Ігар Кузняцоў: Раней з-за даносаў атрымлівалі кулю ў патыліцу, цяпер — штрафы ці суткі

Грамадзянін Прохараў за 1,5 месяца напісаў ажно 17 даносаў на даследчыка савецкіх рэпрэсій Ігара Кузняцова. На падставе гэтых каверзаў была распачата адміністрацыйная справа, паводле якой гісторыка аштрафавалі на 25 базавых. «30 гадоў я займаўся тэорыяй рэпрэсій і даносаў, а цяпер прыйшоў час практычных заняткаў», — сумна жартуе Ігар Мікалаевіч і распавядае пра тое, як пісалі даносы ў 1930-х.

298186_default_1.jpg


«За кожны пост я цяпер плачу дзяржаве па 70 долараў»

Грамадзянін Прохараў у заявах даводзіў, што Ігар Кузняцоў сваімі гістарычнымі публікацыямі на тэму рэпрэсій і Другой сусветнай вайны рэабілітуе нацызм і дыскрэдытуе ўладу. А калі гісторык у фэйсбуку апублічыў яго імя, той тут жа напісаў новы данос — маўляў, Кузняцоў раскрывае яго асабістыя звесткі, таму яго трэба прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

_m3wtc_1.jpg

У выніку на гісторыка завялі адміністрацыйную справу за рэпосты ў сацсетках паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП (Распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі). Першае судовае пасяджэнне прайшло 27 кастрычніка ў судзе Савецкага раёна Мінска. Але тады матэрыялы накіравалі на дапрацоўку ў РУУС. Другое ж пасяджэнне скончылася штрафам.
— Адзін з рэпостаў, які я зрабіў, гэта фатаграфія 1939 года Чырвонай арміі ў Заходняй Беларусі. Гэта экстрэмісцкі матэрыял? Другі — словы гісторыка Алеся Смаленчука пра тое, што з падзей у верасні 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. Гэта што, заклік да экстрэмізму? Трэцяя публікацыя тычылася рэакцыі Еўрапейскага саюза на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. Яшчэ быў пост са зваротам Анджэя Дуды са словамі падтрымкі беларускаму народу і публікацыя аб праблемах у беларускай адукацыі. Я падлічыў, што за кожны такі пост я цяпер плачу нашай дзяржаве па 70 долараў, — гаворыць гісторык.
Яго абурае павальнае прызнанне ўсіх матэрыялаў пэўных рэсурсаў экстрэмісцкімі без якой-кольвечы экспертызы. Канешне, ніхто не гарантуе яе аб’ектыўнасці, але нават фармальная працэдура не выконваецца.

Данос і інфармаванне — не адно і тое ж

Адметна, што нядаўна Ігара Кузняцова звольнілі з БДУ, не працягнуўшы кантракт. Даследчык адпрацаваў там 23 гады, але канец гэтай працоўнай гісторыі паклаў, фактычна, той жа данос — артыкул Андрэя Мукавозчыка ў газеце «Советская Белоруссия».
Кузняцоў зазначае, што данос як з’яву перамагчы, бадай, немагчыма. Яна ёсць заўсёды ў любых грамадствах. Дый нядаўна злітая хакерамі база МУС з зафіксаванымі ў 2020 годзе зваротамі «неабыякавых грамадзян» таму пацверджанне.
— Што, у той жа Германіі даносаў няма? Ёсць. Але існуе розніца паміж даносам і інфармаваннем, калі вы бачыце парушэнне закона і паведамляеце пра яго з мэтай праверкі. Тады гэта нясе карысць. Але «мой» даносчык паведамляе не з мэтай праверкі, ён патрабуе прыцягнуць мяне да строгай адказнасці. І калі яму адмаўляюць, ён піша скаргі ў пракуратуру і Следчы камітэт, каб дасягнуць сваёй мэты — знішчыць чалавека.
Для чаго гэта робіцца, Ігар Кузняцоў адказаць не можа. Ён нават не знаёмы з чалавекам, які піша на яго даносы. Не бачыў ён яго і на судзе: даносчык не з’яўляецца ўдзельнікам судовага працэсу, таму не абавязаны прысутнічаць на пасяджэнні.
— Я магу патлумачыць гэта тым, што мае гістарычныя публікацыі, звязаныя з вайной і рэпрэсіямі, выклікаюць нянавісць. Альбо чалавек проста хворы, і ён атрымлівае задавальненне ад таго, што робіць камусьці балюча, – разважае гісторык над матывамі напісання на яго даносаў.
Па інфармацыі Ігара Кузняцова, ён — не адзіная ахвяра гэтага чалавека. Гісторыку вядома пра дзяўчыну, якая па яго ж даносе ўжо некалькі месяцаў сядзіць у магілёўскім СІЗА за «абразу прэзідэнта».
— Я не здзіўлюся, што цяпер ён пачне пісаць скаргі на тых, хто вёў следства, за надта мяккае пакаранне для мяне, — зазначае суразмоўца.

