Хронікі рэпрэсій. 10 артыкулаў для Святланы Ціханоўскай
Паводле інфармацыі праваабаронцаў і медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 21 кастрычніка.
У дачыненні да ваеннага эксперта Ягора Лебядка ўзбуджаная новая крымінальная справа. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што справа ўзбуджаная па прыкмеце паўторнасці, і адзначаюць, што кожнае «інтэрв'ю экстрэмістам стварае асобны склад злачынства».
Верагодна, гаворка ідзе пра ч. 2 арт. 364-1 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна або групай асоб).
Лебядок быў затрыманы 12 ліпеня і першапачаткова арыштаваны на «суткі», а затым была ўзбуджаная крымінальная справа аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-4 КК).
* * *
У Беларусі — 8 новых палітвязняў.
Гэта Юрый Станеўскі, Валерый Зіза, Аляксандр Коўпак, Валерый Барзенка, Міхаіл Корзун, Дзмітрый Шабетнік, Андрэй Сачэўка, Эдуард Вільчэўскі.
Цяпер у Беларусі 1352 палітвязня, прызнаных праваабарончай супольнасцю. На справе іх колькасць значна большая — не пра ўсе «палітычныя» прысуды праваабаронцам вядома.
* * *
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 28-гадовага Юрыя Хрысталюбава, былога студэнта ЕГУ. Па дадзеных сілавікоў, хлопец удзельнічаў у паслявыбарчых пратэстах і перакрываў рух транспарту. Таксама пішуць, што ў 2020 годзе з Юрыем звязаліся літоўскія спецслужбы і прапанавалі яму грошы за ўдзел у акцыях пратэсту.
* * *
Мікалай Аўтуховіч, асуджаны 17 кастрычніка да 25 гадоў пазбаўлення волі, працягвае знаходзіцца пад ціскам адміністрацыі гродзенскай турмы №1. Як стала вядома праваабаронцам, да палітвязня ўжо два месяцы не прыходзяць супрацоўнікі, у якіх ён можа замовіць прадукты з турэмнай крамы. У выніку ён не можа купіць нават ваду і туалетную паперу.
Акрамя таго, Аўтуховічу да гэтага часу блакуюць перапіску.
* * *
3,5 года турмы атрымаў былы супрацоўнік «Гродна Азоту» Эдуард Ісаеў за лайк паста з выявай Лукашэнкі ў «Аднакласніках». Прысуд вынесены ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Справу разглядаў суддзя Генадзь Мазайла. Дзяржаўны абвінаваўца прасіў пакараць Эдуарда Ісаева, які абвінавачваецца па ч. 2 арт. 367, ч. 2 ст. 368 КК, вялікім тэрмінам на паўгода. У Ісаева засталіся дома жонка і малалетнія дзеці.
* * *
* * *
34-гадовую палітзняволеную Вікторыю Навіцкую прысудзілі да 1,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, паведамляюць Праваабаронцы. Такі прысуд суддзя Юлія Шчоткіна агучыла 13 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Мінска. Яна прызнала жанчыну вінаватай па ч. 1 арт. 342 КК.
Вікторыю затрымалі 21 чэрвеня 2022 года. Пасля двух адміністрацыйных арыштаў яна не выйшла на волю, яе паўторна затрымалі па крымінальнай справе.
* * *
Як стала вядома праваабаронцам, 11 кастрычніка суд Ленінскага раёна Магілёва паўторна асудзіў палітвязня Арцёма Калашука, гэтым разам паводле арт.369 КК. З улікам папярэдняга пакарання суддзя Наталля Панасенка прысудзіла яго да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Вядома, што ў віну Калашуку паставілі каментар пад допісам з выявай Вольгі Чамаданавай. У жніўні Арцём быў прысуджаны Чавускім раённым судом да 8 месяцаў калоніі па трох артыкулах КК: абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК) і абразу суддзі (артыкул 391 КК).
* * *
У эфіры «Беларусь-1» назвалі імёны затрыманага «ўкраінскага шпіёна» і «завербаваных ім беларусаў». Затрыманы грамадзянін Украіны Павел Купрыенка. Супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа ў сувязі з «агентурнай дзейнасцю».
Затрыманыя двое беларусаў — Тарас Мачынскі і Зміцер Салавенчык. Супраць іх распачалі крымінальныя справы аб «здрадзе дзяржаве». Па дадзеных КДБ, затрыманыя збіралі і перадавалі дадзеныя аб размяшчэнні чыгуначных вузлоў і перамяшчэнні вайсковай тэхнікі.
* * *
Дар'ю Лосікне вызвалілі праз 72 гадзіны пасля затрымання. Жонка палітвязня Ігара Лосіка, асуджанага на 15 гадоў, працягвае знаходзіцца ў Берасцейскім СІЗА.
* * *
Праваабаронцам стала вядома, што па адмашцы генпракурора СК распачаты працэс спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да прадстаўнікоў Каардынацыйнай Рады.
У прыватнасці, справа заведзеная ў дачыненні да Вольгі Кавальковай. Ёй інкрымінуецца 5 артыкулаў — ад змовы з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам да распальвання варожасці.
Таксама спецыяльная вытворчасць пачатая ў дачыненні да Марыі Мароз і Сяргея Дылеўскага.
Святлану Ціханоўскую абвінавачваюць па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі. Паўла Латушку — па васьмі.
Усіх іх будуць судзіць завочна.
* * *
Дзяржабвінаваўца запытаў для галоўрэда «Ежедневника», журналіста-даследчыка Сяргея Сацука8 гадоў пазбаўлення волі. Пра гэта блізкія палітвязня распавялі «Народнай волі». «У цэлым Сяргей выглядае нармальна. Хоць праблемы з сэрцам нікуды не дзеліся, яму пастаянна патрэбныя лекі. Стараецца трымацца бадзёра, каб падтрымаць нас. Хоць мы, вядома, разумелі, што на апраўдальны прысуд надзеі няма», — кажуць яны.
Вядома, што прысуд журналісту абвесцяць 26 кастрычніка.