Крыніцы: Афіцэр спецназа КДБ збег з Беларусі за мяжу. Лукашэнкаўцы турбуюцца, што ён загаворыць

Як стала вядома «Н*шай Ніве» ад не звязаных між сабой крыніц унутры і за межамі Беларусі, нядаўна за мяжу збег вайсковец спецназа КДБ «Альфа». Пасля гэтага ягоную групу паставілі «на каранцін» і адхілілі ад выканання заданняў — правяраюць і шукаюць іншых патэнцыйных «здраднікаў». У той жа час яму пакуль няма даверу і за мяжой.

1056817873_0_0_2972_2048_600x0_80_0_1_b4d4872aab768a3f9b0b0bb0cb1f90a4.jpg

Аб уцёках спецназаўца выданню стала вядома ад суразмоўцаў у сілавых органах, якія акцэнтавалі ўвагу на тым, што «кіраўніцтва рэпрэсіўнага апарата застыла ў позе няёмкага чакання».

Папярэдне вядома, што ўцёк афіцэр у званні капітана.

Яго імя, пасада, а таксама ўзровень ягоных допускаў да інфармацыі пакуль невядомыя. У якіх «аперацыях» ён браў удзел, таксама няясна.

Вядома толькі, што нелегальны пераход граніцы адбыўся пры канцы верасня. А калі факт уцёку з карнага органа стаў вядомы начальству, уся група, дзе служыў перабежчык, адправілася «на карацін», што азначае часовае адхіленне ад выканання заданняў. Спецназаўцаў правяраюць на лаяльнасць пасля кроку калегі.

З крыніц у эміграцыйных структурах стала вядома, што ў пераходзе мяжы спецназаўцу дапамагала антылукашысцкае падполле.

Вядома, што цяпер гэтага спецназаўца правяраюць контртэрарыстычныя службы адной з сумежных дзяржаў, але «асаблівага даверу ён не выклікае і мэты яго няясныя».

З пачатку 2020-га года маса сілавікоў адмовілася служыць рэжыму Лукашэнкі, нейкая частка з іх перайшла ў адкрытую апазіцыю, у тым ліку старэйшыя афіцэры спецслужбаў і МУС.

Самы знакаміты з такіх афіцэраў — падпалкоўнік Станіслаў Лупаносаў, які, як лічыцца, вывез разам з сабой каласальны масіў даных з інфармацыяй пра злачынствы рэжыму, а таксама інфармацыйныя базы.