«Беларускі фронт» на тысячу кіламетраў. Чаму Расіі не варта ўцягваць Лукашэнку ў вайну

Генералаў расійскай арміі, вядома, цяжка назваць светачамі інтэлекту, але і ім, напэўна, павінна хапіць разумення, што ўмоўны «беларускі фронт» да наяўных данбаскага, херсонскага, запарожскага і харкаўскага Расія можа папросту не пацягнуць.

3_503.jpg


«Белнавіны» аналізуюць магчымасць адкрыцця «беларускага фронту» з іншага пункту погляду — з тэрытарыяльнага.

Увод у Беларусь чарговага расійскага кантынгенту афіцыйнай колькасцю ў 9 тысяч чалавек, а рэальна, можна меркаваць, разы ў два большага (да таго ж гэта, мабыць, не апошнія з расійскіх частак, якія ўводзяцца ў краіну) чарговым разам падняў пытанне пра верагоднасць новага наступу на Кіеў з поўначы — сіламі спешна створанай расійска-беларускай групоўкі.

Перавагі такога наступу падаюцца відавочнымі: адлегласць у сто кіламетраў да ўкраінскай сталіцы (ад ідэі захопу якой у Крамлі, здаецца, не адмовіліся), магчымасць уцягнуць у вайну 70-тысячнае войска Беларусі, зрабіўшы незваротным будучае паглынанне краіны (ад ідэі якога ў Крамлі не адмовіліся тым больш). Але ёсць у цяперашняга статусу Беларусі нешта, што можа перакрэсліць усе гэтыя выгады адным росчыркам пяра. Гаворка ідзе пра яе геаграфічнае становішча.

Пасля таго, як украінскія войскі пацяснілі рускіх акупантаў з тэрыторыі Харкаўскай вобласці, расійскае камандаванне аказалася перад непрыемнай і нечаканай неабходнасцю ў дадатак да ўтрымання лініі фронту абараняць таксама і дадатковыя 150 кіламетраў дзяржаўнай мяжы. Што таксама атрымліваецца няважна: украінскія часткі рэгулярна атакуюць тэрыторыю Белгародскай вобласці, сам абласны цэнтр пастаянна падвяргаецца абстрэлам і практычна ператварыўся ў прыфрантавы горад, на абарону якога даводзіцца сцягваць падраздзяленні з іншых участкаў узброенага канфлікту. А можа быць, менавіта гэтых частак не акажацца пад рукой у вырашальным баі за Херсон?

Расійская вайсковая прапаганда любіць ганарыцца тым, што дзякуючы пастаянным ваенным манеўрам рэжым Аляксандра Лукашэнкі скоўвае вялікія сілы УСУ на Палессі. Але замоўчвае пра тое, колькі расійскіх войскаў у сваю чаргу скавана цяпер на расійска-ўкраінскай мяжы ў раёнах Харкаўскай, Сумскай абласцей. Бо несумненна, што расійскай арміі ўжо хранічна не хапае вайскоўцаў для вядзення «спецаперацыі» цяперашніх маштабаў. Ужо пастаўлены пад ружжо тыя ці трыста тысяч мабілізаваных, ці то мільён — і іх усё роўна мала: даводзіцца хапаць хіпстараў на маскоўскіх вуліцах і вербаваць зняволеных па выпраўленчых калоніях.

Пры гэтым Дзмітрый Пяскоў практычна пацвярджае, што ніякіх тэрмінаў заканчэння мерапрыемства няма. Хапаць на вуліцах адпаведных па ўзросце асоб мужчынскага полу будуць далей і больш: па меры выдаткавання баявой тэхнікі дзіркі на фронце будуць затыкаць гарматным мясам. А з кожным новым адступленнем не толькі «выпростваецца» фронт, але і павялічваецца працягласць мяжы, якую таксама патрабуецца неяк ахоўваць.


