«Экалагічныя экстрэмісты»? «Экадом» прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем
Па рашэнні КДБ ад 17 кастрычніка беларуская экалагічная арганізацыя «Экадом» і яе старонкі ў сацсетках прызнаныя экстрэмісцкім фарміраваннем.
«Экадом» — гэта адна з найстарэйшых экалагічных арганізацый у Беларусі, яна была заснаваная ў 1996 годзе для прасоўвання экалагічна дружалюбнага ладу жыцця і ідэй устойлівага развіцця.
26 ліпеня 2021 года стала вядома, што Міністэрства юстыцыі падало ў суд іскавую заяву аб ліквідацыі ГА «Экадом», а 31 жніўня Вярхоўны суд прыняў рашэнне ліквідаваць арганізацыю. У арганізацыі гэтае рашэнне лічаць неабгрунтаваным, незаконным і палітычна матываваным.
Сваю дзейнасць арганізацыя засноўвала на прынцыпах устойлівага развіцця, дэмакратыі, павагі правоў чалавека і гендарнай роўнасці.
21 кастрычніка ліквідацыя «Экадома» на сустрэчы бакоў Орхускай канвенцыі была прызнана пераследам за рэалізацыю ёю правоў па Канвенцыі.
Таксама экстрэмісцкім фарміраваннем прызнаная арганізацыя «Дапамога», зарэгістраваная ў Літве.
Адначасова Генпракуратура прызнала экстрэмісцкімі матэрыяламі інтэрнэт-рэсурсы «Форуму дэмакратычных сіл».
«Па заяве пракуратуры горада Мінска інфармацыйная прадукцыя Telegram-канала "Belarusforum.оrg" і інтэрнэт-сайта "Форум дэмакратычных сіл" прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі», — праінфармавалі ў Генпракуратуры.
Адным з ініцыятараў «Форуму дэмакратычных сіл» з'яўляецца экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі, былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогій Валерый Цапкала.