Каб сачыць за беларусамі, «Белтэлекам» абвясціў тэндар больш чым на мільён долараў
«Белтэлекам» хоча купіць тэхсродкі «для забеспячэння аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў» больш чым на мільён долараў. Цікава, ці не зашкодзяць гэтаму санкцыі?
«Белтэлекам» ужо з 11 кастрычніка спрабуе закупіць тэхніку — верагодна, для таго самага сачэння. На сайце «Белтэлекама «размешчаная інфармацыя аб дзяржзакупках: аператар сувязі мае намер набыць 32 «прылады сістэмы тэхнічных сродкаў для забеспячэння аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў», піша «Л*стэрка».
Тэхнічнай дакументацыі да закупкаў не прыкладаецца, таму атрымаць падрабязную інфармацыю пра тое, што гэта за прылады, немагчыма.
Паведамляецца, што конкурсныя дакументы ўдзельнікам выдадуць у офісе «Белтэлекама» на падставе заяўкі, накіраванай на электронную пошту. На закупы плануецца выдаткаваць 1 170 000 долараў. Тэрмін пастаўкі — з 31 кастрычніка 2022 года да 30 красавіка 2023 года.
Нагадаем, як пісаў «НЧ», 21 кастрычніка стала вядома, што 18 кастрычніка Лукашэнка падпісаў указ №368 «Аб узаемадзеянні аператараў электрасувязі, пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў з органамі, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць». Згодна з гэтым указам, Камітэт дзяржаўнай бяспекі і Аператыўна-аналітычны цэнтр змогуць атрымаць прамы кругласутачны доступ да баз даных карыстальнікаў, інфармацыйных сістэм інтэрнэт-рэсурсаў Беларусі і правайдэраў. Гэта робіцца, нібыта, «у мэтах аператыўна-вышуковай дзейнасці». Сістэму тэхнічных сродкаў для забеспячэння аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў (SORM)» распрацоўвае «Цэнтр лічбавага развіцця», а ўладальнікам і аператарам будзе «БелДІЭ».
Уладальнікі рэсурсаў, на якія ўкажуць спецслужбы, і правайдары вымушаныя будуць за свой кошт і ўсталёўваць сістэму, і, відаць, закупляць для яе працы абсталяванне. Яны будуць абавязаны не менш за год захоўваць інфармацыю аб усіх паслугах, аказаных карыстальнікам. Адмовіцца ад гэтага нельга, бо іх могуць заблакіраваць згодна з пастановай ААЦ і КДБ. Усе сайты, будуць абавязаныя ўсталяваць сістэму, якая дасць такі доступ.