«Думаў, што здохну там, калі шчыра...»
Збіванне сілавікамі ў пад'ездзе ўласнага дома, шпіталізацыя з РУУС з цяжкімі траўмамі, доўгае аднаўленне і зноў жорсткае затрыманне са шчытамі і аўтаматамі, катаванні ў ГУБАЗіКу, крадзеж грошай пры затрыманнях, 11 сутак у карцары на Акрэсціна, чатыры месяцы на «Валадарцы», суд за ўдзел у Маршах праз фота са «зніклага» ў міліцыі тэлефона і эміграцыя з Беларусі. Гэта сціслая гісторыя двух гадоў жыцця 34-гадовага фітнес-трэнера Канстанціна Яршова.
Былы палітвязень распавёў «В*сне» падрабязнасці свайго пераследу.
«На*уй вы яго сюды прывезлі? Чаго вы яго па дарозе не выкінулі? А раптам ён тут памрэ?»
У адзін з вечароў узімку 2020 года Канстанціну, які толькі адхварэў на COVID-19, трэба было адвезці бацьку ў лякарню ежу і рэчы. Але да яго мужчына так і не даехаў. Калі выйшаў з пад'езда, то ўбачыў характэрны бус з АМАПам. Канстанцін вырашыў паехаць пазней і хацеў вярнуцца дадому, але не паспеў.
«Мяне моцна збілі ў пад'ездзе ўласнага дома. За мной зайшоў ціхар і стукнуў па галаве. Я паваліўся проста каля ліфта. Пасля забеглі пяць ці шэсць сілавікоў. Калі я яшчэ трошкі быў у свядомасці, то паспеў сказаць ім, што я толькі перахварэў на COVID, але яны адрэагавалі на гэта ўдарамі ў вобласць сэрца і лёгкіх, каб я, напэўна, дыхаць не мог. Усярэдзіне пад'езда няма камер, таму "ніхто не бачыць — можна біць!" Мяне адштурхалі вельмі жорстка. Мяне настолькі цяжка збілі, што ў стане непрытомнасці адцягнулі ў бусік. У машыне мяне яшчэ трошкі білі: я то прыходзіў у свядомасць, то адключаўся.
У бусе таксама апынулася знаёмая дзяўчына з суседняга пад'езда. Ёй нацягнулі шапку на галаву і таксама збівалі. Яе білі ў галаву кулаком ці нагой, яна казала, што адразу "зоркі з вачэй" пасыпаліся. Пра тое, што адбывалася потым са мной, я дазнаваўся ад яе. Яна распавяла, што нас [з іншымі затрыманымі] кінулі на падлогу і працягвалі біць. У мяне ўся вопратка была ў крыві, парвалі скураную куртку. Але, хутчэй за ўсё, яны да мяне хутка цікавасць страцілі, бо я быў у непрытомнасці: пабілі трохі і ўсё.
Па дарозе ў РУУС з бусіка мяне перакінулі ў аўтазак — жалезны МАЗ. Нейкі хлопец прывёў мяне ў прытомнасць. Ён быў увесь у крыві — яго таксама цяжка збілі. Ён папрасіў сцерці з ягонага лба знак — намаляванае маркерам кола з чымсьці. Я быў амаль у стане непрытомнасці і з апошніх сіл сцёр гэты знак і зноў выключыўся. Мне трапілі кудысьці ў сэрца і, мяркуючы па ўсім, у мяне была трэшчына ў рабры.
Калі дзверы аўтазака адчыніліся, я выпаў. І калі я стукнуўся галавой аб падлогу, то апрытомнеў. Калі нас прывезлі ў РУУС, мяне выцягнулі і сказалі ісці самому. Я паспрабаваў зрабіць крок на правую нагу і зразумеў: штосьці не тое. Нага дзіка балела і не слухалася. Пасля ў лякарні высветлілася, што ў мяне разрыў мышцы ў сцягне. Супрацоўнікі, калі ўбачылі мой стан, пачалі крычаць: "Выклікайце хуткую! На*уй вы яго сюды прывезлі? Чаго вы яго па дарозе не выкінулі? А раптам ён тут памрэ? Што вы з ім зрабілі, ідыёты?" Я ляжу і гэта ўсё чую. Я не ведаю, як я выглядаў, але па вопратцы пасля зразумеў, што вельмі дрэнна: у мяне быў збіты твар, на шчацэ быў след ад бота — хтосьці на мяне ставіў нагу ў бусіку, відаць».