Адзіны сродак супраць даносніцтва — публічнасць

Штраф Ігар Кузняцоў абскарджваць не будзе. Не таму, што згодны з пакараннем, а таму, што перакананы: шанцаў на яго адмену ў цяперашніх варунках няма.
— Я гэта ўспрымаю так: 30 гадоў я займаўся тэорыяй рэпрэсій і даносаў, а цяпер прыйшоў час практычных заняткаў для мяне.
Даносы ламаюць лёсы людзей і сродкаў для змагання з гэтай з’явай не так шмат. Дакладней, Ігар Кузняцоў называе толькі адзін — публічнасць.
— Калі прозвішчы даносчыкаў будуць з’яўляцца ў публічнай прасторы, калі пра іх будуць даведвацца сябры, знаёмыя, кліенты — гэта тое, што можна рабіць у рамках закона, не парушаючы пры гэтым заканадаўства аб персанальных звестках. Варта гаварыць пра тое, што іх дзеянні амаральныя. Я заўжды стаўлю пытанне так: «А калі з табой так абыдуцца, табе будзе добра?»
Ёсць знакамітая фраза Даўлатава пра тое, хто напісаў чатыры мільёны даносаў (хаця гэта літаратурны прыём, бо насамрэч ніхто не ведае, колькі даносаў было напісана ў сталінскія часы). Так, у 1930-х гадах даносчыкаў было больш, але ж мы жывём у іншы час і імкнемся да таго, каб мінімізаваць гэтую з’яву. Грамадства павінна змагацца з ёй хаця б у публічнай прасторы. Цяпер за данос можна атрымаць штраф ці суткі, а калі яно не будзе гэтага рабіць, мы будзем скатвацца ў тыя гады, калі за гэта атрымлівалі кулю ў патыліцу ці 25 гадоў лагераў.
Але тое, што яны (даносчыкі. — НЧ) робяць, не застанецца ў цені, а стане вядома — не сёння, дык заўтра, — перакананы Ігар Кузняцоў.

Чым большыя рэпрэсіі, тым больш даносаў

Гісторык зазначае, што комплексна тэму даносаў ніхто не вывучаў, дый адкрытай статыстыкі па ёй няма.
— Калі я пісаў дысертацыю ў Заходняй Сібіры, то склаў мартыралог ураджэнцаў Заходняй Беларусі, якія былі рэпрэсаваныя на тэрыторыі Томскай вобласці. Там фігуруе прыкладна 1430 прозвішчаў. З іх мне ўдалося ўбачыць каля 250 спраў людзей, рэпрэсаваных з 1929 па 1941 гады. Прыкладна ў 20% з гэтых 250 спраў утрымліваюцца прамыя даносы. Прыкладна 30-35% даносілі ў ходзе следства пад псіхалагічным і фізічным уздзеяннем. А хтосьці даваў паказанні на іншых добраахвотна. І агулам па вывучаным мной фрагменце — гэтых 250 справах — атрымліваецца, што недзе 45-55% людзей былі арыштаваныя па даносах. А калі браць перыяд 1937-1938 гадоў, то гэтая лічба можа даходзіць да 70-80%.
Але паўнавартасна даследаваць гэтую тэму немагчыма, бо беларускі архіў КДБ закрыты, а ў Расіі справы рэпрэсаваных можна вывучыць хіба фрагментарна.


