Ліквідацыя Экадома прызнана пераследам і ўціскам НДА
Упершыню ў гісторыі Орхускай канвенцыі прынята рашэнне па Беларусі. І звязана яно з ліквідацыяй Экадома.
У Жэневе на сёмай сустрэчы бакоў Орхускай канвенцыі 21 кастрычніка было прынятае рашэнне па Беларусі, якое прызнала ліквідацыю Экадома выпадкам пераследу і прыгнёту НДА. Экадом на працягу доўгіх гадоў займаўся прасоўваннем Орхускай канвенцыі, а таксама быў аўтарам паведамленняў у Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі, у тым ліку тых, якія тычацца ціску на экаактывістаў.
Рашэнне не толькі прызнае ліквідацыю арганізацыі парушэннем канвенцыі, але і прадугледжвае прыпыненне для Беларусі правоў і прывілеяў па канвенцыі, калі краіна не распачне крокі для аднаўлення рэгістрацыі Экадома да 1 снежня 2021 года. Прыпыненне ўступіць у сілу з 1 лютага 2022 года.
Гэта першы выпадак у гісторыі канвенцыі, калі ўсе спробы дасягнуць кансенсус былі вычарпаныя і бакі вымушаныя былі звярнуцца да прыняцця рашэння галасаваннем, паведамляецца ў прэс-рэлізе.
За рашэнне прагаласавалі 27 краін ЕС, Грузія, Ісландыя, Чарнагорыя, Нарвегія, Швейцарыя, Сербія, Вялікабрытанія.
Супраць — Казахстан, Кыргызстан, Арменія і Беларусь.
Устрымалася Малдова.
Такім чынам, 34 з 39 краін падтрымалі гэтае рашэнне і заклікалі Беларусь адмяніць рашэнне аб ліквідацыі ГА "Экадом". Гэта першы выпадак у гісторыі канвенцыі, калі аднаго з камунікатаў з Камітэтам па выкананні ліквідавалі. Орхускай канвенцыі ў гэтым годзе споўнілася 20 гадоў.
"Прыняцце рашэння па Беларусі з важнымі высновамі і рэкамендацыямі сапраўды паказвае прыхільнасць духу экалагічнай дэмакратыі. І гэта безумоўна важна, як для асобных людзей і арганізацый, так і для прасоўвання прынцыпаў самой канвенцыі. Так мы прызнаем, што лёс асоб, якія рэалізуюць экалагічныя правы з'яўляецца вельмі значнай і Канвенцыя спрыяе іх абароне» — сказала дырэктарка Экадома Марына Дубіна ў заключным слове.
Для інфармацыі:
Орхуская канвенцыя — канвенцыя Еўрапейскай Эканамічнай Камісіі ААН "Аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя».
Экадом — гэта грамадскае аб'яднанне і адна з найстарэйшых некамерцыйных экалагічных арганізацый у Беларусі па прасоўванні экалагічна дружалюбнага ладу жыцця і ідэй устойлівага развіцця.