«Мы нават зрабілі генеральную даверанасць на распараджэнне маёй маёмасцю»
Канстанцін мяркуе, што яго тады збівалі супрацоўнікі АМАПа. Пасля выкліку з РУУС прыехала хуткая.
«Але дактары, калі прыехалі на выклік, штурхнулі мяне нагой і сказалі: "Уставай". Потым яны мяне неяк прывялі ў прытомнасць. У мяне былі пашкоджаны рэбры (злева), калена, локаць, плячо і наогул увесь правы бок, ныркі, кардыяграма была дрэнная. Напэўна, праз праблемы з сэрцам я і губляў прытомнасць».
У лякарні мужчына правёў каля трох тыдняў. Першыя пяць дзён Канстанціна трымалі пад кропельніцамі.
«Было вельмі цяжка. Максімальна. Я хадзіць не мог. Я дыхаць не мог. Я кашляць не мог. Смяяцца я таксама не мог. У нейкі момант мы нават зрабілі генеральную даверанасць на распараджэнне маёй маёмасцю, таму што дактары вельмі панікавалі, што ў мяне могуць пайсці тромбы — і тады ўсё…»
У Канстанціна таксама было зафіксавана запаленне лёгкіх і былі адбіты ныркі.
«Тады не было столькі крымінальных спраў па фатаграфіях»
Калі мужчыну з РУУС забрала хуткая, то заплечнік з рэчамі застаўся ў міліцыі. У ім былі грошы і тэлефон. Дзесьці праз месяц пасля затрымання сваякі Канстанціна змаглі забраць заплечнік па фатаграфіі, аднак там не было тэлефона і грошай, якія яму не вярнулі дагэтуль — яны проста «зніклі». У кашальку не аказалася вялікай сумы — замест папяровых банкнот насыпалі цэлую кішэню дробных капеек. Сваякі заяўлялі ў міліцыю, што знік тэлефон Канстанціна, але сілавікі яго так і не аддалі.
Аднак ні на судзе, ні падчас следства ў Канстанціна не атрымалася высветліць, дзе той тэлефон, з якога былі здабыты фота з акцый пратэсту, праз якія ён праходзіў абвінавачаным паводле крымінальнай справы.
«Гэта бардак! На судзе пракурор пытаецца: "Вашы фатаграфіі?" Я кажу: "Напэўна". Пракурор ізноў пытае: "То-бок тэлефон у вас быў?" Я адказваю: "Быў!" Пракурор удакладняе: "Дзе ён?" Я кажу: "У вас!" Пракурор дзівіцца: "Як гэта ў нас? У нас яго няма!" Кажу: "Дык і ў мяне яго няма!"»
Канстанцін цяпер узгадвае, што думак пакінуць Беларусь пасля таго, як тэлефон з ягонымі фатаграфіямі аказаўся ў сілавікоў, не было.
«Тады не было столькі крымінальных спраў праз фатаграфіі. У мяне не было думак з'язджаць, бо я люблю бязмежна сваю краіну. Цяпер, праўда, ненавіджу — пасля таго, як яна са мной абышлася. Я не думаў, што так усё павернецца. Ну, максімум — «суткі». Я быў гатовы да гэтага. У мяне сябар адседзеў сумарна 45 сутак арышту».
«Зранку да мяне заехала «метро» дадому»
Як потым Канстанцін даведаўся з матэрыялаў справы, сілавікі вырашылі, што ён з'яўляецца арганізатарам пратэсных акцый, таму некалькі месяцаў за ім сачылі. Аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы ў дачыненні да яго праводзіліся з лістапада, але прыйшлі да Канстанціна толькі сёлета 24 студзеня.
