Новыя тэрарысты ад КДБ: рэдактарка найбуйнейшага партала, арганізатар турпаходаў, партызан, якому прастрэлілі калені
Палітзняволеных супрацоўніц T*T.ВY Марыну Золатаву і Людмілу Чэкіну дадалі ў «тэрарыстычны спіс» КДБ.
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ шасці чалавек. Цяпер у ім 934 чалавекі, з іх 189 — беларусы, нагадваюць праваабаронцы.
Туды трапілі палітзняволеныя супрацоўніцы T*T.ВY Марына Золатава і Людміла Чэкіна.
Калі раней была інфармацыя, што ім прад'яўлены абвінавачванні паводле арт. 243 Крымінальнага кодэкса («Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў»), то цяпер, паводле інфармацыі КДБ, жанчын абвінавачваюць паводле арт. 130 КК («Распальванне варожасці») і арт. 361 КК («Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»).
Акрамя іх у спіс дадалі былога студэнта Канстанціна Рудніцкага, арганізатара турпаходаў Ігара Галушку, былога выкладчыка радыётэхнічнага каледжа Цімафея Шкуратовіча і «рэйкавага партызана» Віталя Мельніка, якому пры затрыманні прастрэлілі калені.