Новае ўварванне ва Украіну з Беларусі: наколькі гэта магчыма і ці мае шанцы на поспех?
Пытанне, якім задаюцца ваенныя эксперты і палітыкі Украіны і яе саюзнікаў: наколькі верагодны прамы ўдзел беларускага войска ў вайне на баку Расіі? І акрамя таго: ці магчыма новае ўварванне з боку Беларусі расійскіх войскаў, напрыклад, у спробе новага штурму Кіева?
«BBC News Украіна» з дапамогай экспертаў і палітолагаў «па палічках» расклала магчымасці і перспектывы падобнага развіцця падзей.
Колькі расійскіх войскаў у Беларусі?
Аб магчымасці новых наступальных дзеянняў з беларускай тэрыторыі казалі на працягу ўсяго лета. Пры гэтым у зводках Генштаба УСУ сітуацыя на Валынскім і Палескім напрамках увесь час характарызавалася, як «без істотных змен». Аднак увосень Расія зноў пачала сцягваць войскі на беларускую тэрыторыю. Яшчэ больш трывожнай сітуацыя стала з абвяшчэннем у Расіі мабілізацыі. Паводле паведамленняў украінскай выведкі, у Беларусі рыхтуюцца прыняць 20 тысяч мабілізаваных з РФ.
10 кастрычніка, у дзень масіраванага ракетнага абстрэлу Украіны (у тым ліку і з беларускай тэрыторыі), Лукашэнка абвясціў аб стварэнні сумеснай групоўкі войскаў з Расіяй.
Да нядаўняга часу пастаянны расійскі кантынгент у Беларусі налічваў каля тысячы вайскоўцаў. Галоўным чынам у яго ўваходзілі спецыялісты па абслугоўванні шасці ўдарных самалётаў, чатырох установак аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр», 12-ці зенітна-ракетных комплексаў С-400, а таксама сувязісты са станцый «Ганцавічы» і «Вілейка».
Наколькі істотна зменіцца гэтая колькасць, пакуль невядома, хоць начальнік беларускага дэпартамента ваеннага супрацоўніцтва Валерый Равенка заявіў, што гаворка ідзе пра дзевяць тысяч.
Калі верыць фотаздымкам, якія з'явіліся ў сеціве, то ў асноўным у Беларусь прывозяць нядаўна мабілізаваных.
17 кастрычніка Беларусь заявіла, што з Расіі для сумеснай групоўкі неўзабаве прыбудуць каля 170 танкаў, да 100 гармат і мінамётаў калібрам больш за 100 мм і 200 баявых машын. Пры гэтым, паводле звестак беларускага тэлеграм-канала, які адсочвае перамяшчэнне войскаў, эшалоны з расійцамі прыбываюць у цэнтральныя і паўночныя вобласці Беларусі, а не ў памежныя з Украінай раёны.
Чым гэта пагражае Украіне?
На мінулым тыдні ваенна-палітычны аглядальнік праекта «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка адзначыў, што для таго, каб стварыць пагрозу поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, Расія павінна сканцэнтраваць у Беларусі не менш за 40 батальёнаў-тактычных груп (БТГ). У такім выпадку гаворка ідзе аб 24-28 тысячах вайскоўцаў. Прыкладна такой была колькасць расійскіх войскаў, якія ўварваліся ва Украіну з Беларусі ў лютым.
Такім чынам, калі гаворка ідзе толькі пра дзевяць тысяч, то гэта — не больш за 12 БТГ, прычым, як адзначае Каваленка, не паўнавартасных БТГ, а маршавых батальёнаў, гэта значыць, без тэхнікі. «Гэта, хутчэй, для адцягнення ўвагі, а не перадумова рэальнай пагрозы», — мяркуе ён.
Як бы там ні было, але калі расійскі кантынгент у Беларусі раптам пачне хутка расці, то вялікай будзе верагоднасць таго, што Расія сапраўды рыхтуе наступ, выкарыстоўваючы пры гэтым не надта матываваных і малападрыхтаваных мабілізаваных.