«Зранку да мяне заехала «метро» дадому: гляджу ў вочка і бачу шчыты, а па баках ліхтарыкі. У іх таксама была зброя. Сілавікі настойліва «папрасілі» адчыніць дзверы. Я жыў не адзін, а з сястрой і ейным мужам. Далей стандартна: мордай у падлогу ўсіх. Ішлі канкрэтна па мяне — паказалі тыя самыя фатаграфіі са «зніклага» тэлефона. На фота я быў у масцы».
Як распавядае мужчына, са слоў сілавікоў, яго затрымлівалі ў тым ліку сілавікі з «Алмаза». Дома забралі ўсю тэхніку, флэшкі, іншыя электронныя носьбіты і буйную суму грошай. У мужчыны нават забралі вялікі пачак таблетак для суставаў «глюказамін хандраіцін», якія ён пачаў піць пасля затрымання ўзімку 2020 года. Мужа сястры таксама затрымалі, таму што ў тэлефоне на ягоным воблаку знайшлі здымак з акцыі пратэсту.
Канстанцін меў з сабой буйную суму грошай ад продажу матацыкла. Сілавікі засунулі іх у дзве кішэні.
«І па дарозе ў ГУБАЗ грошы з адной кішэні зніклі. Я не ведаю, у які момант гэта адбылося. Я ім кажу: "А дзе мае грошы з кішэні?" А яны адказваюць: "Якія грошы? Мы не бачылі ніякіх грошай"».
Так у Канстанціна знікла каля 800 долараў. Па дарозе супрацоўнікі казалі: «О, крута, зараз мы купім сабе новыя тачкі!»
У ГУБАЗіКу мужчыну збівалі і катавалі, думаючы, што ён арганізатар пратэсных акцый.
«Было такое, што ежу нам давалі толькі адзін раз на дзень»
Аднак супраць мужчыны распачалі крымінальную справу за ўдзел у акцыях пратэсту паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. У карцары № 8 у ІЧУ на Акрэсціна Канстанціна пратрымалі 11 сутак.
«Бетонная халодная падлога, дзірка ў ёй, пад'ём два разы за ноч, каб мы не маглі адпачыць, увесь час уключанае яркае святло, 6-7 чалавек у камеры, стандартны бомж. Але нам пашанцавала! Нам закінулі мужчыну ў камеру, думаючы, што ён бомж, але ён прыстойны бяздомны — ні на што не хварэў, чысты. Але з карцара ўсё адно ўсе прыязджалі з вошамі, давялося потым усе рэчы пераправяраць.
Спалі мы, як і ўсе, на бетоннай падлозе. Але было вельмі халодна, таму што была зіма. Было дрэнна. Праз пыл ва ўсіх пачыналіся праблемы з дыханнем, з горлам і лёгкімі. Нават для мяне, цёртага калача, там было цяжкавата.
Часам нас не кармілі. Было такое, што ежу нам давалі толькі адзін раз на дзень. Мы хавалі хлеб, каб потым пагрызці сухары ў такіх выпадках. Дакументы па справе нам не давалі ў карцар, выкідвалі каля ўваходу, таму мы намагаліся схаваць, каб на іх потым спаць і не застудзіць сабе ўсё канчаткова.
Нам давалі нейкае мыла — яно нават не гаспадарчае, не ведаю, з чаго яны яго робяць. Ім не тое што валасы нельга было вымыць, ім нават рукі нельга памыць было.
У ІЧУ да нас было свінскае стаўленне. Я так разумею, нічога не змянілася з 2020 года. Супрацоўнікі там з нізкім узроўнем інтэлекту. Зранку і ўвечары жорстка праводзілі шмоны. Галаву трэба было апусціць да падлогі — чым ніжэй, тым лепш. Пры гэтым маглі стукнуць дубінкай, нагой, кулаком. Камусьці нават прыляцела рубам металашукальніка — вось гэта было балюча».
