Ад Сакартвела да Залатой Арды: як могуць змяніцца назвы постсавецкіх краін?
Назва Грузіі па-літоўску ад 4 мая гучыць як «Сакартвела» — так самі грузіны цяпер называюць сваю краіну. Якія яшчэ постсавецкія дзяржавы хочуць адмовіцца ад назвы, што замацавалася ў часы Расійскай імперыі ці СССР?
Лагічна будзе пачаць з самой Літвы. Праўда, тут пакуль паўстала дыскусія выключна пра змену англамоўнай назвы краіны — з Lithuania на Lituania. Лабістамі зменаў выступаюць эканамісты, якія кажуць, што цяперашняя назва краіны з'яўляецца цяжкай для неангламоўных людзей. Часам іншаземцы не могуць нават вымавіць назву дзяржавы. Гэта дрэнна адбіваецца на пазнавальнасці краіны ў свеце. У якасці прыкладу ўзгадваюць Эстонію, якая яшчэ ў 1921-м перайшла з Esthonia на Estonia.
Калі ў Літве ўсё пакуль на ўзроўні дэбатаў экспертаў, то ва Украіне пытанне рэбрэндынгу краіны абмяркоўваецца ў самых высокіх эшалонах улады. Часцей за ўсё прапануецца дадаць да назвы Украіны слова «Русь». Ідэя таксама не новая. Тэзіс пра існаванне тысячу гадоў таму дзяржавы «Русь-Украіна» належыць вядомаму гісторыку Міхаілу Грушэўскаму, піянеру ўкраінскай дзяржаўнасці. З пачаткам канфлікту з Расіяй пра канцэпты Грушэўскага зноў узгадалі. Лічыцца, што новая назва падкрэсліць гістарычную незалежнасць ад Расіі, якую, у сваю чаргу, прапаноўваецца называць «Масковіяй». У 2016-м справа дайшла да канкрэтнага законапраекту, які, аднак, не дапусцілі да абмеркавання. Магчыма, дэпутатаў збянтэжыў пункт пра тое, што пасля прыняцця закону слова «Расія» на ўкраінскай тэрыторыі павінна было пазначаць Украіну.
Наступная краіна, дзе кажуць пра новую назву, — Малдова. У Малдове гучаць заклікі далучыць да назвы краіны дадатак «Бесарабія». Справа ў тым, што Малдова — краіна шматнацыянальная, але самі малдаване лічацца этнічнай групай. І калі мы гаворым «малдаване», то кажам пра асобную этнічную групу (румынскую). Гагаузы, рускія, украінцы і балгары ўспрымаюцца як адрозныя ад «малдаван» этнасы. Такая формула ўкаранілася ў грамадскай свядомасці. «А вось тэрмін «бесарабец» можа з'явіцца кансенсусным для ўсіх этнічных і палітычных катэгорый. Нават выкарыстанне паняцця «бесарабская нацыя» будзе ўспрымацца нармальна», — кажуць аматары змены назвы.
У Арменіі таксама даўно прапануюць змяніць назву краіны. З такой ініцыятывай у мінулым годзе выступіў міністр адукацыі і навукі Армен Ашацян. На думку чыноўніка, дзяржаву варта называць «Рэспубліка Усходняя Арменія». Справа ў тым, што гістарычную Арменію прынята падзяляць на Усходнюю і Заходнюю. Усходняя ўваходзіла ў склад Персіі, а з пачатку XIX стагоддзя стала правінцыяй Расійскай імперыі. На частцы Усходняй Арменіі была створаная спачатку Армянская Рэспубліка, а пазней і Армянская ССР — падмурак цяперашняй Арменіі. Заходняя Арменія цяпер уваходзіць у склад Турцыі.
Раней з падобнай ініцыятывай перайменавання выступалі дэпутаты ў Азербайджане. Яны прапаноўвалі перайменаваць рэспубліку ў Паўночны Азербайджан, каб нагадаць, што населеныя азербайджанцамі тэрыторыі ўваходзяць і ў склад паўднёвага суседа — Ірана.
Кіраўнік Казахстана Нурсултан Назарбаеў у 2016-м таксама прапанаваў падумаць наконт перайменавання краіны. На яго погляд, краіна можа называцца «Kазак Елі» (Краіна Казахаў). Ініцыятыву адразу ж падхапіла асяроддзе лідара, якое пабачыла ў гэтым праяву генія Елбасы. Далучыліся да дыскусіі і блогеры, якім падабалася назва «Казахская Арда». Аднак паколькі сам Назарбаеў да тэмы больш не вяртаўся, праблема перайменавання Казахстану знікла з палітычнай павесткі дня.
Не абышла мода на новыя назвы і Узбекістан. Некаторыя ўзбекі мяркуюць, што іх краіна магла б называцца «Залатая Арда». Праўда, далей за акадэмічныя колы дэбаты на гэты конт не выйшлі. Таму яе ўдзельнікі дазваляюць сабе выяўляць самыя беспрэцэдэнтныя геапалітычныя амбіцыі. Аўтар залатаардынскага праекту, Рустамжан Абдулаеў сцвярджае, што Узбекістан, атрымаўшы новую назву, аўтаматычна стане правапераемнікам часткі краін СССР, якія паўсталі на землях Залатой Арды. Сярод краін, на тэрыторыю якіх павінен прэтэндаваць Узбекістан, ён называе Расійскую Федэрацыю, Казахстан, Кіргізію, Таджыкістан і Туркменію.
Напэўна, самыя незвычайныя аргументы за перайменаванне гучаць у Кыргызстане. Прыхільнікі змены назвы краіны лічаць цяперашнюю назву няўдалай, паколькі за мяжой Кыргызстан блытаюць з Курдыстанам. Акрамя таго, постфікс «стан» стварае асацыяцыі з Афганістанам і іншымі краінамі, дзе амаль 40 гадоў пануе палітычны хаос. І якая ж альтэрнатыва Кыргызстану? Альтэрнатыва назва — «Кыргызжэр» («жэр» па-кіргізску — «зямля»). Іншы варыянт новай назвы — Рэспубліка Фергана. Фішка ў тым, што Ферганская вобласць, як лічаць аўтары ідэі, была ядром Какандскага ханства — першай у гісторыі дзяржавы кіргізаў.
Некаторыя расіяне таксама незадаволеныя назвай «Расійская Федэрацыя». Той жа скандальны Уладзімір Жырыноўскі, які прапанаваў паставіць «палову свету на калені», перайменаваўшы краіну ў Расійскую імперыю.
Напрыканцы варта адзначыць, што тапанімічныя змены — складнік любой дэкаланізацыі. Нездарма практычна ўсе былыя еўрапейскія калоніі пасля абвяшчэння незалежнасці намагаліся пазбавіцца каланіяльнай тапанімікі, і гэты працэс не скончыўся дасюль. У гэтым плане дэбаты пра новыя назвы краінаў экс-СССР — рэч цалкам натуральная. З іншага боку, вельмі часта пераход на новую назву краіны падаецца яе насельніцтву як панацэя ад усіх праблемаў.