Хто ў спісе «тэрарыстаў» КДБ? Дзясяткі таленавітых, яркіх і смелых беларусаў
Лукашэнка даўно падмяняе паняцці і хлусіць усяму свету. Святлана Ціханоўская выказалася пра гонар беларусаў
Святлана Ціханоўская пракаментавала папаўненне «тэрарыстычнага спісу» КДБ. Сёння, 20 красавіка, у яго трапілі палітзняволеныя супрацоўніцы T*T.ВY — рэдактарка Марына Золатава і Людміла Чэкіна. Акрамя іх у спіс дадалі былога студэнта Канстанціна Рудніцкага, арганізатара турпаходаў Ігара Галушку, былога выкладчыка радыётэхнічнага каледжа Цімафея Шкуратовіча і «рэйкавага партызана» Віталя Мельніка, якому пры затрыманні прастрэлілі калені. Цяпер у спісе ад КДБ — 934 чалавекі, з іх 189 — беларусы, нагадваюць праваабаронцы.
— Марына Золатава і Людміла Чэкіна стварылі медыя, якое чыталі мільёны беларусаў — ледзьве не кожны другі жыхар Беларусі пачынаў свой дзень з чытання навінаў T*T.by, — адзначыла Святлана Ціханоўская. — Сёння Марыну і Людмілу дадалі ў спіс «тэрарыстаў».
Хто яшчэ ў гэтым спісе? Марыя Калеснікава, Максім Знак, Павел Латушка, Аляксандр Азараў, Антаніна Канавалава і яшчэ дзясяткі таленавітых, яркіх і смелых беларусаў. Сёння разам з імі ў спіс дадалі былога выкладчыка Цімафея Шкуратовіча, арганізатара турпаходаў Ігара Галушку, былога студэнта Канстанціна Рудніцкага, рэйкавага партызана Віталя Мельніка — гэта яму пасля затрымання прастрэлілі калені.
Лукашэнка даўно падмяняе паняцці і хлусіць усяму свету. Ён кажа пра «мірнае неба», але сам штурхае Беларусь у вайну. Ён расказвае пра дабрабыт беларусаў, але сам стаў прычынай таго, як страшна растуць цэны, падаюць заробкі, зачыняюцца прыватныя школы і з'язджаюць з краіны кваліфікаваныя лекары.
І ўся краіна ведае: калі такі рэжым аб'яўляе людзей «тэрарыстамі» — значыць, гэтыя людзі і ёсць гонар усяго беларускага народа.
Нагадаем, раней была інфармацыя, што Марына Золатава і Людміла Чэкіна абвінаваюцца паводле арт. 243 Крымінальнага кодэкса — «Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў» Цяпер жа, паводле інфармацыі КДБ, іх абвінавачваюць паводле арт. 130 КК («Распальванне варожасці») і арт. 361 КК («Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»).