Два ваяры палка «Пагоня» нібыта самавольна пакінулі падраздзяленне. Аднаго з іх падазраюць у працы на КДБ (абноўлена)

Жаўнеры палка, які ваюе ў складзе УСУ, пакінулі фармаванне. Гэта адбылося пасля праверкі СБУ і рашэння аб дэпартацыі абодвух, паведамілі ў тэлеграм-канале палка.

pahonja_polk.jpg


Як распавялі ў падраздзяленні, 14 кастрычніка пасля двухтыднёвай планавай праверкі СБУ, якая праводзілася перад заключэннем ваенных кантрактаў, два байцы палка «Пагоня» атрымалі афіцыйнае рашэнне аб дэпартацыі і павінны былі пакінуць тэрыторыю Украіны да 23 кастрычніка.
У палку заявілі, што камандаванне не мае падстаў не давяраць рашэнням дзяржорганаў Украіны і выконвае гэтыя рашэнні ў адпаведнасці з заканадаўствам. Абодвум вайскоўцам выдалі грошы на квіток да бліжэйшай бяспечнай краіны.
Пасля гэтага ваяры самавольна пакінулі фармаванне. Аднаго з іх падазраюць у супрацоўніцтве з беларускім КДБ.
Абноўлена:
Разам з гэтым кіраўнік вайсковай фармацыі Мікалай Сікорскі зняпраўдзіў словы аб тым, што аднаго з байцоў палку нібыта западозрылі ў супрацы з КДБ Беларусі.
У сеціве з'явіўся відэазварот камандзіра роты палка «Пагоня» Мікалая Сікорскага. У ім гэта камандзір паведамляе пра тое, што тэлеграм-канал ягонага вайсковага фармавання перахоплены іншымі людзьмі. Што гэта за людзі, ён не ўдакладніў.
Таксама Сікорскі аспрэчыў інфармацыю, што двух байцоў «Пагоні» з пазыўнымі «Франц» (Ціхан Клюкач) і «Карыч» дэпартавалі з Украіны, прычым аднаго нібыта за імаверную супрацу з КДБ Беларусі. Паводле словаў Сікорскага, абодва байцы праходзілі паліграф у СБУ і зрабілі гэта паспяхова.
Нагадаем, нядаўна было заяўлена, што на базе палка «Пагоня» ва Украіне будзе створана спартыўна-патрыятычнае таварыства.
«Мэтамі арганізацыі з’яўляюцца аб’яднанне беларусаў Украіны ў супрацьстаянні расейскай агрэсіі і ліквідацыі дыктатуры ў Беларусі, умацаванне і пашырэнне палка "Пагоня" ды іншых фармаванняў, падрыхтоўка рэзерву для нацыянальна-вызваленчага руху Беларусі, а таксама валанцёрскай, спартыўнай і культурна-асветніцкай дзейнасці. Ва Управе арганізацыі будуць прадстаўлены беларускія ваяры, вядомыя спартсмены і грамадскія дзеячы», — гаворыцца ў заяве палка.
А таксама, нядаўна прадстаўнік па абароне Аб'яднанага пераходнага кабінета Валеры Сахашчык абвясціў пра стварэнне «Паспалітага Рушэння» — нацыянальнай спартыўна-адукацыйнай арганізацыі, якая павінна спрыяць «аб’яднанню беларусаў вакол мэты абароны незалежнасці Беларусі і ўзнаўленню законнасці на тэрыторыі нашай краіны». «Паспалітае Рушэнне» будзе складацца з харугваў, кожная з якіх належыць пэўнаму гораду.
Тыдзень таму было заяўлена пра стварэнне Віленскай, Варшаўскай, Уроцлаўскай і Беластоцкай харугваў. Верагодна, спартыўна-патрыятычнае таварыства «Пагоня» — спроба стварыць такое аб'яднанне ва Украіне.