І вось на гэтым фоне ўявім наступ на Украіну сумеснай расійска-беларускай групоўкі так званай «Саюзнай дзяржавы», якая адразу павялічвае даўжыню фронту на дадатковую тысячу кіламетраў. І гэта, зразумела, будзе не настолькі спакойны ўчастак, як цяперашняе ўкраінска-расійскае памежжа ў раёне Чарнігаўскай і Сумскай абласцей, гэта будзе месца гарачых баёў, дзе ўкраінскія войскі цалкам могуць пераходзіць у наступ. І, калі беларускія войскі раптам адмовяцца ваяваць, на затыканне дзірак не хопіць ні дзевяці-, ні дваццаці-, ні нават статысячнай групоўкі. Значыць — прыйдзецца агаляць фронт на нейкім іншым участку. Значыць — чакаць наступу ўкраінскай арміі там, дзе абарона яшчэ ўчора падавалася дастатковай.

Буферная дзяржава, размешчаная паміж дзвюма варагуючымі краінамі, часцяком дапамагае ці ўвогуле пазбегнуць узброенага сутыкнення паміж імі, ці значна паменшыць размах баявых дзеянняў. Невыпадкова ж савецка-германская вайна стала непазбежнай у той жа дзень, калі з карты знікла буферная Польшча. Напэўна, яшчэ больш падобная на сённяшнюю Беларусь Румынія часоў Першай сусветнай вайны, якая доўгі час захоўвала нейтралітэт паміж Антантай і цэнтральнымі дзяржавамі. Але яе авантурнае рашэнне ўступіць у вайну супраць Германіі з Аўстра-Венгрыяй мела аддаленыя фатальныя наступствы не толькі для Румыніі, але і для Расіі, якой замест наступальных аперацый прыйшлося шукаць, чым заткнуць новы фронт, які ўтварыўся пасля ўцёкаў з поля бою практычна ўсёй румынскай арміі. Вынікам сталі новыя паражэнні, рэвалюцыі, крушэнне ўсёй імперыі. Магчыма, імперыя павалілася б і без уступлення Румыніі ў вайну. Але, ва ўсялякім выпадку, з'яўленне Румынскага фронту адназначна паскорыла працэс яе развалу.

Затое добра ўсведамлялі значэнне буферных дзяржаў бальшавікі, якія стварылі, напрыклад, Далёкаўсходнюю Рэспубліку для таго, каб пазбегнуць прамога сутыкнення паміж РСФСР і Японіяй. Дый, уласна, «Літбел» разглядаўся ў Маскве як такі ж «буфер» паміж Расіяй і Польшчай.


Генералаў расійскай арміі, вядома, цяжка назваць светачамі інтэлекту, але і ім, напэўна, павінна хапіць разумення, што ўмоўны «беларускі фронт» да наяўных данбаскага, херсонскага, запарожскага і харкаўскага Расія можа папросту не пацягнуць. Больш за тое: сітуацыю на іншых акупаваных тэрыторыях вайсковаму кіраўніцтву ўдаецца больш-менш трымаць пад кантролем толькі таму, што яму не даводзіцца распыляць свае сілы яшчэ і на беларуска-ўкраінскую мяжу. Застаецца адкрытым пытанне, ці могуць яны данесці гэта бачанне да свайго галоўнакамандуючага, які, нібы сава з вядомага анекдота, адчувае сябе стратэгам, але не тактыкам. Як распавядаў яго былы дарадца Андрэй Іларыёнаў, за дваццаць гадоў знаходжання ва ўладзе Уладзімір Пуцін да дробязей прадумаў бачанне сябе ў ролі адзінага дыктатара на постсавецкай прасторы, але ніколі не апускаўся да дэталяў, як ён дасягне гэтага статусу. Ён ведае, як кіраваць Сусветам, але не ведае, як узяць вёску Пяскі.

Таму ваенная авантура з надыходам «рэгіянальнай групоўкі» ўсё яшчэ застаецца больш-менш верагоднай, тым больш калі Уладзіміру Пуціну прыйдзе ў галаву паўтарыць тут нешта накшталт гітлераўскай аперацыі ў Ардэнах па перахопе стратэгічнай ініцыятывы ва ўжо загадзя прайгранай вайне. Аднак эфект ад яе можа быць зусім не такім, на які разлічваюць сёння крамлёўскія падпальшчыкі вайны.