Чырвоны тэрор: Беларусь выратавала акупацыя

У адказ на забойства старшыні Петраградскага ЧК Урыцкага і замах на Леніна 5 верасня 1918 года пастановай СНК РСФСР быў афіцыйна абвешчаны Чырвоны тэрор. З гэтага моманту гісторыя былой царскай Расіі пайшла так, як пайшла. Беларусь з гэтага працэсу амаль выслізнула. На жаль, ненадоўга.

balszavizm_logo_1.jpg

Гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, што такое Чырвоны тэрор. Адны лічаць, што ён — крайняя, вымушаная, ахоўная мера ў адказ на Белы тэрор і міжнародную інтэрвенцыю. Іншыя разглядаюць гэта паняцце ў больш шырокім сэнсе: як комплекс карных мер, якія праводзіліся бальшавікамі падчас Грамадзянскай вайны супраць сацыяльных груп, абвешчаных класавымі ворагамі, а таксама супраць асоб, якія абвінавачваліся ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Чырвоны тэрор быў сродкам застрашвання як антыбальшавіцкіх сіл, так і насельніцтва, што не прымала ўдзелу ў грамадзянскай вайне.
Беларускі гісторык, даследчык сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў ідзе зусім далёка — у паняцце і часовыя рамкі Чырвонага тэрору ён уключае ўсе рэпрэсіі, называючы масавыя пакаранні 1937–1938 гадоў толькі наступным этапам Чырвонага тэрору.
Мы сустрэліся з Ігарам Мікалаевічам пасля таго, як стала вядома аб непрацягненні з ім кантракта ў БДУ. Дацэнт, кандыдат гістарычных навук, які выкладаў ва ўніверсітэце 23 гады, раптам стаў непатрэбным навучальнай установе. Больш за тое, напярэдадні ў «СБ. Беларусь Сегодня» выйшаў артыкул сумнавядомага Мукавозчыка, прысвечаны непасрэдна Кузняцову. Таму не правесці паралелі таго часу і цяперашняга Кузняцоў проста не мог.

kulackie_vysylki5_1.jpg


Этапы вялікага шляху

— Рэальна трэба вярнуцца да храналогіі падзей, — разважае Ігар Кузняцоў. — Кастрычніцкі пераварот, 20 снежня 1917 года ствараецца Надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй, сабатажам і злачынствамі па пасадзе (ЧК). Уласна, ужо на гэтым этапе, з 20 снежня, ЧК атрымлівала паўнамоцтвы на правядзенне — без усялякіх судовых працэдур — заключэнняў у лагеры і канфіскацыі маёмасці, арыштаў. Але: акрамя вышэйшай меры пакарання. У кастрычніку 1917 года бальшавікі адмянілі смяротнае пакаранне.
Потым, у чэрвені 1918 года, смяротная кара была адноўлена. Але гэта не азначае, што ЧК з моманту яе стварэння і да чэрвеня 1918 года не ўжывала гэтыя метады. Яны ўжываліся, тым больш, ва ўмовах ваеннага становішча, — тут былі і ваенныя трыбуналы, і пазасудовыя пакаранні. Урэшце, ніхто гэта не пратакаліраваў, і мы не можам нават сказаць рэальна, па нейкіх дакументах, колькі было ахвяр. Толькі асобна: «Групу 52 чалавекі расстралялі там», «40 чалавек расстраляна там», і гэтак далей.
Падставай да пачатку Чырвонага тэрору сапраўды стала забойства старшыні Петраградскага ЧК Урыцкага. Нібыта ў адказ на гэта быў разгорнуты Чырвоны тэрор. Але не забілі б Урыцкага — тэрор усё роўна быў бы развязаны.

teror1_logo_1.png


Такая паралель: другому этапу Чырвонага тэрору папярэднічалі падзеі 1934 года — забойства Кірава, увядзенне надзвычайнага становішча, пазасудовы разгляд спраў і вынясенне смяротных прысудаў, стварэнне «адмысловай нарады», «троек», «двоек». А потым — 1937–1938 гады, пік другога этапу Чырвонага тэрору.

