Як у БССР рэпрэсіравалi тэхнароў — нават за інавацыі. Важны тэкст
Ахвярамі рэпрэсіўнай машыны СССР сталі сотні тысяч беларусаў, у тым ліку — тысячы навукоўцаў тэхнічных спецыяльнасцей. Таленавітыя інжынеры і вынаходнікі, чые работы праз прагрэсіўнасць і неадпаведнасць асноўнай лініі партыі называлі «шкодніцкімі». Іх распрацоўкі — ананімныя. Іх імёны схаваныя пад тоўшчамі архіўнага пылу і як след не вывучаныя нават спецыялістамі.
devby.io пагутарыў з даследчыкам рэпрэсій савецкага часу, кандыдатам гістарычных навук Ігарам Кузняцовым, каб дазнацца больш пра лёсы прадстаўнікоў тэхнічнай інтэлігенцыі, што сталіся ахвярамі сталінскага рэжыму.
Падаецца, пры жыцці тэхнічнай інтэлігенцыі часам шанцавала больш, чым паэтам. Але памяць пра рэпрэсіраваных «тэхнароў» сціралася яшчэ больш старанна.
Спадзяемся, што гэты матэрыял стане пачаткам вялікай супольнай працы па вяртанні з небыцця імёнаў тых, каго сённяшнія беларускія тэхнары, айцішнікі могуць лічыць сваімі папярэднікамі.
— Мы вельмі часта шукаем логіку ў дзеяннях таго перыяду. Калі кажам пра пачатак чырвонага тэрору 1918-19 гадоў, то яго яшчэ можна хоць неяк патлумачыць: каб абараніць новую дзяржаву, бальшавікі абвясцілі пра знішчэнне ўсіх варожых буржуазных слаёў грамадства — ад памешчыкаў і святароў да навуковай інтэлігенцыі. Але ўжо ў 1920 годзе відавочнага супраціўлення новаму парадку ў грамадстве не назіралася. У сярэдзіне 1930-х гадоў ужо не існавала ніякіх груп, якія маглі супрацьстаяць уладзе. Праводзілася зачыстка з вялікай перспектывай: маўляў, сёння гэты чалавек лаяльны, а заўтра можа раптам са зброяй выступіць супраць улад.
Пяць хваль рэпрэсій у СССР: падрабязна
Фактычна з самага пачатку існавання савецкай дзяржавы яе кіраўніцтва планамерна знішчала ўсіх, хто хоць неяк выказваўся супраць новых парадкаў.Першая хваля рэпрэсій пачалася яшчэ ў часе чырвонага тэрору — гэта былі 1918-19 гады. Знакамітыя падзеі 1920-21 гадоў, калі па загадзе Леніна з Расіі — у тым ліку і з тэрыторыі сучаснай Беларусі — на так званых «філасофскіх параходах» за мяжу высылалі навукоўцаў, нязручных для ўлад. З часу мяжы 1930-31 гадоў вядомы справы Саюза вызвалення Беларусі, Беларускага нацыянальнага цэнтра, Беларускага філіяла прампартыі. Потым — новы этап рэпрэсій, што пачаліся пасля забойства Сяргея Кірава ў 1934 годзе. Самая масавая хваля — перыяд вялікага тэрору ў СССР 1937-38 гадоў.
На аснове загада нумар 00447 наркама НКУС Мікалая Яжова ад 30 ліпеня 1937 года на месцах было разгорнута сацспаборніцтва, і тыя, хто перавыконваў план па арыштах, высылцы і расстрэлах, атрымлівалі прэміі, ордэны і медалі. Ім давалі кватэры, якія раней належалі рэпрэсіраваным. Так улады стымулявалі працэс, які ў пэўны момант выйшаў з-пад кантролю.
У першай разнарадцы, што спусцілі на Беларусь у жніўні 37-га, быў пазначаны план: 7 тысяч чалавек расстраляць і 12 тысяч — выслаць у лагеры.