А ці ёсць сілы для наступу?
Аналітык Украінскага абароннага інтэрнэт-партала «Defense Express» Іван Кірычэўскі сказаў, што пакуль пра гэта казаць рана: «Калі сілы расійскага войска на іншых франтах будуць настолькі знясіленыя, што яна будзе ледзь трымаць абарону, Крэмль можа даць загад ісці ў наступ, каб стрымаць прасоўванне УСУ».
Кірычэўскі, аднак, сумняваецца, што Расія здолее сфарміраваць дастатковую групоўку войскаў для таго, каб распачаць яшчэ адно наступленне з поўначы.
З ягоных слоў, паказальным прыкладам можа служыць расійская спроба сфарміраваць 3-ці армейскі корпус, які павінен быў быць гатовы да баявых дзеянняў да сярэдзіны жніўня. Гэтая задума правалілася, і корпус удалося ўвесці ў дзеянне толькі ў верасні, прычым не да канца сфарміраваным.
«У выніку ўкраінская армія яго «разматала», у прыватнасці, на Харкаўшчыне», — адзначае эксперт.
Ці гатовая Украіна да магчымага наступу на поўначы?
Камандуючы Аб'яднанымі сіламі УСУ генерал-лейтэнант Сяргей Наеў патлумачыў поспехі расійскай арміі на поўначы Украіны ў пачатку вайны тым, што большасць украінскіх войскаў былі задзейнічаны на Данбасе, а на мяжы з Беларуссю размяшчаліся падраздзяленні, укамплектаваныя па штаце мірнага часу, чаго было зусім недастаткова для адбіцця поўнамаштабнай агрэсіі.
Верагодна, аказала ўплыў і тое, што ўсяго за два дні да расійскага ўварвання беларускі міністр абароны Віктар Хрэнін «даў слова афіцэра» свайму ўкраінскаму калегу Аляксею Рэзнікаву, што ніякага наступу з Беларусі не будзе. Пра гэта сам Рэзнікаў распавёў у інтэрв'ю амерыканскай газеце «Washington Post».
Цяпер жа, як кажа генерал Наеў, да наступу з Беларусі Украіна гатовая. «Тыя войскі, якія будуць назапашвацца ў Беларусі, будуць павышаць іх ступень гатоўнасці. Адпаведна, і ўкраінскае камандаванне таксама будзе нарошчваць нашы сілы і сродкі», — патлумачыў ён.
Аб гатоўнасці кажуць і ўлады памежных з Беларуссю ўкраінскіх абласцей.
Балоты і лес
Віталь Коваль, кіраўнік вайскова-грамадзянскай адміністрацыі Ровенскай вобласці, якая мае 218 кіламетраў агульнай мяжы з Беларуссю, у каментары «BBC News Украіна» сказаў, што працы для ўмацавання абароны мяжы вяліся сем месяцаў.
Любы наступ з поўначы, па яго словах, не будзе лёгкім: «40% нашай тэрыторыі пакрыты лесам. І менавіта паўночныя раёны, якія мяжуюць з Беларуссю — гэта непраходныя лясы, а таксама балоты. Акрамя таго, ёсць 170 рэк. Гэта прыродныя бар'еры для варожай тэхнікі. Масты над рэкамі — аб'екты, якія могуць быць заблакіраваны рознымі спосабамі і спыняць рух ворага».
«Толькі самазабойцы могуць пайсці на нас вайной праз украінска-беларускую мяжу», — дадаў ён.
Уступіць ці не беларуская армія ў вайну на баку Расіі?
У канцы мінулага года ў сухапутных беларускіх войсках налічвалася 17 тысяч вайскоўцаў, ільвіную долю якіх складалі прызыўнікі.
