Палітзняволеная Вольга Маёрава, магчыма, захварэла ў турме на дыябет

У Вольгі Маёравай, якая праходзіць па «справе Аўтуховіча», падазраюць цукровы дыябет. Пра гэта палітзняволенай паведаміла ў лісце на волю. Яна знаходзіцца ў няволі ўжо 20 месяцаў. 

volga_maerova_3.jpg

У лісце, напісаным месяц таму, Вольга спадзяецца, што хвароба толькі пачынаецца і яшчэ можна затармазіць яе развіццё. Палітзняволеная піша, што турэмныя лекары кантралюць узровень цукру ў яе крыві, аднак дамагчыся ад адміністрацыі танометра і глюкометра ў яе не атрымліваецца.

«На волі, без стрэсаў ані аб якім дыябеце гаворкі б не было, — упэўненая жанчына. — Што ж, буду вучыцца жыць і з гэтым падарункам ад роднай краіны».

У лісце Вольга выказала вялікую ўдзячнасць простым беларусам, якія не забываюцца пра яе.

«Людзі дасылаюць больш чым дастаткова прадуктаў, у тым ліку садавіну з гароднінай. І нават касметыку. У бандэролях прыходзяць паштоўкі, часта вельмі смешныя. Людзям нізкі паклон, да слёз ім удзячная», — піша палітзняволеная.

Пра суд яна распавяла зусім крыху. Але адзначыла: «Было б да жудасці цікава хоць адным вокам паглядзець, як наш працэс выглядае з вашага боку. Напэўна, вы не можаце адчуваць гэтыя эмоцыі. Думаю, калі мы дажывем да канца працэсу, гэта застанецца самай значнай і эмацыйна насычанай падзеяй у жыцці».

Палітзняволеная грамадская актывістка Вольга Маёрава праходзіць па крымінальнай справе Мікалая Аўтуховіча. Вользе інкрымінавалася восем крымінальных артыкулаў — ад закліку да санкцый да тэрарызму. Пазней яна напісада сыну, што абвінавачванне ў тэрарызме з яе было знятае.

Суд па «справе Аўтуховіча» праходзіць цяпер у турме Гродна. Абвінавачаных у судовай залі трымаюць у клетках.