Адукацыя як прычына расстрэлу

— 5 верасня 1918 года быў прыняты дэкрэт УЦВК і адначасова пастанова Савета Народных Камісараў, якія прадугледжвалі для ўсіх непажаданых па класавай прыкмеце зняволенне ў канцэнтрацыйныя лагеры, увядзенне расстрэлаў, у тым ліку — было так і напісана — за прыналежнасць да белагвардзейскіх арганізацый, мецяжоў і змоў. То-бок, можна было прышпіліць да абвінавачання каго заўгодна, нават без дакладных прыкмет злачынства — здзяйснення тэрарыстычнага акту, забойства прадстаўнікоў савецкіх партыйных органаў і гэтак далей. Абсалютна гэтай пастановай былі развязаныя рукі.
І быў абвешчаны вядомы прынцып, што «мы не вядзем барацьбу супраць канкрэтнага чалавека, мы знішчаем як клас буржуазію і яе памагатых». Гэта значыць — толькі масавы тэрор.

demonstraciia_t_650x433.jpg


Але ён тычыўся не толькі буржуазіі. Гэта і афіцэрства, дваранства, інтэлігенцыя, — усе, хто падыходзіў пад паняцце «класавага ворага». Я ў архівах знаходзіў спецыяльную анкету з, па-мойму, 30 з чымсьці пазіцый. Надрукаваная друкарскім спосабам, і ўсе гэтыя пункты: у якой партыі былі, якую маёмасць мелі, якое выхаванне, адукацыя. Калі афіцэр — дзе служыў. Гэтая анкета была фактычна прысудам. Адукацыя якая? Кадэцкая вучэльня? Усё, больш ніякага крытэру для расстрэлу не трэба.
Да якога класа належыць? Адукацыя? Выхаванне? Прафесія? Гэта з’яўлялася асноватворнай падставай аж да вышэйшай меры пакарання. Гэта значыць, не канкрэтна дзеянні, а проста прыналежнасць.
І таму маштаб Чырвонага тэрору дагэтуль спрэчны. Афіцыйная лічба — з 1918 па 1922 год расстраляна 140 тысяч чалавек. Але гэта ніжняя планка, супраць якой ніхто не спрачаецца. Даследчыкі кажуць так: ад 140 — 500 тысяч (вялікі дыяпазон, вельмі цяжка ўсталяваць — дакументы не захаваліся) да двух мільёнаў.

Беларусь выратавала акупацыя?

— Што выратавала Беларусь ад Чырвонага тэрору? У той час Беларусь была пад часовай акупацыяй нямецкімі войскамі. ЧК не дзейнічала ў нас у гэты час. Толькі пачалі ствараць органы ЧК у Беларусі, як 1918 год, потым 1919–1920 гады, нямецкая акупацыя змянілася польскай. І таму, калі на тэрыторыі РСФСР ЧК на ўсю моц шчыравала, то нашая тэрыторыя была фактычна недасяжная.
Нават у перыяд паміж нямецкай і польскай акупацыямі, калі ствараліся органы савецкай улады, ЧК вялікай дзейнасці правесці не паспела.
Мы таксама можам казаць, што ў чэрвені 1919 года была прынятая пастанова УЦВК аб стварэнні лагераў прымусовых работ. У ёй было сказана, што пры кожным губернскім горадзе ствараецца лагер ёмістасцю не менш за 300 чалавек. У Беларусі губернскіх гарадоў было няшмат, і мы ведаем пра існаванне такога лагера, напрыклад, у Барысаве.
У нас часовыя рамкі дазволілі знізіць колькасць ахвяр, і расстрэлаў, якія праводзіла ЧК у Расіі, фактычна не было. У большай форме была ізаляцыя ў лагеры працоўных работ, высылка ў аддаленыя раёны РСФСР. У Беларусі хваля Чырвонага тэрору пайшла са спазненнем амаль у два гады, і яна не была такой жорсткай з пункту гледжання правядзення экзекуцый і расстрэлаў.

У адказ на што?

