Расійскія ўлады этапавалі Яну Пінчук у Беларусь, дзе супраць яе завялі пяць крымінальных спраў
Інфармацыю пра выдачу Яны Пінчук пацвердзіў адвакат дзяўчыны. Пра тое, што Яну этапавалі ў Беларусь, напісаў тэлеграм-канал падтрымкі дзяўчыны. На радзіме Пінчук могуць пасадзіць у турму на 19 гадоў.

24-гадовая Яна Пінчук знаходзілася ў СІЗА Пецярбурга з лістапада 2021 года. Яе затрымалі ў пецярбурскай кватэры і праз дзень арыштавалі. У Беларусі ёй завочна выставілі абвінавачанне паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ. На радзіме ёй пагражае пазбаўленне волі за ўдзел у стварэнні апазіцыйных тэлеграм-каналаў і да 19 гадоў турэмнага зняволення.

Расійская пракуратура пагадзілася яе выдаць паводле трох з іх: аб распальванні сацыяльнай варожасці, закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі і стварэнні экстрэмісцкага фармавання.
Юрысты паспрабавалі абскардзіць рашэнне Генпракуратуры РФ аб выдачы Пінчук. Камітэт правоў чалавека ААН прапанаваў Расіі ўстрымацца ад дэпартацыі ў Беларусь Яны Пінчук і забяспечыць абарону яе жыцця і недатыкальнасці да разгляду камітэтам яе скаргі. У Маскве праігнаравалі ўсе гэтыя рэкамендацыі.