Дар’я Лосік не выйшла на волю

Дар’ю Лосік сёння не выпусцілі з-пад варты — яна застаецца ў СІЗА Брэста.

dar_ja_losik_1.jpg

Жонку палітвязня і журналіста «Св*боды» Ігара Лосіка Дар’ю затрымалі раніцай 18 кастрычніка. Сілавікі прыйшлі дадому да Лосікаў а 8-ай раніцы, сама Дар’я з маленькай дачкой Паўлінай яшчэ спала.

Паўліну забралі бабуля з дзядулем — бацькі Дар’і.
Паводле паведамленняў праўладных тэлеграм-каналаў, Дар’ю абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці ў выглядзе размовы з тэлеканалам «Б*лсат» вясной 2022 года.

Паводле якога артыкула абвінавачваюць жонку палітвязня, афіцыйна не паведамляецца.


Як пісаў «НЧ», Святлана Ціханоўская выказалася ў падтрымку Дар'і адразу пасля яе арышту.

— Дар'я — чалавек з неверагоднай вытрымкай і сілай волі. Кожны дзень яна паказвала Ігару і ўсім нам, як выглядае сапраўднае каханне. Кожны дзень яна дэманстравала такую мужнасць, якая і не снілася тым, хто сёння затрымліваў яе.

Я знаёмая з Дашай і захапляюся ёю. У якіх бы ўмовах яна ні знаходзілася, упэўнена, што цяпер канваірам і наглядчыкам даводзіцца адводзіць вочы перад поглядам гэтай ганарлівай, клапатлівай і неверагодна смелай беларускі.

Надыдзе дзень, калі Дар'я і Ігар абодва выйдуць з турмаў і зноў апынуцца дома разам са сваёй дачкой.А цяпер у нашых сілах дапамагаць — Дашы, Ігару, іх блізкім — гэтак жа, як і сваякам тысяч зняволеных па палітычных матывах. Усе гэтыя два гады падтрымка не становіцца менш неабходнай!.. — сказала Ціханоўская і заклікала дапамагаць сем’ям палітвязняў.