Хронікі рэпрэсій. Валанцёру пагражае 12 гадоў, працягваецца суд па справе аб замаху на Азаронка
Паводле інфармацыі праваабаронцаў і медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 20 кастрычніка.
У Мінскім
гарадскім судзе з 17 кастрычніка адбываецца суд над па «справе Фонда «Страна для жизни». Па ёй праходзяць тры валанцёры фонда —
палітзняволены Антон Сташэўскі, Юлія Сырых,
Таццяна Астроўская, а таксама
Марына Дуброўская.
З іх толькі Антон утрымліваецца пад вартай, Юлія і Таццяна пасля амаль гадавога зняволення пакінулі Беларусь, а Марына знаходзіцца пад хатнім арыштам. Таму цяпер судзяць толькі Сташэўскага і Дуброўскую. Справу разглядае суддзя Дзіна Кучук.
У залежнасці ад ролі кожнага іх вінавацяць па двух крымінальных артыкулах: ч. 2 арт. 342 і ч.1 арт. 357. Па апошнім артыкуле Сташэўскаму пагражае ад 8 да 12 гадоў зняволення. Сваю віну ён не прызнаў віну па ніводным артыкуле.
У Брэсцкім
абласным судзе па «справе Зельцэра» асудзілі 34-гадовага палітзняволенага Яўгена
Тазава. Паводле арт.
369 (абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай
варожасці) суддзя Дзмітрый Куроўскі прызначыў яму два з
паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Згодна з версіяй
абвінавачвання, Тазаў напрыканцы верасня 2021 года «размясціў у дэструктыўным тэлеграм-чаце каментар пад публікацыяй адносна гібелі пры выкананні службовага
абавязку супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, у якім негатыўна адазваўся ў цэлым
аб прадстаўніках праваахоўнага блока, а таксама выказаў заклікі да гвалтоўных
дзеянняў у дачыненні да іх».
Праваабаронцам
стала вядома, што яшчэ 7 ліпеня ў Ленінскім судзе Магілёва вынеслі прысуд
Галіне Кавалёвай паводле ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на
Лукашэнку). Справу разглядала суддзя Таццяна Касцюк.
Жанчыну затрымалі
14 сакавіка. Галіну абвінавацілі ў тым, што 18 лютага яна прыехала з Мінска ў
Магілёў, дзе на прыпынках грамадскага транспарту разклеіла тэксты і выявы, «з
загадзя непраўдзівымі сведчаннямі, якія прыніжаюць гонар і годнасць Лукашэнкі,
злучанымі з абвінавачаннем у асабліва цяжкім злачынстве».
Галіне прысудзілі 2,5 года калоніі. Яна падавала
апеляцыйную скаргу, але суд пакінуў рашэнне без зменаў.
У Мазыры
затрымалі юнака за абразу Лукашэнкі.
Затрыманага 2001
года нараджэння, меркавана, завуць Сяргей Гулін. У так званым «пакаяльным»
відэа ў тэлеграм-канале, блізкім да сілавікоў, хлопец кажа, што пісаў абразы ў
бок супрацоўнікаў міліцыі і Лукашэнкі, а таксама заклікаў перакрыць мост у
Мазыры «для гісторыі».
Гэтае відэа
суправаджаецца тэкстам ад сілавікоў пра тое, што акрамя таго, што распавёў сам
Сяргей, ён яшчэ і «маляваў свастыку балончыкам на помніках і платах» і
«распальваў нянавісць у беларускім сегменце інтэрнэту».
ГУБАЗіК затрымаў
жыхарку Магілёва Аксану Юр'еву.
На «пакаяльным
відэа» жанчына кажа, што з пачатку вайны падтрымлівала Украіну і актыўна пісала
каментары на гэтую тэму. У адным з іх яна нібыта абразіла Лукашэнку.
Адзначым, што
пасля затрымання сілавікі «захапілі» акаўнты жанчыны ў сацсетках: паставілі на
«аватарку» дзяржаўны сцяг, а ў статус — «За Беларусь».
Праваабаронцам
стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі на гэтым тыдні прыходзяць да некаторых
жыхароў Сеніцы, Юбілейнага і ваколіц — у асноўным да тых, каго раней
затрымлівалі за «палітыку». Некаторых людзей запрашаюць на размовы.
Як лічаць
мясцовыя жыхары, гэта можа быць звязана з тым, што ў ноч на 4 кастрычніка
спалілі рэлейную шафу BelToll у Шчытамірычах.