Але нам вядома пра тое, што першы сакратар кампартыі Беларусі Васіль Шаранговіч шыфратэлеграмай Маскве прасіў павялічыць ліміты па расстрэлах і высылцы.
«Прадстаўнікоў тэхнічнай інтэлігенцыі маглi караць не так жорстка»
Інжынеры, вынаходнікі таксама траплялі пад агульны каток. Але прадстаўнікоў тэхнічнай інтэлігенцыі часам каралі не так жорстка.
Прасцей было арыштаваць пяцярых паэтаў, чым пяцярых інжынераў, што працавалі на абаронных прадпрыемствах. Калі спыніцца цэлы канвеер фабрыкі, то гэта ўжо шкодніцтва. Пасадзіць ці расстраляць — вырашалі паводле таго, наколькі ключавой была пасада чалавека на вытворчасці.
1931 год можна лічыць знакавым з пункту гледжання рэпрэсій тэхнічнай інтэлігенцыі.
У той час трывала сфабрыкаваная справа Беларускага філіяла прампартыі — «контррэвалюцыйнай шкодніцкай дыверсійна-шпіёнскай арганізацыі».
Асноўны працэс прампартыі праходзіў у Расіі. Яе беларускі філіял «распрацоўвалі» і ў нас.
Гэта быў гучны судовы працэс над тэхнічнай інтэлігенцыяй, што працавала ў кіраўніцтве прамысловасцю БССР. Тады праз суд праходзіла каля 30 чалавек. Сярод іх — вядомыя асобы. Напрыклад, загадчык прамысловай секцыі Газплана Каплан, намеснік старшыні камітэта па хімізацыі народнай гаспадаркі Данцоў, загадчык планавага аддзела Белторфа Рагацкі.
Вышэйшую адукацыю мелі 9% асуджаных беларусаў
Толькі 9% асуджаных беларусаў мелі вышэйшую адукацыю, 7% — няпоўную сярэднюю, 34% — няскончаную пачатковую. І меркавалася, што гэтыя неадукаваныя людзі ствараюць шпіёнскія сеткі і вядуць антысавецкую прапагандысцкую працу.Адметная доля прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі — іх каля 1,5% ад усіх асуджаных. Але гэты паказчык варта інтэрпрэтаваць крыху па-іншаму. Справа ў тым, што ў той час на Беларусі працавала ўсяго 600 пісьменнікаў, паэтаў, крытыкаў, з іх праз рэпрэсіі прайшлі 89%.
(Вынiкае з аналiзу базы асоб, якія былі неабгрунтавана рэпрэсіраваны. Створаная на пачатку 1990-х Камітэтам па архівах і справаводстве. Уключае 180 тысяч iмёнаў.)
«Больш за палову навуковых супрацоўнікаў Акадэміі навук прайшлі праз рэпрэсіі»
Варта звярнуць увагу на лёсы супрацоўнікаў ключавой навуковай установы краіны — Акадэміі навук.
У 1937 годзе былі арыштаваны 143 навуковыя супрацоўнікі Акадэміі, а 42 з іх — асуджаныя на расстрэл.
Тут я згадаю вядомага навукоўца Яўгена Успенскага. Гэта знаны фізік свайго часу, прафесар, які нарадзіўся ў Вільні ў 1891 годзе, скончыў фізмат Маскоўскага ўніверсітэта, стаў дацэнтам кафедры фізікі педфака БДУ, у 1930-я гады стаў навуковым супрацоўнікам фізіка-тэхнічнага інстытута Акадэміі навук, з 1936 года быў загадчыкам кафедры фізікі Гомельскага педінстытута. У 1937 годзе арыштаваны, 28 кастрычніка асуджаны на расстрэл, расстраляны ў Мінску 29 кастрычніка 1937 года. Гэта адбылося ў тую знакамітую ноч, калі ў Мінскай унутранай турме НКУС было забіта 112 чалавек, у асноўным прадстаўнікоў інтэлігенцыі.