«Было цяжка: я думаў, што здохну там, калі шчыра»
На адзінаццатыя суткі Канстанціна перавезлі ў СІЗА-1, абраўшы ў якасці меры стрымання знаходжанне пад вартай. Мужчына быў вельмі хворы на той час.
«Калі мяне перавозілі ў СІЗА-1, то мне было ўжо зусім дрэнна. На той момант сінякі ўжо сышлі, але я захварэў на Акрэсціна, як і ўсе. Там жудасная антысанітарыя, мы ўсе спім на халоднай падлозе. Хутчэй за ўсё, там я падхапіў COVID. Я не адчуваў пахаў, была высокая тэмпература, кашляў крывёй. Было цяжка: я думаў, што здохну там, калі шчыра. Акрамя гэтага, у мяне вельмі запаліліся вочы — не расплюшчваліся зусім. У мяне быў кан'юктывіт, прычым у вельмі цяжкай форме. І дагэтуль ён у мяне не прайшоў.
Сістэма на «Валадарцы» такая: каб цябе прынялі, не павінна быць пабояў і ты павінен быць здаровы. Сінякі да таго часу сышлі — яны ва ўсіх да этапу сыходзяць. У мяне маглі застацца толькі кропкі ад электрашокера. Перад адпраўкай мяне нашпігавалі гарачкапаніжальнымі, таму я хутка прайшоў медагляд.
У камеру пасля «адстойніка» (часовай камеры да накіравання ў асноўную) патрапіў я толькі ўвечары. Я кашляў, быў з вялікай барадой з каўтунамі, валасы зблытаныя, брудны, у ботах з вялікім слоем пылу. Сукамернікі падумалі, што да іх закінулі бамжа. Калі я закашляў, яны пачалі панікаваць і думалі, што ў мяне сухоты і яны ўсе памруць, распавядаў потым сукамернік. Мне было наогул дрэнна — я ледзь на нагах стаяў. І я цьмяна памятаю, як у камеры пачаліся хваляванні. Усе 23 чалавекі пачалі панікаваць. Але потым я сказаў, што я заехаў паводле 342-га артыкула...»
Сукамернікі дапамаглі Канстанціну акрыяць ад прастуды сродкамі са сваіх перадачак, а для вачэй знайшлі ў кагосьці пад ложкам нейкія пратэрмінаваныя кроплі — яны трошкі дапамаглі.
«З лекамі было спачатку цяжка, але хлопцы дапамаглі. Я ачуняў дзесьці на пяты дзень. Тым часам я ўжо пачаў нармальна цяміць, хоць трымалася тэмпература і ўсё яшчэ кашляў крывёй».
«За дзень там скурваюць мінімум 1 200 цыгарэт»
Канстанцін Яршоў. Фота з сацсетак
Былы палітвязень утрымліваўся ў 24-мясцовай камеры 135 дзён — чатыры з паловай месяцы — у так званым «Шанхаі».
«Камера максімальна маленькая — месца не было зусім. Такіх толькі тры ў СІЗА. Гэтыя камеры прызначаны для асуджаных людзей, якіх адпраўляюць адбываць пакаранне. Гэта такі перавалачны пункт. То-бок людзі стала жыць не павінны там. А наогул гэта былыя складскія памяшканні, пераробленыя ў камеры. Ніякай вентыляцыі і святла там не было — гэта падвал. Дзённага святла мы не бачылі ў прынцыпе».
Канстанцін сядзеў у адной камеры з былым судмедэкспертам, патолагаанатамам Паўлам Мякішам, якога асудзілі да пяці гадоў калоніі.
«Ён вельмі добры чалавек. Пашка навучыўся маляваць у СІЗА. Я захапляўся ім! Пры канцы ён ледзь не фатаграфічныя малюнкі рабіў. І адпраўляў іх сваім дзецям. Памятаю, у мяне дракончыка браў перамалёўваць».
Канстанцін распавядае, што ў СІЗА вельмі шмат чытаў, напрыклад, Рэмарка, «Гары Потара» па-англійску, Дэна Брауна, кнігі пра бізнес.
