Што распавялі праваабаронцы спецдакладчыкам ААН пра больш за 1000 затрыманых за антываенную пазіцыю
Праваабарончы цэнтр «В*сна» праінфармаваў чатырох спецыяльных дакладчыкаў ААН: па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабодным выказванні, аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцый, аб гвалце ў дачыненні да жанчын — з нагоды адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу людзей у Беларусі, якія выказалі антываенную пазіцыю.
«В*сне» вядома пра больш як 1000 затрыманых за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць
вайны і пра 32 крымінальныя справы за антываенныя актыўнасці з 24 лютага 2022
года. Пры гэтым праваабаронцы адзначаюць, што гэта могуць быць няпоўныя
звесткі, бо ў шматлікіх выпадках суддзі таемна праводзяць закрытыя пасяджэнні ў
рэжыме відэаканферэнцыі без абвяшчэння даты і месцы судовага разгляду.
Праваабаронцы
звяртаюць увагу спецдакладчыка на пытанні аб гвалце ў дачыненні да жанчын, што
сярод затрыманых за антываенную пазіцыю шмат жанчын. Вядома прынамсі 278 такіх
выпадкаў. Затрыманыя паведамлялі пра здзекі з боку міліцыі і невыносныя ўмовы
ўтрымання ў ізалятарах, калі ў камеру засялялі ў тры-чатыры разы больш жанчын,
чым разлічана спальных месцаў. У ізалятарах жанчыны спалі на падлозе, не
атрымлівалі ежы і пітной вады, гігіенічных сродкаў, іх не вадзілі ў душ і на
шпацыры.
Таксама вядома
пра шматлікія крымінальныя пераследы ў сувязі з антываеннымі выказваннямі і
іншымі спосабамі выказвання салідарнасці з Украінай: за антываенныя і
антырасійскія выказванні ў сацсетках, распаўсюд інфармацыі пра перасоўванне
расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, спробы перашкодзіць перасоўванню
вайсковай тэхнікі на чыгунцы. У якасці прыкладаў праваабаронцы прывялі справы
супраць палітзняволеных Дануты Перадня, асуджанай да 6,5 гадоў калоніі за
рэпост тэксту, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Уладзіміра Пуціна і
Аляксандра Лукашэнкі па развязванні вайны ва Украіне; журналіста Юрыя
Ганцарэвіча, асуджанага да 2,5 гадоў калоніі за фота расійскай вайсковай
тэхнікі; студэнта Аляксандра Загдая, асуджанага да 2,5 гадоў калоніі за зліў звестак пра вайсковыя самалёты; «рэйкавых партызанаў» Дзяніса Дзікуна, Алега Малчанава, Дзмітрыя Равіча, Яўгена Мінкевіча, Дзмітрыя
Клімава, Уладзіміра Аўрамцава і іншых.
Праваабаронцы адзначаюць важнасць працы з міжнароднымі структурамі:
«Ад пачатку
вайны ва Украіне ўвага да беларускай праблемы з боку міжнароднай супольнасці
значна зменшылася. За мяжой рэпрэсаваныя беларусы пазбаўляюцца падтрымкі,
некаторыя арганізацыі адмаўляюцца ад супрацоўніцтва. Праз тое, што афіцыйная
Беларусь дазволіла выкарыстоўваць сваю тэрыторыю расійскім войскам, часта
чуваць абвінавачванні ў адрас простых грамадзян.
Дзеля таго, каб
звярнуць увагу на тое, што насамрэч адбываецца ўнутры краіны, мы і адпраўляем
такія паведамленні ў ААН. Мы паказваем, што за антываенную пазіцыю беларускія
ўлады рэпрэсуюць тых, хто выступае супраць вайны ўнутры краіны.
Канечне, мы
ўсведамляем, што наўпрост цяпер, на жаль, не існуе якога-небудзь дзейснага і эфектыўнага
механізму, які мог бы спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў і вырашыць
праблемы. Але цяпер трэба рабіць тое, што дапаможа прасоўваць нашу пазіцыю ў
будучыні».
Цяпер задачы
спецдакладчыкаў палягаюць у тым, каб вывучаць, адсочваць, кансультаваць і
публічна паведамляць пра праблемы правоў чалавека ў Беларусі. Праваабаронцы
тлумачаць, што інфармацыя, якую яны паведамляюць у органы ААН, часта ўваходзіць
у даклады ААН, як, напрыклад, у апошні даклад спецыяльнай дакладчыцы па пытанні
аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн (на 50-й сесіі
Савета па правах чалавека 13 чэрвеня — 8 ліпеня 2022 года).