Калі звернемся да запіскі 1938 года наркама НКУС Наседкіна «пра шкодніцтва ў Акадэміі навук», то ён піша, што ў 1937-38 гадах у Акадэміі навук было арыштавана 57 агентаў замежных разведак, 22 падазраваліся ў гэтай дзейнасці, 80 іх блізкіх сваякоў былі пад падазрэннем, а 40 навуковых супрацоўнікаў траплялі пад пiльную ўвагу, бо былі «ўраджэнцамі замежных буржуазных краін».
У 1937-38 гадах да расстрэлу былі прыгавораныя 13 акадэмікаў і 7 членаў-карэспандэнтаў Акадэміі навук. Гэта, напрыклад, дырэктар Інстытута глебазнаўства Якаў Афанасьеў, дырэктар Інстытута педагогікі Павел Панкевіч, дырэктар Інстытута гісторыі Васіль Шчарбакоў.
Больш як 50% навуковых супрацоўнікаў Акадэміі навук прайшлі праз рэпрэсіі. Атрымліваецца так, што савецкая ўлада спачатку знішчыла самых значных навукоўцаў, якія паспелі заявіць пра сябе, у 1918 годзе, а ў 37-38 гады завяршыла гэты працэс і знішчыла нават тых, хто за гэтыя 20 гадоў паспеў выйсці з народа і хоць неяк развівацца ў навуковым рэчышчы. Якая логіка?
«Вынаходніцтвы даходзілі да канвеера ананімна, альбо іх распрацоўшчыкі знішчаліся»
За савецкім часам навуковец не меў свабоды. З аднаго боку, яго вынаходніцтвы ананімна выкарыстоўваліся для абароны краіны, гэтая галіна добра фінансавалася і сапраўды давала працу найлепшым спецыялістам. Але і тут маглі быць ідэалагічныя перашкоды для высокіх на той час тэхналогій.
Напрыклад, калі партыя вырашала, што падчас магчымай вайны стратэгічна важней выкарыстоўваць конніцу, а не танкі (так, гэта рэальны факт з судовай справы пра «Змову ў Чырвонай арміі» 1937-38 гадоў), тады пад рэпрэсіі траплялі распрацоўшчыкі перадавой зброі.
У лепшым выпадку вынаходніцтвы даходзілі да канвеера ананімна, а ў горшым — іх распрацоўшчыкі знішчаліся.
Больш за тое, цяпер можна натрапіць на судовыя справы, дзе вынаходніцтвы для паляпшэння працэсу вытворчасці ўспрымаліся як шкодніцтва. І такі інжынер-эксперыментатар мог атрымаць 10 гадоў лагераў.
На пачатку 1990-х у Беларусі Камітэт па архівах і справаводстве працаваў над стварэннем базы асоб, якія былі неабгрунтавана рэпрэсіраваны, а наступнымі гадамі рэабілітаваны. Працэс рэабілітацыі пачаўся ў 1953 годзе і доўжыўся да пачатку 2000-х.
У гэтай базе сёння — каля 180 тысяч прозвішчаў, каля 40% з іх асуджаныя за контррэвалюцыйныя злачынствы: шпіянаж, здраду радзіме, антысавецкую агітацыю і прапаганду.
‼️ Але колькасць 180 тысяч — тых, чые імёны мы ведаем — далёка не адпавядае сапраўднаму маштабу рэпрэсій. Лічыцца, што ў Беларусі за 1917–1953 гады было рэпрэсіравана каля 600 тысяч чалавек. З іх 250 тысяч рэпрэсіраваны па лініі несудовых органаў і 350 тысяч асуджаны ў адміністрацыйным парадку — гэта значыць, яны былі высланы на перыяд да 5 гадоў.
Але калі разглядаць не толькі расстрэл і зняволенне, а ўсе віды рэпрэсій (пазбаўленне выбарчых правоў, звальненне, забарону на ўступленне ў камсамол і піянеры дзецям здраднікаў радзімы (гэта было страшнае пакаранне на той час, калі ўсе былі піянерамі і камсамольцамі), забарону паступаць у ВНУ, займаць пэўныя пасады), то гаворка будзе весціся пра іншы парадак лічбаў — каля 1,5 — 1,6 млн.