Бальшавікі заўсёды казалі, што Чырвоны тэрор быў адказам на Белы тэрор. Але, калі пачаўся Чырвоны тэрор, Белага тэрору як такога не існавала! Былі адзінкавыя выпадкі: узялі горад, расстралялі камуністаў, актывістаў — гэта, вядома, было. Але не ў такім маштабе, калі бальшавікі, напрыклад, пры адступленні расстрэльвалі ўсіх палітычных зняволеных. Тое ж самае было, калі пачалася вайна 1941 года: калі крымінальных з турмаў проста выпускалі, палітычных — расстрэльвалі.
Але я паўтаруся, што Чырвоны тэрор 1918–1922 гадоў — гэта першы этап. Праз суды, ваенныя трыбуналы да смерці ў той час прысуджаліся адсоткаў 30 пакараных. І калі мы возьмем пік другога этапу — там нават па афіцыйнай базе на судовыя рашэнні прыходзіцца 7% прысудаў. 93% — у пазасудовым парадку: праз «двойкі», «тройкі» НКУС і «адмысловыя нарады». Праз тое, што было апрабавана ў перыяд 1918–1922 гадоў.
Сталінскі тэрор грунтаваўся на тэроры, які праводзіўся непасрэдна пад кіраўніцтвам Леніна.
А яшчэ кажуць, што быў тэрор і да 1917 года. Кажуць пра «сталыпінскі тэрор», пра «Мікалая крывавага» і гэтак далей.

І вось афіцыйныя лічбы для параўнання: з 1825 года, з паўстання «дзекабрыстаў», да 1905 года, пачатку першай рэвалюцыі, па палітычных матывах да смяротнага пакарання ў Расійскай імперыі было прысуджана 645 чалавек, а рэальна расстраляна — 190. З 1905 па 1910 гады, гады, якія называюць «сталыпінскай рэакцыяй», да смерці было прыгаворана каля 5500 чалавек. З іх рэальна пакарана прыкладна 3700. Бальшавікі ў перыяд Чырвонага тэрору па краіне за адзін дзень (!) знішчалі больш, чым за пяць гадоў «сталыпінскай рэакцыі»!

Таму чырвоны тэрор — гэта была тэорыя знішчэння класавых праціўнікаў незалежна ад таго (яшчэ раз падкрэслю), здзяйснялі яны якія-небудзь дзеянні ці не.
Так, часта кажуць, што гэта быў перыяд Грамадзянскай вайны, у адных маёмасць адабралі, іншыя яе абаранялі ... А 1937-мы — адкуль столькі ворагаў народа? Мільёны ў ГУЛАГу, ад 680 тысяч расстраляных паводле афіцыйных звестак, і да 4 мільёнаў паводле неафіцыйных. Што гэта за ворагі? Бо класавыя ворагі знішчаліся ў першы перыяд Чырвонага тэрору, у перыяд калектывізацыі, пасля забойства Кірава ў 1934 годзе...

orig_45_1.jpg.crdownload


У 1937 годзе у ліку рэпрэсаваных да 85%, а часам да 90% займаюць звычайныя сяляне, рабочыя, хатнія гаспадыні, прыватныя ўласнікі, як мы гаворым цяпер, «індывідуальныя прадпрымальнікі». Гэта значыць, знішчалі людзей ужо проста ў планавым парадку. Не таму, што была пагроза савецкай уладзе, а таму, што прыходзіла разнарадка.
Калі была рэабілітацыя, у хрушчоўскі перыяд і пасля, са 100 перагледжаных спраў парадку 88–90 пісалі фармулёўку «за адсутнасцю складу злачынства». У людзей, якіх арыштавалі, расстралялі, выслалі, пасадзілі ў лагеры на дзясяткі гадоў, не было правіны перад савецкай уладай! Наадварот, яны былі ў асноўным прыхільнікамі савецкай улады, гэткія «ябацькі» таго перыяду. Ён крычыць: «Я за таварыша Сталіна!». А яму адказваюць: «Нічога, у нас разнарадка».