У беларускай арміі ёсць і бронетэхніка і авіяцыя, і, па словах Івана Кірычэўскага, уступленне Беларусі ў вайну сапраўды можа быць небяспечным. Аднак у яе ваенных няма баявога вопыту.
Пры гэтым беларускае кіраўніцтва, у тым ліку Лукашэнка, шмат разоў заяўляла аб нежаданні ваяваць з Украінай. Хоць, калі ўспомніць запэўніванні Хрэніна 22 лютага, наўрад ці падобныя сцвярджэнні можна лічыць гарантыямі.
Магчымая мабілізацыя?
Некалькі дзён таму ў беларускім апазіцыйным выданні «Наша Н*ва» з'явіўся артыкул пад назвай «Рашэнне аб мабілізацыі ў Беларусі прынятае», дзе журналісты са спасылкай на ўласныя крыніцы сцвярджалі, што Лукашэнка прыняў прынцыповае рашэнне аб правядзенні схаванай мабілізацыі ў Беларусі для даўкамплектавання частак.
На думку аўтараў артыкула, гэта робіць сцэнар эскалацыі на мяжы Беларусі з Украінай больш верагодным.
Інфармацыю пра гэта пацвердзіў і генеральны штаб Узброеных сіл Украіны. «Пад выглядам вучэбных збораў праводзяцца мерапрыемствы схаванай мабілізацыі ва Узброеныя сілы Беларусі. Паводле наяўнай інфармацыі, праходзяць мерапрыемствы па падрыхтоўцы аператараў зенітных ракетных сістэм і экіпажаў танкаў», — заявіў Генштаб.
Афіцыйна Мінск аб мабілізацыі не аб'яўляў, а раней Лукашэнка наогул адмаўляў якія-небудзь падобныя планы.
А ці будуць беларусы ваяваць?
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч распавёў, што ў Беларусі сапраўды ідзе частковая прыхаваная мабілізацыя, але бяруць яны, у асноўным, вайскоўцаў, якія маюць будаўнічыя спецыяльнасці.
«Гэта значыць, галоўная задача беларускага боку — не ваяваць з намі, а стварыць расійскаму кантынгенту нейкія ўмовы для жыцця», — сказаў ён у адным з эфіраў на канале «Фейгін – Live» у YouTube.
Арастовіч перакананы, што верагоднасць прамога ўдзелу беларускай арміі ў вайне супраць Украіны, хоць і не нулявая, але вельмі нізкая.
Для многіх ваенных аглядальнікаў аргументам на карысць таго, што беларуская армія прамых ваенных дзеянняў весці не мае намеру, з'яўляецца вываз узбраенняў і боепрыпасаў з беларускіх арсеналаў у расійскія падраздзяленні.
Той жа Кірычэўскі лічыць, што Лукашэнка такім чынам спрабуе адкупіцца ад прамога ўступлення свайго войска ў вайну супраць Украіны.
Не выключана, што ўдзел Беларусі абмяжуецца падрыхтоўкай на сваёй тэрыторыі расійскай ударнай групоўкі без удзелу сваёй арміі, пастаўкай узбраенняў і трэніроўкай расійскіх мабілізаваных на беларускіх палігонах.
Зрэшты, ёсць і тыя, хто перакананы, што рана ці позна беларуская армія ўсё ж уступіць у вайну. Кіраўнік Украінскага фонду дапамогі вайскоўцам «Вярніся жывым» Тарас Чмут так пракаментаваў навіну аб магчымым з'яўленні ва Узброеных сілах Беларусі расійскіх «Іскандэраў» і С-400: «Яны ўступяць у вайну. Ці мы выйграем раней і РФ пасыплецца...»
Што тычыцца настрояў саміх беларусаў, то адзін з грамадзян краіны, з якім на ўмовах ананімнасці размаўлялі журналісты «BBC News Украіна» і ў якога ёсць сваякі ў беларускім войску, сказаў так: «Беларусь ваяваць не хоча. І не будзе».