Валерый Сахашчык стварае «Паспалітае Рушэнне»

Аб'яднаны пераходны кабінет аб'явіў пра стварэнне «нацыянальнай спартыўна-адукацыйнай арганізацыі».

Прадстаўнік па абароне Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерый Сахашчык

Прадстаўнік па абароне Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерый Сахашчык


Новае ўтварэнне на чале з прадстаўніком па абароне Аб'яднанага кабінета Валерыем Сахашчыкам мае на мэце «аб’яднанне беларусаў вакол мэты абароны незалежнасці Беларусі і ўзнаўлення законнасці на тэрыторыі нашай краіны», спрыянне «фізічнаму і інтэлектуальнаму развіццю грамадзянак і грамадзян» і «адраджэнню беларускіх вайсковых традыцый».
Як паведамляецца ў прэс-рэлізе, складацца «Паспалітае Рушэнне» будзе з харугваў, кожная з якіх мусіць належаць пэўнаму гораду. Праз немагчымасць захаваць бяспеку ўдзельнікаў у самой Беларусі харугвы пакуль не плануюцца. АПК адзначае, што гэта часовая мера.
На першыя харугвы ўжо прызначаныя ротмістры. Як гаворыцца ў рэлізе, гэта «аўтарытэтныя і дасведчаныя кандыдаты».
Удзел у харугвах добраахвотны і не мае полавых і ўзроставых абмежаванняў. Усе чальцы харугваў мусяць прайсці 7-дзённую бясплатную падрыхтоўку, у межах якой яны будуць атрымліваць патрэбную экіпіроўку.
На дадзены момант абвешчана пра стварэнне Віленскай, Варшаўскай, Уроцлаўскай і Беластоцкай харугваў. Пра іншыя будзе аб'яўлена пазней.