Супраціў — пад корань

Ці быў супраціў тэрору? Так, быў, і спачатку — даволі актыўны. Гэта і сялянскія бунты, і Кранштацкае паўстанне. Калі ўзяць Беларусь, то толькі на тэрыторыі Віцебскай вобласці было больш за 30 выступленняў таго перыяду. А Слуцкі збройны чын? Супраціў быў і на ўзроўні арганізаваных груп, і на ўзроўні асоб.
Калі мы возьмем другі перыяд тэрору, то я прыйшоў да высновы, што калі мы кагосьці адносім да актыўнага супраціву, хто сапраўды мог выйсці і сказаць «Далоў савецкі рэжым» або ствараў групу супраціву, то іх было, па маіх падліках, у межах 2–3%. Амаль на ўзроўні статыстычнай хібнасці. Таму што за папярэднія гады каго выслалі, каго знішчылі, каго, як цяпер у дачыненні да мяне піша «СБ. Беларусь сегодня», «пад плінтус гада загнаць, і не проста загнаць, а потым яшчэ выкалупаць і знішчыць». Вось гэтая методыка — на сабе адчуваю.
У перыяд 1918–1922 гады быў актыўны супраціў, тады была вайна, баявыя дзеянні на франтах, шмат хто служыў у царскай арміі — яны выступалі актыўна. Пра 1937 год мы ўжо сказалі, у савецкі час былі адзінкавыя дысідэнты.
Сёння, я лічу, у выніку акцый і застрашвання і пасадак, актывістаў таксама амаль зраўнялі з асфальтам.Але гэта — толькі знешняе. Унутрана чалавека сёння зламаць нельга, асабліва калі ён мае доступ да розных крыніц інфармацыі, яго немагчыма прымусіць глядзець БТ (хоць і ёсць вялікае жаданне), прымусіць чытаць «СБ». Падзенне тыражоў кажа, што нават прымусовая падпіска, якая заўсёды была, таксама не спрацоўвае.У гэтыя рамкі немагчыма загнаць нават школьніка. Немагчыма прымусіць думаць так, як хоча ўлада, прымусіць хадзіць строем. Але яны спрабуюць рэанімаваць старыя прыёмы, якія дзейнічалі ў 1930-я.

_000026__logo_2.jpg


Але важна падкрэсліць адзін момант: тады была савецкая ідэалогія, і большасць людзей хоць бы дапускалі, што калісьці будзе камунізм, будзе багацце, яны ў гэта верылі ў прынцыпе. І на гэтым фоне палітінфармацыі дасягалі пэўнага эфекту, хоць і не для ўсіх. Сёння — немагчыма гэта рабіць, і гэта, наадварот, выклікае пачуццё непрымання. Гэта мы добра разумеем. Але іншы бок гэтага не хоча разумець. І нават у 1937-м тыя праблемы не ўдалося вырашыць, і Савецкі Саюз пры ўсёй яго моцы праіснаваў усяго 70 гадоў — не 700 і не 7000.

«Рэлакацыя» ХХ стагоддзя

Яшчэ адзін спосаб пазбегнуць Чырвонага тэрору — эміграцыя. Калі ствараецца новая дзяржава, яшчэ няма жорсткіх межаў, і таму рэальная магчымасць выехаць была з кастрычніка 1917 да сярэдзіны 1918 года. Нават калі разгарнуліся падзеі грамадзянскай вайны, магчымасць з’ехаць з краіны была. Але большасць лічыла, што бальшавікі доўга не пратрымаюцца, і таму адносна масавага адтоку не было.
Так, некаторыя проста не скарысталіся гэтай магчымасцю. І тыя, хто не скарыстаўся — іх знішчыла хваля тэрору і грамадзянская вайна, або іх потым дастала другая хваля тэрору 1937–1938 гадоў.

