Сталінскі данос – як гэта? АртэФАКТ
Як мы ўяўляем сабе даносы ў часы Сталіна? Цыдулка, незаўважна падкінутая ў паштовую скрыню на будынку НКУС? Альбо «заява» перададзеная сексотам свайму куратару? Вусная інфармацыя?.. Часам, адказ даюць дробныя артэфакты, якія характэрызуюць эпоху лепш за статыстычныя лічбы са шматлікімі нулямі…

У прыватнай калекцыі аднаго з мінскіх збіральнікаў сёння захоўваецца цікавая паштоўка 1929-га году. Дзвухмоўны бланк, па-руску і па-беларуску. Адпраўлена з Капцэвічаў, што пад Петрыкавым на Гомельшчыне. Атрымальнік — дырэктар Горінстытуту ў Свярдлоўску, РСФСР.

Тэкст — зусім не віншаванне, не пытанні пра здароўе і справы, не расповед пра сябе, зусім не. На картцы, якая пасылалася адкрыта, без канверту, а тэкст мог прачытаць кожны пачтальён, ідзецца пра … «вызваленне ад чужых элементаў»:

Прозвішча адпраўніка на картцы няма, пазначаны адно адрас горсавета Петрыкава. Цікава, што на картонцы ёсць некалькі слядоў праколаў: найхутчэй данос быў прыколаты да асабістай справы студэнта.
Хто ж такі Айзік Шапіра і як склаўся ягоны лёс? На Гомельшчыне Шапіраў багата, шмат з іх напярэдадні рэвалюцыі сапраўды займаліся дробным і буйным бізнэсам. Айзік, герой ліста, як апынулася, нарадзіўся ў Петрыкаве ў 1906-м годзе, бацька — Бенецыён, маці — Сара (у дзявоцтве Розэнштэйн). Інфармацыі менавіта аб “лясным магнаце” Бенецыёне Шапіра — няма, таму даносчык мог наўпрост яе …выдумаць, альбо — пераблытаць аднаго Шапіру з іншым.
Інфармацыі пра арышт Айзіка мы не маем. Нават пра выключэнне з інстытуту — нічога. Разам з тым, можна меркаваць, што Айзік Бенецыёнавіч… працягнуў навучанне, бо на момант пачатку вайны — быў ужо дацэнтам. Магчыма, дырэктар наўпрост прыхаваў ананімку на студэнта-выдатніка, каб не псаваць таму жыццё. Справа рызыкоўная, але не фантастычная: людзі ёсць паўсюдна.

Айзік Бенецыянавіч Шапіра, фота 1943 году
Фінал гісторыі, без якога яна была б няпоўнай — смерць героя гісторыі. Загінуў Айзік Шапіра 3 верасня 1943 году на Паўднёвым фронце каля в. Паўлава, пасля перапахаваны ў Данецкай вобласці. Ён служыў лейтэнантам, камандаваў арудзіем у Кубанскай казачай частцы. Вось такі «чужы элемент»…
P.S. Артэфакт апынуўся ў Беларусі выпадкова пару год таму. Яго прывезлі з Екацерынбургу, былога Свярдлоўска. Магчыма, картку наўпрост выкінулі падчас чысткі мукулатуры ў інстытуце…