Украінцам пачалі забараняць перасякаць мяжу Расіі з Беларуссю

Украінцам пачалі ўручаць апавяшчэнні, што перасячэнне мяжы Расіі на расійска-беларускім участку на чыгуначным транспарце нібыта з'яўляецца «парушэннем правілаў перасячэння мяжы РФ».

d456bbe5c323ce67297f3df627a881fe.jpg

Пра гэта паведамляюць расійскія СМІ са спасылкай на прэс-службу праекта Every Human Being.

Такія паведамленні атрымалі не менш за пяць украінцаў, якія спрабавалі набыць квіткі на цягнікі, якія ідуць з Расіі ў Беларусь.

«Пры правядзенні памежнага кантролю вы будзеце выдаленыя з цягніка супрацоўнікамі памежнай службы ФСБ Расіі», — сказана ў паведамленні.

Акрамя гэтага, у дакуменце напісана, што парушальнікі будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці — ім пагражае штраф ад двух да пяці тысяч рублёў, а таксама «адміністрацыйнае выправаджэнне за межы РФ» у выпадку, калі чалавек ехаў з Беларусі ў Расію.

photo_2022_10_21_18_01_12.jpg

Удзельнікі праекта Every Human Being заявілі, што ўкраінцы аказалісяя закладнікамі сітуацыі: «яны не могуць і выехаць з Расіі легальна, і не могуць быць дэпартаваныя, таму што гэта забараняе ў цяперашніх умовах расійская ўлада».

Юрыстка і заснавальніца праекта Every Human Being Паліна Мурыгіна пракаментавала такія рашэнні рускіх памежнікаў наступным чынам:

«Гэта чарговы інструмент запалохвання і прамы сігнал гвалтоўна дэпартаваным у РФ украінцам, што выехаць у іх не атрымаецца. Працяг палітыкі таго, што ўсе ўкраінцы хочуць быць грамадзянамі РФ. Іх вымушаюць застацца ў краіне. Мы толькі сутыкнуліся з такой практыкай, таму не можам сказаць, ці з усімі сухапутнымі межамі Расіі цяпер такое адбываецца. Мы дакладна ведаем, што цяпер ўкраінцам праблематычна выехаць з РФ, асабліва ў ЕС. Раней, калі грамадзяне Украіны з'язджалі з краіны, іх дапытвалі, але выпускалі. З таго моманту, як ЕС увёў адмежавання, допыты сталі больш жорсткімі, і памежныя службы істотна павялічылі кантроль у гэтым кірунку. Рабіць прагнозы ў такой сітуацыі цяжка, але мы мяркуем, што далей Расія можа заявіць грамадзянам Украіны: «Вы не можаце знаходзіцца на тэрыторыі Расіі больш за 90 дзён. Рабіце расійскія дакументы». Раней улады настойвалі на афармленні часовага прытулку — і забіралі ўкраінскія пашпарты. Верагодна, цяпер іх могуць прымушаць рабіць расійскія пашпарты, а тых, хто не пагодзіцца, — адпраўляць у СІЗА і ўключаць у пералік экстрэмістаў і тэрарыстаў».

Актывісты-праваабаронцы дадалі, што такія ж паведамлення ў вуснай форме атрымалі ўкраінцы, якія спрабавалі выехаць з Расіі на аўтобусе. Ці планавалі яны выехаць з Расіі ў Беларусь ці іншую краіну, не ўдакладняецца.

Нагадаем, паводле ААН, пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну больш за 14 мільёнаў украінцаў збеглі з краіны. Амаль сем мільёнаў з іх вярнуліся назад. У Расіі, паводле інфармацыі ААН, аказалася 2,8 мільёна ўкраінскіх бежанцаў. Колькі з іх засталіся ў РФ — невядома. Зрэшты, ці дакладныя такія лічбы, не вядома, бо некаторых украінцаў вывозілі ў РФ прымусова.

Паводле Медузы, «Дождь», Every Human Being