Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 19 кастрычніка

У Беларусі не спыняецца палітычны пераслед. Расказваем, што адбылося ў краіне сёння, 19 кастрычніка.

60698308_1005.jpg


Сёння ў Мінску пачаўся суд па справе «Атрадаў грамадзянскай самаабароны». Наталля Мацвеева абвінавачваецца ў «спробе знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах», Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак і Аляксей Глотаў — у «падрыве вузла сувязі ў Вілейцы», а Дзмітрый Сасноўскі — у «замаху на Азаронка». Усе пяцёра абвінавачаных унесеныя ў «тэрарыстычны спіс» КДБ.
11 гадоў калоніі і 300 «базавых» штрафу прысудзілі 44-гадоваму палітвязню Сяргею Глебку. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён нібыта падпальваў бярвенні на чыгунцы, каб перашкаджаць праезду цягнікоў і грузавых саставаў. Мужчына таксама ўнесены ў «тэрарыстычны спіс». Пры затрыманні з ім знялі «пакаяльнае відэа», на якім бачна, што Глебку збівалі.
Аддзел прымусовага выканання Першамайскага раёна Мінска выставіў на аўкцыён лецішча Ніны Багінскай. Аўкцыён адбудзецца 10 лістапада. Пачатковая цана ўчастка — 693 рублі. Ён знаходзіцца пад арыштам судовага выканаўцы з 2016 года і прадаецца за «даўгі дзяржаве».
Ініцыятыва былых сілавікоў BYPOL папярэджвае, што ўлады пачалі фэйкавую рассылку паведамленняў ад імя «Плана "Перамога"». У ёй гаворыцца пра запуск спецыяльнай аперацыі «Сувязь» і прапануецца адказаць чат-боту. Верагодна, такім чынам спецслужбы спрабуюць знайсці ўдзельнікаў арыгінальнага «Плана "Перамога"».
У Беларусі перастаў працаваць «Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны», які стварыў палітвязень і журналіст Яўген Меркіс. Таксама выдалены тэлеграм-канал «Краязнаўства Гомеля і Гомельшчыны».
«Экстрэмісцкімі фарміраваннямі» прызнаныя экалагічная арганізацыя «Экадом», яе сайт і сацсеткі, арганізацыя «Дапамога», якая базуецца ў Літве, і інтэрнэт-рэсурсы «Форуму дэмакратычных сіл».
Праваабаронцамі «Вясны» на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1347 палітзняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1659 чалавек, у тым ліку 199 жанчын і 7 непаўнагадовых.