emigration3.jpg


Была і прымусовая высылка з краіны, — так званыя «філасофскія параходы», калі высылалі шмат каго, выпіхвалі з Савецкай Расіі... Большасць з іх ехаць не хацела. Яны верылі, што адаптуюцца да ўлады, што гэта «мая Радзіма», што гэта часовы перыяд, і гэтак далей. А ў перыяд 1924–1925 гадоў ужо мяжа ахоўвалася, і магчымасць сысці або афіцыйна выехаць мелі адзінкі, дзясяткі, сотні, але не тысячы і не дзясяткі тысяч. То-бок, бальшавіцкая палітыка высылкі непажаданых насіла абмежаваны характар, і хто застаўся — фактычна ўсё, 90–95% — сталі ахвярамі тэрору ў наступныя гады.
Але варта памятаць, што высылка — усё роўна рэпрэсіі. Высылка, ссылка — а потым ужо накіраванне ў лагеры або фізічнае знішчэнне. Таму нават вымушаную эміграцыю для забеспячэння бяспекі сябе і сваёй сям’і можна расцаніць як рэпрэсіўную меру. Як і цяпер — мы не ведаем статыстыку, колькі выехалі з краіны. Але людзі ж выехалі перш за ўсё з меркаванняў бяспекі, яны не хацелі з’язджаць. Вядома, цяпер прапаганда скажа, што выехалі «бамжы, наркаманы, прастытуткі». Але гэта таксама мера рэпрэсіўнага характару, якая праяўляецца ўскосна, калі чалавеку ў сваёй краіне ствараюць невыносныя ўмовы, і няма гарантый, што заўтра гэты чалавек не пазбавіцца не толькі працы, але і свабоды.
Я ўпэўнены, што мае апаненты мараць, каб заўтра я пакінуў тэрыторыю краіны.

Невідавочныя паралелі

Я б не стаў ставіць знак роўнасці паміж падзеямі Чырвонага тэрору і цяперашнімі падзеямі ў Беларусі. Па-першае, Чырвоны тэрор быў у мінулым стагоддзі, а ў нас на двары ХХІ стагоддзе. Па-другое, маштабы, безумоўна, адрозніваюцца. І, па-трэцяе, ступень тэрору. Сёння пакуль яшчэ, дзякуй богу, нікога не расстралялі. Але гэта сёння, а хто ведае, што будзе заўтра? Увядуць у заканадаўства, што ўдзел у так званых «масавых беспарадках» з’яўляецца асабліва небяспечным дзяржаўным злачынствам, за якое прадугледжана вышэйшая мера сацыяльнай абароны... Можа быць? Мы не выключаем.
Я кажу пра тое, што патэнцыял сённяшніх рэпрэсій далёка не вычарпаны. Але схема дзеяння — сапраўды адна і тая ж.

У Чырвонага тэрору было тры складнікі. Першы — застрашванне, другі — ізаляцыя, трэці — фізічнае знішчэнне.


Застрашванне сёння прыняло гіганцкі маштаб, ведаю гэта па сваёй скуры, калі цябе цкуюць дзяржСМІ. Так, цябе не забралі і не расстралялі пасля гэтага цкавання, не вывезлі ў Курапаты, але які маральны стан у чалавека?
Яго звальняюць з працы, ён губляе крыніцу існавання, яму нанесеная маральная траўма, і самае галоўнае — гэтая лупцоўка праводзіцца публічна. А выснова? «Ну, калі дацэнта БДУ Кузняцова называюць бамжом і пачварай, і за яго нават ВНУ не ўступаецца, то што казаць пра звычайнага чалавека?»
Першы складнік цяпер дзейнічае больш, чым у той перыяд, таму што тады не было СМІ, па вялікім рахунку. Бальшавікі ў дэкрэце пісалі: «Публікаваць спісы расстраляных для застрашвання». Вось прама вывешвалі гэтыя спісы расстраляных «удзельнікаў белагвардзейскай арганізацыі». Але сёння акцыя застрашвання значна мацней, таму што яна праводзіцца праз усе дзяржаўныя СМІ: тэлебачанне, газета «СБ»... Нават у савецкі час я не мог уявіць, што ў ХХІ стагоддзі можна зневажаць апанента да той ступені, што нават не рабілі ў 1930-я гады.Нават у цкаванні 1937 года, калі хадзілі з лозунгамі «Смерць ворагам народа», не было больш грубага выказвання, чым «сабака» — «расстраляць як шалёных сабак». І гэта — поўнае бязмежжа 1937 года.