Былы палітвязень адзначае, што ў камеры вельмі шмат курылі, таму яму, спартоўцу, які не меў гэтай звычкі, было вельмі цяжка там.
«Я палічыў, што за дзень там скурваюць мінімум 1 200 цыгарэт. У камеры няма вентыляцыі, таму там увесь час стала заслона, як у фільмах, дзе пускаюць дымавуху. Таму ў першы тыдзень майго знаходжання, як толькі ледзь ачуняў, я пачаў наводзіць парадкі з гэтай нагоды, так бы мовіць. З маёй падачы мы ўвялі правілы: падчас сняданку, абеду і вячэры катэгарычна ніхто не курыць, а таксама падчас «спорту» з 15:30 да 17:30. Нейкі ўнёсак у здароўе людзей я ўсё ж зрабіў, і гэта мяне цешыць. Курэнне гэтае на маім здароўі вельмі моцна адбілася».
Канстанцін, як і шматлікія былыя палітвязні, адзначае дрэнную сітуацыю з лістамі ў СІЗА-1.
«Бывала такое, што яны наогул не даходзілі ні да каго. Мне неяк каля двух месяцаў лісты не даходзілі. Чацвяргамі там праходзяць праверкі, і на адной з іх я падняў сітуацыю з лістамі. З намі быў хлопец — Арцём Салавей — яму наогул лісты не даходзілі. І пасля таго, як я пасварыўся ў «залаты чацвер», то яму прыйшлі ўпершыню за паўгода пара лістоў. Гэта, вядома, усё скасавалася пасля, але хоць трошкі…
У нашай камеры шмат каму не даходзілі лісты — у асноўным «палітычным». Але людзі неактыўныя ў барацьбе за іх: напэўна, баяцца патрапіць у карцар».
«Былі думкі, што расчыняцца дзверы і нас з «калаша» пачнуць расстрэльваць»
24 лютага Канстанцін дазнаўся пра напад Расіі на Украіну з тэлевізара ў СІЗА.
«Усе былі ў прыгнечаным стане, бо ніхто ў камеры, акрамя аднаго чалавека, не падтрымліваў гэту вайну. Мне было вельмі сумна, таму што ў мяне і ва Украіне, і ў Расіі шмат сяброў. Хлопцы былі настроены не здавацца без бою. У нас былі думкі, што цяпер расчыняцца дзверы і нас з «калаша» пачнуць расстрэльваць. Таму што нас зрабілася 80% «палітычных» у камеры. У нейкі момант на «Валадарцы» ў прынцыпе скончыліся месцы, гэта нам сказалі тыя, хто там працуе. Але мы вырашылі: калі што, будзем прарывацца да апошняга».
«Хімія» — гэта рабская праца»
Канстанціна Яршова на пачатку чэрвеня асудзілі паводле шасці эпізодаў у судзе Маскоўскага раёна Мінска. Суддзя Таццяна Пірожнікава прызнала мужчыну вінаватым згодна з ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і асудзіла да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — да «хіміі». Канстанціна вызвалілі ў зале суда да накіравання ў папраўчую ўстанову. Але, як прыгадвае былы палітвязень, спадзеву на тое, што ён выйдзе на волю пасля суда, не было.
Былы палітвязень адзначае, што пасля суда, калі ён выйшаў на волю, яго абуялі дрэнныя пачуцці.
«Я проста тэлепартаваўся з зімы ў лета. Калі шчыра, я адчуваў негатыўныя эмоцыі, таму што былі два прысуды, якія мяне задавальнялі: «хатняя хімія» і калонія. У апошняй няма нічога страшнага, там хоць можна вучыцца і займацца спортам. А «хімія» — гэта рабская праца. Гэта нашмат горш за калонію».
Пасля суда да апеляцыі Канстанцін яшчэ каля трох месяцаў жыў і працаваў у Беларусі — яму трэба было аддаць пазыкі, у тым ліку за адваката. Цяпер былы палітвязень пакінуў Беларусь і спрабуе ўладкавацца ў новай краіне.