Лецішча Ніны Багінскай выставілі на аўкцыён
Лецішча Ніны Багінскай, якая стала ў 2020 годзе сімвалам пратэстаў, выставілі на аўкцыён за даўгі па штрафах.
Участак
75-гадовай актывісткі Ніны Багінскай выстаўлены на аўкцыён Аддзелам прымусовага
выканання Першамайскага раёна Мінска. Абвестка пра гэта з'явілася на сайце
пляцоўкі па продажы маёмасці «Белюрзабеспячэнне», піша «Л*стэрка».
Аўкцыён адбудзецца 10 лістапада. Пачатковая цана ўчастка — 693 рублі. Лецішча Ніны Багінскай — гэта ўчастак плошчай 4,5 соткі ў садовым таварыстве «Фізтэх» у Пухавіцкім раёне. У паперах пазначана, што там ёсць толькі зусім старая гаспадарчая пабудова, ніякіх капітальных дамоў няма.
Участак знаходзіцца пад арыштам судовага выканаўцы з 2016 года і прадаецца за даўгі. У графе «Даўжнік» пазначана імя Ніны Багінскай. Участак належыць ёй на праве ўласнасці як мінімум з 2004 года (тады ён быў зарэгістраваны).
Яшчэ ў 2016 годзе СМІ пісалі, што два невялікія дачныя ўчасткі Ніны Багінскай знаходзяцца пад арыштам. Багінская спрабавала гэта аспрэчыць, але судзіцца не бачыла сэнсу, проста працягвала карыстацца зямлёй, часта ездзіла на дачу. «Я ім сказала, што, калі яны ў мяне і зямлю адбяруць, я ў любым выпадку буду туды прыязджаць, пакуль не памру», — казала тады Багінская.
Ніну Багінскую штат разоў штрафавалі за правядзенне «несанкцыянаваных» мерапрыемстваў. Штрафы, якіх сабралася на не адну тысячу долараў, яна прынцыпова адмаўляецца сплочваць гэтай уладзе, і з невялічкай пенсіі актывісткі спрабуюць увесь час вылічваць хоць нешта. Улады арыштавалі маёмасць Багінскай, забаранілі ёй наведваць казіно, кіраваць машынай і маламернымі судамі, а аператарам сувязі загадана не дазваляць ёй карыстацца мабільнай сувяззю, інтэрнэтам ды тэлебачаннем.