КДБ і ААЦ хочуць прымусіць сайты перадаваць інфармацыю пра карыстальнікаў

Калі правайдары ці ўладальнікі сайтаў не змогуць ці не захочуць падключыцца да SORM, іх могуць заблакіраваць. Усе мусяць падключацца да дзяржаўнай сістэмы «на бязвыплатнай аснове».

Малюнак NBC News

Малюнак NBC News

18 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 368 «Аб узаемадзеянні аператараў электрасувязі, пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў з органамі, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць», паведамляе devby.io.

Згодна з указам, КДБ і ААЦ змогуць атрымліваць доступ да баз даных карыстальнікаў сайтаў і правайдараў сувязі.

Улады збіраюцца стварыць інфармацыйную сістэму электроннага ўзаемадзеяння са спецслужбамі — «сістэму тэхнічных сродкаў для забеспячэння аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў (SORM)».

Яе распрацоўкай зоймецца «Цэнтр лічбавага развіцця», а ўладальнікам і аператарам будзе «БелДІЭ».

«Цэнтр лічбавага развіцця» — дзяржкампанія, створаная восенню 2022 года ў рамках указа № 136 «Аб органе дзяржаўнага кіравання ў сферы лічбавага развіцця і пытаннях інфарматызацыі». Чыноўнікі казалі, што цэнтр дапаможа з працэсамі лічбавізацыі ў эканоміцы. «Цэнтр лічбавага развіцця» з'яўляецца рэзідэнтам ПВТ.


ААЦ і КДБ будуць складаць спісы «пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі» і ўладальнікаў сайтаў, якія павінны далучыцца да сістэмы «на бязвыплатнай аснове».

Яны павінны рэгістравацца ў інфармацыйнай сістэме на працягу месяца, а на працягу трох месяцаў — даць ААЦ і КДБ «кругласутачны дыстанцыйны доступ да баз даных, аўтаматызаваных сістэм, якія змяшчаюць інфармацыю пра карыстальнікаў, аказаныя гэтым карыстальнікам паслугі электрасувязі, інтэрнэт-паслугі, а таксама паслугі, аказаныя з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсу, якія не з'яўляюцца паслугамі электрасувязі, інтэрнэт-паслугамі».

Калі правайдары і ўладальнікі сайтаў не змогуць падключыцца да сістэмы аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў SORM, іх могуць заблакіраваць згодна з пастановай ААЦ і КДБ.