Мы сёння не можам нават уявіць патэнцыял, які быў знішчаны фізічна, не кажучы пра тое, якія вынікі і прадукты працы гэтых людзей мы страцілі.
«Нам варта вярнуць забытыя імёны навукоўцаў з небыцця»
На пачатку 1990-х ішла работа па планамерным вывучэнні архіваў і вяртанні імёнаў. Акадэмія навук вывучала спадчыну сваіх папярэднікаў, тады паспелі выпусціць брашуру, дзе згадваліся лёсы 143 рэпрэсіраваных навукоўцаў.
Таксама ў той жа час пачаў працаваць вядомы даследчык сталінскіх рэпрэсій Леанід Маракоў, за гады сваёй працы ён паспеў выдаць чатырохтомны бібліяграфічны даведнік рэпрэсіраваных прадстаўнікоў інтэлігенцыі, дзе сабрана каля 20 тысяч прозвішчаў.
Сёння звесткі пра рэпрэсіраваных навукоўцаў ёсць, але не папулярызуюцца. Нават тыя імёны, якія мы ўжо ведаем, застаюцца толькі ў кнігах. База імёнаў 180 тысяч рэпрэсіраваных, перададзеная ў Нацыянальны архіў Беларусі, тры гады таму атрымала грыф службовага карыстання і сёння закрыта ў тым ліку для навукоўцаў.
Толькі адзінкі выкладчыкаў расказваюць пра гэты аспект нашай мінуўшчыны на занятках, называюць імёны рэпрэсіраваных навукоўцаў. Нават спецыялісты не ведаюць пра сваіх рэпрэсіраваных папярэднікаў.
Нам варта працаваць над тым, каб вярнуць забытыя імёны навукоўцаў з небыцця.
Складанасць у тым, што імёны навукоўцаў, вынаходнікаў адмыслова вымаліся з публічнай прасторы, іх не згадвалі ў падручніках, на іх даследаванні не спасылаліся, а вынаходніцтвы, як мы памятаем, выкарыстоўваліся ананімна.
Але мы можам паспрабаваць вярнуць з небыцця іх навуковыя артыкулы, манаграфіі, падручнікі. Зразумела, што сёння гэтыя набыткі могуць падацца састарэлымі, але яны нам патрэбныя для разумення асноў навукі, што закладаліся ў той час.
Але гэтай справай трэба займацца планамерна і мэтанакіравана, а сёння нават на ўзроўні Акадэміі навук няма супрацоўніка, які б даследаваў рэпрэсіі. Такія навукоўцы, як Леанід Маракоў, Таццяна Процька, Ніна Васілеўская тэмай займаюцца на ўзроўні прыватнай ініцыятывы.
З 1994 года ў Беларусі не абаронена ніводная дысертацыя пра рэпрэсіі.
Маладыя навукоўцы нават не разглядаюць гэты кірунак як перспектыўны, тэма выведзена з ліку значных і ўвогуле з кола магчымых. Падаецца, даследаваць ёсць што, ёсць нагоды паразважаць пра тыя навуковыя ідэі, задумкі, што так і не былі рэалізаваны.
Згадаю толькі той факт, што ў перадваенныя гады з сямі рэктараў БДУ былі рэпрэсіраваны шасцёра — Уладзімір Пічэта, Язэп Каранеўскі, Іван Ермакоў, Ананій Дзякаў, Уладзімір Бабраўніцкі, Нічыпар Бладыка. Пра іх не пішуць нават дыпломных работ і магістарскіх дысертацый, бо цэтлік «рэпрэсіраваны» нават сёння можа папсаваць рэпутацыю.
Тры лёсы выбітных навукоўцаў
Перапісваўся з Эйнштэйнам, кіраваў праектаваннем першай электрастанцыі ў Беларусі, вучыўся ў сусветнага лідара матэматыкаў свайго часу.