У бабруйскай
калоніі № 2 сёння пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 50-гадовага
палітзняволенага Аляксандра Зайкоўскага, асуджанага да
двух гадоў калоніі. Цяпер яго судзяць па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае
непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Справу
разглядае суддзя Васіль Галкоўскі. Гэта ўжо трынаццаты палітвязень за апошні
год, якога судзяць поводле арт. 411 КК.
Мінчука затрымалі
15 траўня 2021 года. 7 верасня яго асудзілі на два гады калоніі па арт. 364 КК (гвалт
у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі). Згодна з абвінавачваннем, 12 кастрычніка
2020 года Зайкоўскі ў стане алкагольнага ап’янення на праспекце Дзяржынскага з
іншымі нявысветленымі асобамі аказваў супраціўленне работнікам міліцыі,
пагражаў ім прымяненнем гвалту, кінуў у бок міліцэйскага аўтобуса піўны келіх.
Прысуд
палітзняволенаму журналісту Сяргею Сацуку вынясуць 26 кастрычніка.
Справу журналіста
з 23 верасня разглядае суддзя Святлана Бандарэнка. Менавіта яна адправіла за
краты журналістку TUT.ВY Кацярыну Барысевіч за матэрыял пра смерць Рамана
Бандарэнкі.
Журналіста
вінавацяць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 430 (атрыманне
хабару), ч. 2 арт. 130 (распальванні іншай сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 426
(перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў).
19 кастрычніка на
працэсе з удзелам Сацука адбыліся фармальныя спрэчкі бакоў, якія ў палітычных
працэсах звычайна маюць не самае прынцыповае значэнне. Паведамляецца, што
агалошванне прысуду прызначанае на 26 кастрычніка ў адкрытым фармаце.
Палітзняволеную
керамістку Наталлю Карнееву будуць судзіць 2 лістапада.
44-гадовая
Наталля Карнеева —
керамістка з Мінску, мастачка, педагог з досведам працы больш за 13 гадоў. Яна
была затрымана 19 жніўня 2022 года. Па папярэдняй інфармацыі, Наталлю
вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе (арт. 342).
У Наталлі дзве дачкі, адна з якіх — непаўнагадовая. На некаторы час дзяўчынку
адправілі ў дзіцячы прытулак. Вядома, што апеку над дачкой Наталлі афармляла
сваячка.
Суд над
палітзняволенай распачнецца 2 лістапада ў судзе Заводскага раёна Мінска. Справу
будзе разглядаць суддзя Жанна Хвайніцкая.
У судзе
Партызанскага раёна Мінска прызначаная дата разгляду крымінальнай справы
39-гадовага Сяргея Слабыша, якога абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады
паводле арт. 369 КК. Судовы працэс пачнецца 24 кастрычніка, весці яго
прызначылі суддзю Міхаіла Макарэвіча.
Згодна з
матэрыяламі справы, абвінавачаны Слабыш з 28 кастрычніка 2020 года па 19
красавіка 2022 года размяшчаў у тэлеграм-каналах і чатах інфармацыйную
прадукцыю якая прызнаная судом экстрэмісцкімі матэрыяламі.
За гэты час ён
паспеў размясціць не менш за пяць публічных каментароў «абразлівага і
зневажальнага характару» ў адрас прадстаўнікоў улады.
Іллю Вайцяховіча,
якога затрымалі, калі ён ехаў на пахаванне бацькі, этапавалі ў бабруйскую
калонію.
36-гадовага сына
вядомага бізнесмена Эдуарда Вайцяховіча затрымалі 15 студзеня 2022 года, калі
ён ехаў на пахаванне бацькі з Рыгі.
У судзе
Ленінскага раёна Мінска 10 траўня Ілле прысудзілі два гады калоніі. Суддзя Юлія
Шут прызнала яго вінаватым паводле ч.1 арт. 342 КК (актыўны
ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Стала
вядома, што тэрмін палітвязень адбывае ў папраўчай калоніі № 2.
26 кастрычніка Ілля адзначыць 37-годдзе за кратамі.
Праваабаронцам
стала вядома, што адміністрацыя наваполацкай калоніі цісне на палітвязня
Аляксандра Целяшмана. У ПК-1 ён быў
накіраваны ў студзені. За гэты час яго тройчы змяшчалі ў штрафны ізалятар.
Апошні раз яго змясцілі туды 16 жніўня — хлопец правёў там 40 сутак. Пасля
выхаду адтуль Целяшмана перавялі ў іншы атрад — там яго зноў змясцілі ў штрафны
ізалятар. На гэты раз — на 20 сутак.
Аляксандра
абвінавацілі ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» у Брэсце 9-10 жніўня 2020 года
паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Яму прызначылі 4 гады і 6 месяцаў
калоніі агульнага рэжыму.
