«Лукашэнка пераводзіць краіну на ваенна-мабілізацыйныя рэйкі»

Палітолаг Павел Усаў у калонцы на «DW» аналізуе працэсы, якія адбываюцца зараз у палітыцы Беларусі, і лічыць, што яны азначаюць паступовае ўцягванне краіны ў расійскую вайну ва Украіне.

Павел Усаў

Павел Усаў


Кіраўнік варшаўскага Цэнтра палітычнага аналізу Павел Усаў лічыць, што роля і статус Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны змяніліся і што правядзенне мер контртэрарыстычнага характару яшчэ больш пагаршае становішча ў Беларусі. 

Прыхаваная падрыхтоўка

Пуцін разглядае Беларусь як свой найважнейшы рэсурс у вайне супраць Украіны. Пасля правядзення «рэферэндумаў» працэс па ўцягванні Беларусі ў супрацьстаянне ўзмацніўся і бачыцца ўжо прадвызначаным.
Разам з тым зыходзячы з таго, што насельніцтва рэспублікі вельмі негатыўна ставіцца да любых форм актыўнага ўдзелу беларускай арміі на ўкраінскім фронце, рэжым Лукашэнкі не можа вырашыць гэтае пытанне адкрыта і хутка.
Непапулярныя і непрымальныя для беларусаў меры (мабілізацыя, закрыццё межаў і г. д.) у гэтым кірунку могуць выклікаць непрадбачаныя рэакцыі: паніку і масавыя выезды беларусаў за мяжу, нельга выключаць і супраціў.
У сувязі з гэтым улады пачалі дзейнічаць ў двух напрамках. Першы — прыхаваная падрыхтоўка і мабілізацыя вайскова-палітычных рэсурсаў для супрацьстаяння нейкім знешнім пагрозам, непасрэдна не звязаных з вайной супраць Украіны. Другі — апрацоўка грамадскай свядомасці праз абмежаванае інфармаванне, г. зн. прывучванне грамадзян да новай рэальнасці.
Інфармацыйная апрацоўка цяпер мае важнае значэнне. Па-першае, змякчае эфект ад магчымага шоку ў момант уступлення ў вайну. Бо палітычная ўлада і прапаганда актыўна праводзіць наратыў «мы ўжо ў вайне». Па-другое, дэзінфармуе грамадства, стамляе супярэчлівымі сігналамі, пасля чаго насельніцтва перастае быць успрымальным да новай інфармацыі. Па-трэцяе, паступова ўводзіць насельніцтва ў новую рэальнасць, або новую рэальнасць у свядомасць насельніцтва. І ў той момант, калі стан спраў становіцца відавочным для большасці (напрыклад, агульная мабілізацыя або ўступленне ў вайну), супраціўляцца гэтаму ці рэагаваць ужо немагчыма.  

Якую палітыку праводзяць дзяржорганы

Менавіта з працэсам «інфармацыйнага наслойвання», зашумвання і маніпуляцый, магчыма, былі звязаныя гучныя і супярэчлівыя заявы пра «контртэрарыстычную аперацыю». Першапачаткова Уладзімір Макей заявіў пра тое, што ў краіне быў уведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі, што выклікала шквальную рэакцыю ў СМІ і сацсетках. Пасля чаго рушыла ўслед непераканаўчая спроба скарэктаваць пасланне: «Ёсць даручэнне прэзідэнта, якое было агучана, у тым ліку публічна, правесці мерапрыемствы контртэрарыстычнага характару».
Далей заяву зрабіў КДБ — пра тое, што «на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь контртэрарыстычная аперацыя не праводзілася і на дадзены момант не праводзіцца». Адначасова з гэтым з'яўляліся словы Лукашэнкі, што «рэжым падвышанай тэрарыстычнай небяспекі» ў краіне ўведзены.
У выніку зусім незразумела, якую палітыку праводзяць дзяржаўныя органы, якая іх мэта і якімі дакументамі яны рэгулююцца і вызначаюцца. Супярэчлівыя сцвярджэнні таксама дэманструюць адсутнасць унутранай каардынацыі паміж рознымі структурамі і разумення таго, якія рашэнні прымаюцца. Апошняе звязана з тым, што палітыку ў гэтым кірунку вызначае ўжо не Лукашэнка і не дзяржаўныя органы Беларусі, а Масква. У сваю чаргу, кіраўнічая вярхушка мае абмежаваны доступ да інфармацыі і прыняцця рашэнняў.

Перавесці краіну на ваенна-мабілізацыйныя рэйкі

Відавочна адно: рэжым Лукашэнкі спрабуе перавесці краіну і грамадства на ваенна-мабілізацыйныя рэйкі і робіць гэта паступова:

1. Ёсць нейкае даручэнне Лукашэнкі аб рэалізацыі «мер контртэрарыстычнага характару». Пра іх мэты і задачы ніхто не ведае;
2. У краіне разгортваецца расійская групоўка ў рамках аб'яднанай рэгіянальнай групоўкі войскаў (РВГ) Саюзнай дзяржавы. Да гэтага часу не ясныя ні структура, ні колькасны склад РГВ (паводле апошніх заяў Лукашэнкі, групоўка будзе складаць каля 70 тыс. чалавек).
3. Вайсковая і палітычная адміністрацыя Беларусі адпраўленыя ў рабочыя калектывы для інфармацыйнай апрацоўкі і забеспячэння інфармацыйнай падтрымкі дзеянняў ваеннага характару;
4. Лукашэнка даручыў правесці праверку вайсковага рэзерву, што ўспрымаецца як прыхаваная мабілізацыя і маральна-псіхалагічная падрыхтоўка да яе;
5. Украіне выстаўленая нота з абвінавачаннямі ў правядзенні дзеянняў варожага характару супраць Беларусі;
6. Афіцыйная прапаганда актыўна падсоўвае агрэсіўную прарасійскую ваенную рыторыку і істэрыю ў Беларусі, а таксама адкрыта абвінавачвае (услед за Лукашэнкам) NATO ў падрыхтоўцы ледзь не ўварвання ў Беларусь;
7. КДБ атрымлівае права ўводзіць абмежаванні на выезд з краіны для фізічных асоб. У сваю чаргу, Лукашэнка пераводзіць КДБ у сваё падпарадкаванне, спрабуючы ўсталяваць прамы кантроль над ключавымі сілавымі ведамствамі;
8. Дэлегацыя Лукашэнкі падтрымлівае Расію ў пытанні галасавання па рэзалюцыі супраць анексіі тэрыторый Украіны ў ААН;
9. Улады спрабуюць перахапіць любыя дзеянні, звязаныя з магчымымі рэакцыямі апазіцыі на ваенна-мабілізацыйныя мерапрыемствы ў краіне.


Усе гэтыя працэсы паказваюць на змену стану дзяржавы. Цалкам відавочна, што ніякіх унутраных пагроз, якія б патрабавалі мабілізацыйных дзеянняў з боку палітычнага рэжыму, няма. Гэтая палітыка вызначаецца толькі тым, што роля і статус Беларусі ў расійскай вайне з Украінай змяніліся. Падрыхтоўка да вядзення або правядзенне мер контртэрарыстычнага характару яшчэ больш пагаршаюць становішча ў краіне, бо прадугледжваюць цэлы шэраг абмежаванняў і дапускаюць яшчэ большае самавольства сілавых структур у дачыненні да беларускіх грамадзян, а таксама ўзмацняюць вайскова-палітычную прысутнасць Расіі ў Беларусі.