Рэжым працягвае спробы дыскрэдытаваць Валерыя Сахашчыка. Цяпер няўклюдна выдаюць яго за «агентуру»
4 кастрычніка ў рэдакцыю «З*ркала» невядомы даслаў фатаграфію дакумента аб узнагароджанні Валерыя Сахашчыка нагрудным знакам ад Упраўлення ваеннай контрвыведкі КДБ РБ. Выданне звязалася з прадстаўніком Аб'яднанага кабінета па абароне і нацбяспецы.

Фатаграфію даслалі з акаўнта, зарэгістраванага на нумар з кодам +316. Гэта код Гуама — выспы Марыянскага архіпелага ў заходняй частцы Ціхага акіяна, ён належыць ЗША, хоць і не ўваходзіць у іх.
На фатаграфіі — пасведчанне № 033 ад Упраўлення ваеннай контрвыведкі КДБ Беларусь, выдадзенае нібыта Валерыю Сцяпанавічу Сахашчыку. У ім значыцца, што ўладальнік пасведчання ўзнагароджаны нагрудным знакам «За ўзаемадзеянне» загадам ад 14 снежня 2016 года. На той момант Валерый Сахашчык ужо 14 гадоў быў у запасе.
— Нічога
агульнага з КДБ я ніколі не меў. Тут нават няма чаго каментаваць. Проста
намалявалі — і ўсё, — сказаў Сахашчык.
— То бок гэты
дакумент — падробка?
— Безумоўна. Я
ніколі нічога агульнага не меў з КДБ, мяне ніхто ніколі не ўзнагароджваў. Гэта
поўнае глупства.
Сахашчык кажа,
што да падобных укідаў ставіцца як да «непазбежных наступстваў таго, чым
займаецца».
— Трэба людзям
мяне неяк трывожыць і выводзіць са стану душэўнай раўнавагі. Не ведаю, напэўна,
частка якой-небудзь псіхалагічнай аперацыі, — сказаў ён.

Нагадаем, у
першай палове верасня стала вядома, што Валерый Сахашчык з 1992 года мае
расійскае грамадзянства. Заяўлялася, што ён «атрымаў яго аўтаматам», бо ў той
час «служыў пад юрысдыкцыяй Расіі».
Сам Валерый
Сахашчык распавядаў, што карыстаўся расійскім пашпартам, калі працаваў у
краінах Афрыкі, бо ён дазваляў уязджаць у большасць краін без віз, у адрозненне
ад беларускага. Аднак перастаў карыстацца дакументам пасля таго, як скончыўся
афрыканскі этап яго жыцця.
22 верасня
Сахашчык адправіў у амбасаду Расіі ў Польшчы дакументы з адмовай ад расійскага
грамадзянства.
— Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што асуджаю агрэсію Расіі супраць Украіны, жадаю ўкраінскаму народу найхутчэйшай перамогі. Слава Украіне! Жыве Беларусь! — заявіў прадстаўнік Кабінета падчас здымкі відэа на парозе аддзялення пошты ў Варшаве.