Сябраў Аб’яднанай
грамадзянскай партыі Артура Смалякова,
Андруся Асмалоўскага і
Дзіяну Чарнушыну затрымалі 27 ліпеня ў межах крымінальнай справы па арт. 342 КК (актыўны
ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Дзіяна —
грамадзянская жонка Асмалоўскага, маці дзіцяці з інваліднасцю.
Суд над
палітвязнямі распачнецца 27 кастрычніка. Справу будзе разглядаць суддзя
Фрунзенскага раёна Мінска Ала Скуратовіч.
Сёння Мінскі
абласны суд на выязным пасяджэнні ў будынку Мінскага раённага суда працягвае
разгляд справы «Атрада грамадзянскай самаабароны Беларусі», якую ў Беларусі
прызналі «тэрарыстычнай арганізацыяй». Па справе праходзяць адразу пяць чалавек —
Дзмітрый Сасноўскі, Аляксей Глотаў, Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл
Ашурак.
Абвінавачванне
зачыталі 32-гадоваму жыхару Ліды Дзмітрую Сасноўскаму. Згодна версіі
абвінавачвання, ён «распачаў наўмысныя дзеянні, накіраваныя на падрыхтоўку да
акту тэрарызму ў дачыненні да прапагандыста Рыгора Азаронка». Меркавалася, што
яго выкрадуць і будуць ужываць гвалт у сувязі з грамадскай дзейнасцю.
Разглядалася некалькі варыянтаў, як расправіцца з Азаронкам. У прыватнасці,
вывезці ў лес і прымусіць гаварыць на камеру патрэбныя словы, а калі адмовіцца
— адрэзаць частку языка.
Агулам у справе шмат эпізодаў, але ва ўсіх задзейнічаны «падстаўныя» саўдзельнікі-сілавікі.
Дзмітрый не
прызнаў віну. Учора, калі суд высвятляў яго асобу, заявіў, што хоча адмовіцца
ад грамадзянства Беларусі, таму што «не мае дачынення да тэрарызму». Ён
падзякаваў сваякам, якія прыйшлі ў залу суда, каб падтрымаць яго, і заплакаў.
Справу разглядае
суддзя Сяргей Епіхаў.
Сёння прайшоў другі дзень працэса. Суд перайшоў да допыту абвінавачаных. Першая дала паказанні Наталля Мацвеева, якую вінавацяць у спробе знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах.
Па інфармацыі
праваабаронцаў, вязням бабруйскай калоніі забаронена размаўляць з
палітычным блогерам Паўлам Спірыным. За камунікацыю з ім
караюць «суткамі» ў штрафным ізалятары. Вядома, што Павел у калоніі
працуе мыйшчыкам посуду.
Нагадаем,
палітвязня асудзілі на 4,5 гады калоніі
агульнага рэжыму за «распальванне сацыяльнай варожасці». Спірыну прад’явілі
абвінавачанне за два відэа на Youtube: гэта фільм «Грань» пра наркагандаль у
Беларусі, а таксама ролік «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі. Карт-бланш
на садызм» пра падзеі 9 жніўня і гвалт амапаўцаў супраць мірных дэманстрантаў.
Беларусы за
чатыры дні сабралі грошы на адваката для палітзняволенай пенсіянеркі Галіны
Дзербыш.
Пра гэта ў сацсетках паведаміла дачка Галіны.
Нагадаем,
запазычанасць за паслугі адваката складала 9800 рублёў.
Пенсіянерка
Галіна Дзербыш — фігурантка
«справы Аўтуховіча», якую днямі асудзілі да 20 гадоў калоніі і 700 базавых
велічыняў штрафу. Галіну абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага
кодэксу. Жанчына цалкам не прызнала сваю віну. Дзербыш мае інваліднасць другой
групы, у яе анкалагічнае захворванне і праблемы з сэрцам.
Палітвязень
Уладзіслаў Гуліс, асуджаны за надпіс «Не забудзем» на Пушкінскай,
выйшаў на волю.
Мінчук Уладзіслаў
Гуліс знаходзіўся за кратамі амаль 24 месяца. Яго затрымалі ў верасні 2020 года за нанясенне на
асфальце каля мемарыялу загінуламу падчас пратэстаў Аляксандру Тарайкоўскаму
каля ст. м. Пушкінская надпісу «Не забудзем». Яго абвінавацілі па ч. 2
арт. 339 КК (хуліганства, здзейсненная групай асобаў) і прысудзілі два гады
калоніі.
Тэрмін палітвязень
адбываў ў папраўчай калоніі № 9 у Горках. Сёння Гуліс выйшаў на волю.