Расія выдала семярых беларусаў, якія падазраюцца ў «экстрэмізме»
Расія апошнім часам выдала Беларусі семярых падазраваных у здзяйсненні злачынстваў экстрэмісцкага характару. Пра гэта паведаміў генпракурор Беларусі Андрэй Швед, піша «Л*стэрка».

Андрэй Швед заявіў: «Толькі за апошні час Расійская Федэрацыя нам выдала сямёра асоб, грамадзян Беларусі, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні злачынстваў, звязаных з экстрэмізмам».
Генпракурор таксама распавёў, што Беларусь накіравала ў Расію пяць крымінальных спраў у дачыненні да падазраваных ва ўчыненні «злачынстваў экстрэмісцкага характару» расіян, адзін з якіх ужо асуджаны.
«Мы накіравалі пяць крымінальных спраў у дачыненні да грамадзян Расіі, якія здзяйснялі экстрэмісцкія дзеянні і злачынствы на тэрыторыі Беларусі ў 2020 годзе. Адна справа ўжо разгледжана судом у студзені гэтага года ў горадзе Казань», — сказаў Швед.
Паводле яго слоў, у рамках ужо разгледжанай справы 42-гадовы расіянін асуджаны да года і шасці месяцаў пазбаўлення волі.
