Белапанаўцы абскардзілі прысуд

Фігуранты «справы БелаПАН» — галоўны рэдактар агенцтва Ірына Леўшына, яе папярэднік Дзмітрый Наважылаў, былы намеснік дырэктара Андрэй Аляксандраў і яго жонка Ірына Злобіна — абскардзілі прысуд, паведамляе «Позірк».

photo_2022_10_20_17_24_26.jpg

Нагадаем, суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка 6 кастрычніка вынес прысуд па «справе БелаПАН». Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Тулейка прызначыў 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму дырэктару — галоўнаму рэдактару БелаПАН Ірыне Леўшынай, 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму — яе папярэдніку на пасадзе дырэктара Дзмітрыю Наважылаву, 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму — былому намесніку дырэктара Андрэю Аляксандраву, 9 гадоў калоніі агульнага рэжыму — яго жонцы Ірыне Злобінай.

Акрамя таго, Дзмітрый Наважылаў аштрафаваны на 700 базавых велічыняў (цяпер гэта 22 400 рублёў), Ірына Злобіна — на 800 (25 600), Андрэй Аляксандраў — на 1000 (32.000).

Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня 2021 года, Леўшына і Наважылаў — 18 жніўня 2021 года.

Усіх фігурантаў справы праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі, падчас працэсу ніхто з іх не прызнаў сябе хоць у чымсьці вінаватым.


Беларуская асацыяцыя журналістаў заявіла, што ад першага дня пераследу лічыць крымінальную справу БелаПАН «цалкам палітычна матываванай».

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з заявай, у якой, у прыватнасці, адзначаецца: «Справа БелаПАН увасабляе сабой тое, як незалежныя СМІ ў Беларусі душацца цягам двух гадоў пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў, падчас якіх улады вядуць жорсткую кампанію па пераследзе іншадумства. Ілжывыя абвінавачванні ў «экстрэмізме» ужо не раз выстаўляліся ў дачыненні да журналістаў, якія асмельваюцца незалежна асвятляць падзеі нягледзячы на рызыку правесці гады за кратамі».