fota_dzmitryja_dzmitryeva__28__logo_1.jpg


Цяпер так званая «дзяржаўная журналістыка» ў разы перасягнула той узровень — таму што нават у савецкі час была хоць нейкая этыка, хай нават і партыйная. І словы і выразы, якія дапускаліся, зменшага, у адкрытым друку, — нават немагчыма было ўявіць, што тады ў газеце бы дацэнта вядучага ВНУ называлі «бамжом», «пачварай» і гэтак далей. І каб на гэта не было ніякай рэакцыі ні з боку ВНУ, ні з боку рэдактара газеты…
Нават для мяне як спецыяліста, які больш за 30 гадоў займаецца рэпрэсіўнай праблематыкай, гэта дзіўна. Мне нават кажуць: «Табе чаго здзіўляцца? Ты ж у гэтай тэме часоў Чырвонага тэрору». А я здзіўляюся, што гэта адбываецца сёння, у цэнтры Еўропы, у краіне, якая калі не называе сябе дэмакратычнай, але і не называе сябе дыктатурай.
Таму для мяне гэта ўсё ў нейкай ступені адкрыццё. Мне нават з іроніяй кажуць: «Ты практыку праходзіш. Ты ў тэорыі вывучаў, як гэта рабілася, а цяпер на табе гэта апрабуюць».
Метады 1930-х, калі арыштоўвалі з членаў сям’і, а іншага звальнялі з «воўчым білетам», з немагчымасцю ўладкавацца на іншую працу — і сёння прымяняюцца на ўсе 100%.
Сёння атмасфера страху ў грамадстве па напале набліжаецца калі не да 1937 года, то, зменшага да 1930-х —  1940-х. З перыядам «хрушчоўскай адлігі», з брэжнеўскім перыядам, не кажучы ўжо пра перабудову, параўноўваць ужо нельга.
У нас сёння пераслед носіць масавы характар. Мы ў дзясяткі разоў пераўзышлі часы СССР, і, на маю думку, перайшлі ўсе «чырвоныя лініі», як цяпер модна казаць. І калі прыпынку не будзе — будуць больш сумныя наступствы.

Наступствы, расцягнутыя ў часе

Фізічныя наступствы Чырвонага тэрору я ўжо прыводзіў: знішчана мінімальна ад 140 тысяч максімальна да двух мільёнаў. Па Беларусі я магу толькі прагнастычную лічбу сказаць. Усе архіўныя дакументы, звязаныя з гэтым, закрытыя. У нас у вольным доступе толькі нейкія аскепкі ў Нацыянальным архіве. Калі мы бяром прымяненне вышэйшай меры пакарання, то па маіх падліках — прыкладна 10–12 тысяч. Умоўна кажучы, на нас выпадае 8-10% ад таго, што адбылося на астатніх тэрыторыях.
Што тычыцца іншых мер уздзеяння, — ссылка, высылка, і гэтак далей, — у нас гэта нават у больш масавых маштабах, чым у іншых раёнах Расіі выявілася ўжо ў перыяд 1929–1932 гадоў (масавая калектывізацыя), 1934–1935 (рэпрэсіі інтэлігенцыі) і масавы тэрор 1937–1938 гадоў.
Але галоўнае — «якасць» тэрору. Гэта было знішчэнне найперш нацыянальнай асновы. Яму падвергнуліся прадстаўнікі тых класаў, якія былі найбольш адукаванымі, носьбіты культуры, навукі. Каму пашанцавала — выслалі, каму не — загінулі. Быў знішчаны розум нацыі, а да ўлады прыходзілі і заставаліся нізкаадукаваныя і малакультурныя асобы, якія нічога не разумелі, але слепа ішлі па «запаветах камунізму і правадыроў».

img_2468_1_logo_1.jpg


Вось адкуль рэцыдывы. Гэтыя мукавозчыкі, азаронкі — гэта вынік штучнага адбору Чырвонага тэрору. Лепшыя сыходзілі, горшыя — заставаліся. Вось адкуль даносчыкі, правакатары, і, нават занадта мякка кажучы, «лжэжурналісты», тыя, якіх нават прапагандыстамі назваць цяжка.