Цэлясцін Бурстын
Матэматык, доктар філасофіі. Нарадзіўся ў 1888 годзе ў Цярнопалі (на той час — тэрыторыя Аўстра-Венгрыі). Скончыў Венскі ўніверсітэт, быў сябрам Камуністычнай партыі Аўстрыі. Праз камуністычныя погляды мусіў пераехаць у Мінск.
Стаў загадчыкам кафедры вышэйшай матэматыкі БДУ. Пазней — дырэктар Фізіка-тэхнічнага інстытута Акадэміі навук БССР, акадэмік-сакратар Аддзялення прыродазнаўчых і матэматычных, прыродазнаўчых і тэхнічных навук Акадэміі навук. Перапісваўся з Альбертам Эйнштэйнам, напісаў адзін з першых падручнікаў для ВНУ па дыферэнцыяльнай геаметрыі на беларускай мове.
Арыштаваны 11 снежня 1937 года, асуджаны за «шпіёнскую дзейнасць на карысць Аўстрыі і Польшчы». Загінуў у мінскай турме НКУС 2 кастрычніка 1938 года. Яго сэрца літаральна не вытрывала катаванняў.
Абрам Каплан
Беларускі інжынер, эканаміст. Нарадзіўся ў 1884 годзе ў Мінску ў сям’і купца. Меў вышэйшую адукацыю, быў дырэктарам Трэста харчовай прамысловасці ў Мінску, пазней — старшыня прамысловай секцыі (аддзела) Дзяржплана. Кіраваў праектаваннем першай электрастанцыі ў Беларусі (каля Арэхаўска, Аршанскі раён Віцебскай вобласці).
Ён быў адным з тых, хто распрацоўваў парадыгму будаўніцтва заводаў і фабрык. Браў пад увагу найперш эканамічны фактар, звязаны з рэнтабельнасцю. Прынцып, распрацаваны Капланам, улічваў сыравінныя рэсурсы, блізкасць прадпрыемстваў да мэтавай тэрыторыі, наяўнасць кваліфікаванай працоўнай сілы і транспартнай інфраструктуры.
Арыштаваны 12 снежня 1930 года ў Мінску, асуджаны да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў за «антысавецкую дзейнасць». Вызвалены датэрмінова, але паўторна арыштаваны ў 1937-м. Этапаваны ва Ухта-Іжэмскі канцлагер НКУС Комі АССР.
Вызвалены ў 1939 годзе. У 1944 годзе вярнуўся ў Мінск, кіраваў вытворча-тэхнічным аддзелам Беларускага металічнага трэста, пазней — дацэнт кафедры тэхналогіі металаў Беларускага політэхнічнага інстытута. Памёр 16 красавіка 1971 года. Рэабілітаваны праз 18 гадоў пасля смерці — у 1989-м.
Уладзімір Дыдырка
Беларускі матэматык, прафесар. Нарадзіўся ў 1877 годзе пад Чаркасамі. Паходзіў са шляхецкай сям’і. Выпускнік Кіеўскага і Маскоўскага ўніверсітэтаў. Выкладаў у Мінскай мужчынскай гімназіі, Мінскім інстытуце народнай адукацыі, у БДУ.
Улетку 1928 года быў у навуковай камандзіроўцы ў Гётынгенскім універсітэце, дзе браў удзел у працы навуковага семінара Давыда Гільберта, які на той час быў прызнаным сусветным лідарам матэматыкаў. Аўтар першай манаграфіі па матэматыцы, што была надрукавана вучоным БДУ.
Арыштаваны 31 кастрычніка 1937 года. Асуджаны на смерць адмысловай нарадай пры НКУС як «агент германскай разведкі». Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1965 годзе.
Адметны факт: калі арыштоўвалі Дыдырку, яго жонка моцна плакала, біла кулакамі па сценах і клікала суседзяў на дапамогу. Супрацоўнікі спецслужбаў запомнілі праблемы, якія жанчына для іх стварыла, таму і яе адправілі ў лагер з асаблівымі «рэкамендацыямі». Яе хутка забілі.
Тэкст: Марына Весялуха
Фотаздымкі прадастаўлены Ігарам Кузняцовым