, перашкаджаючы нармальнай працы грамадскага транспарту і іншай гарадской інфраструктуры». Жанчыну таксама абвінавачваюць у рэгістрацыі ў мабілізацыйным плане «Перамога». Наталля Дуліна знаходзіцца ў СІЗА з 3 кастрычніка. Са жніўня 2020 года гэта яе шостае затрыманне.

Крымінальная справа на маці загінулага байца ПКК

Крымінальную справу за інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат» у канцы лістапада завялі і ў дачыненні да Наталлі Суславай — маці загінулага байца Беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК). Наталля Суслава — былая выкладчыца Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Ф. Скарыны, адным з яе студэнтаў быў блогер Сяргей Ціханоўскі.
У 2020 годзе Суслава адкрыта падтрымала пратэсты, атрымала 10 сутак адміністрацыйнага арышту і была звольненая з універсітэта. Сын Наталлі, камандзір выведроты Павел «Волат», загінуў 15 мая 2022 года падчас баявых дзеянняў на поўдні Украіны. Пасля гібелі ва Украіне сына Наталля адправілася добраахвотніцай на вайну, брала ўдзел у вызваленні Херсона ад расійскай акупацыі.

На Дар'ю Лосік цісне адміністрацыя СІЗА

Дар'ю Лосік, жонку беларускага палітвязня, блогера і пазаштатнага кансультанта «Радыё Свабода» Ігара Лосіка, затрымалі 18 кастрычніка. У тэлеграм-канале, блізкім да беларускіх сілавікоў, з'явілася так званае «пакаяльнае» відэа: у ім Дар'я расказвае, што ў красавіку 2022 года яна дала інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат», прызнанаму ў Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем» з лістапада 2021.
Аўтары відэароліка сцвярджаюць, што факт інтэрв'ю можа пацягнуць за сабой крымінальную адказнасць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». 21 кастрычніка стала вядома, што суд выбраў у дачыненні да Дар'і меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, хоць яна адна выхоўвае 3-гадовую дачку.
На дадзены момант дзяўчынка жыве з бабуляй і дзядулем. Дар'я знаходзіцца ў СІЗА горада Брэста, дзе, паводле слоў сваякоў, падвяргаецца ціску з боку адміністрацыі. Так, кіраўніцтва СІЗА вырашыла ўключыць вагу пасылак, якія адпраўляюцца Дар'і, у агульную вагу перадач. Звычайна пасылкі зняволеным адпраўляюць поштай, іх колькасць не абмежаваная, адзіная ўмова — вага пасылкі не павінна перавышаць 50 кілаграмаў. Агульная вага перадач, якія зняволеным уручаюць асабіста ў рукі, складае 30 кг на месяц, пасылкі ў яе не ўваходзяць. Але ў дачыненні да Дар'і гэтае правіла не дзейнічае. Яе сваякі папрасілі не адпраўляць дзяўчыне пасылкі без узгаднення з імі, інакш яна можа застацца без неабходных рэчаў. Лісты ад Дар'і таксама амаль не прыходзяць.

Праваабаронца: «Улады эксплуатуюць тэму барацьбы з экстрэмізмам»

Праваабаронца цэнтра «Вясна» Наталля Сацункевіч перакананая, што ўлады эксплуатуюць тэму барацьбы з экстрэмізмам для апраўдання рэпрэсій. «Мы бачым масіраваную планавую кампанію, мэта якой — не толькі абмежаваць працу незалежных СМІ, але і перашкаджаць доступу людзей да альтэрнатыўнай інфармацыі», — кажа яна.
Паводле слоў праваабаронцы, улады РБ штучна ствараюць усё больш і больш «экстрэмісцкіх фарміраванняў». Зараз у гэты спіс уваходзяць 97 арганізацый і СМІ, шэсць апошніх дадаліся ў кастрычніку. «Складана сказаць, па якіх прыкметах прысвойваецца статус "экстрэмісцкага фарміравання". Адчуванне, што ўлады і супрацоўнікі праваахоўных органаў выбіраюць групы, якія карыстаюцца папулярнасцю, каб была легальная магчымасць пераследаваць людзей», — адзначае Сацункевіч.
Яна таксама лічыць, што ўлады Беларусі «цынічна эксплуатуюць тэму барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам для апраўдання рэпрэсій». «Гэта вельмі сумная тэндэнцыя. Яе мэта, па-першае, заблакаваць распаўсюджванне інфармацыі, па-другое, запалохаць сваякоў палітвязняў, якія расказваюць пра рэпрэсіі, катаванні, жорсткае абыходжанне, пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі», — перакананая праваабаронца.