Аднак пэўныя пікі даносніцтва ў гісторыі ХХ стагоддзя прасачыць можна. Так, па словах Ігара Кузняцова, найбольш актыўна даносы пісалі падчас калектывізацыі ў 1929-1932 гадах, потым у сувязі з забойствам Кірава пачынаецца ажыятаж вакол «ворагаў народа» ў 1934-1935 гадах. Але апафеоз прыпадае на перыяд са жніўня 1937 па сакавік 1938 года.
— Адназначна мы можам казаць толькі пра тое, што калі рэпрэсіі дасягалі апагею, колькасць даносаў узрастала. Падчас піку рэпрэсій у 1937-1938 гадах дастаткова было проста напісаць данос, і ніхто ў гэта не ўнікаў. З арыштаваных выбівалі паказанні на 10 іншых чалавек. Але рэкорд, які я сустракаў, гэта калі адзін чалавек даў паказанні на 354 іншых чалавекі. Вядома, не добраахвотна.

Калі б не было даносаў, 1937-мы ўсё роўна адбыўся б

Ігар Кузняцоў класіфікуе даносы паводле матываў. Першая катэгорыя — даносы бескарыслівыя.
— Тыя, хто быў натхнёны савецкай уладай — а такіх была большасць — рабілі гэта з абсалютна бескарыслівых памкненняў дапамагчы органам НКВД выявіць ворагаў народа. Яны нават не атрымлівалі за гэта асобай узнагароды — магчыма, заахвочвалі хіба перадавікоў.
Другая катэгорыя даносаў — карыслівыя, якія былі накіраваныя на абарону асабістых інтарэсаў. Напрыклад, напісаў данос на суседа па камунальнай кватэры з разлікам заняць яго пакой, калі таго забяруць. Тут, праўда, шанцавала не ўсім: нехта пакой атрымліваў, а нехта не.  
— Але паводле сваіх даследаванняў я прыходжу да высновы, што ў асноўным гэта былі бескарыслівыя даносы, а таксама працавала штатная агентура — завербаваныя паведамляльнікі, якія былі на кожным прадпрыемстве, арганізацыі, калгасе.


Па назіраннях Ігара Кузняцова, сучасныя даносчыкі, як і ў 1937-м, збольшага дзейнічаюць бескарысліва. Паралелі можна правесці і па форме даносаў: у 1930-х часам яны выглядалі як «паласканні» на партыйных сходах ці ў газетах (менавіта гэта і адбылося сёлета з самім Кузняцовым, з той толькі розніцай, што ў 1937-м расстрэльвалі, а цяпер проста не працягнулі кантракт). Тыя ж «спісы нядобранадзейных», якія цяпер складаюць на прадпрыемствах, — таксама форма даносаў. Але сённяшняе даносніцтва — яшчэ не сістэма, як гэта было ў мінулым стагоддзі, а пакуль толькі ініцыятыва прыватных асоб. І грамадству цяпер важна не дапусціць, каб гэта стала сістэмай.
— Але галоўнае пытанне: ці быў бы 1937 год, калі б не было даносаў? Усё адно быў бы. Проста даносы паскаралі працэс і спрашчалі працу супрацоўнікам НКВД. Нават з той прычыны, што пасля загаду Яжова 00447 ад 30 ліпеня 1937 года па рэспубліках і абласцях даваліся разнарадкі па першай катэгорыі (расстрэл) і па другой катэгорыі (не менш за 10 гадоў лагераў). Колькасныя паказчыкі задаваліся, і на месцах іх толькі трэба было запоўніць канкрэтнымі прозвішчамі, — перакананы Ігар Кузняцоў.