Сястра палітвязняволенай Вольгі Філатчанкавай: «З СІЗА яна робіць нам бясцэнныя падарункі»
Марыя Філатчанкава — аб сваёй сястры, якая, знаходзячыся ў зняволенні амаль год, падтрымлівае сваіх блізкіх і робіць ім нечаканыя падарункі.
Вольга Філатчанкава — удзельніца відэазвароту выкладчыкаў
БДУІР супраць гвалту, брала ўдзел у страйку. Мама дваіх дзяцей: сын — студэнт
БДУІР, дачка вучыцца ў трэцім класе.
Асуджаная да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў
калоніі агульнага рэжыму за «арганізацыю і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба
парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Праваабаронцы
прызналі Вольгу Філатчанкаву палітвязнем.
— Мая сястра больш за 11 месяцаў за кратамі. З СІЗА яна
прымудраецца рабіць нам, яе родным, бясцэнныя падарункі, — распавяла Марыя
Філатчанкава «Салідарнасці». — Оля пачала маляваць па фотаздымках партрэты
блізкіх людзей. Зараз уся сям'я чакае з нецярпеннем новых лістоў і партрэтаў.
Да дня нараджэння сястры Вольга запусціла серыю
паштовак — гісторыя іх сястрынскай любові і сяброўства.
— Оля апісвае гісторыі з нашага дзяцінства — кранальныя і
смешныя. Распавядае, як мы раслі, як я яе кусала-біла, а яна мне здачы не
давала, таму што я маленькая, а маленькіх крыўдзіць нельга.
Кожны дзень я чакала працягу, калі ж прыйдзе новая паштоўка,
і чым скончыцца гэтая гісторыя, — усміхаецца Марыя. — А самога дня нараджэння я нават у дзяцінстве так не чакала, як цяпер, таму што выпадкова даведалася, што
Оля намалявала мой партрэт.
Напэўна, лепшага і больш важнага падарунка ў маім жыцці не
было. Якой вынаходлівасцю трэба валодаць, каб прыдумаць, чым парадаваць родных
з-за кратаў!
Марыя зараз жыве ва Украіне. Адлегласць не перашкодзіла
сёстрам застацца блізкімі.
— Па маіх адчуваннях, 2020-ы год стаў пераломным нават для
тых людзей, якія раней не праяўлялі актыўную грамадзянскую пазіцыю. Занадта
шмат перабору было: ад каронавіруса, які адмаўляўся ўладамі, да арыштаў людзей,
якія хацелі зарэгістравацца кандыдатамі. Многіх, у тым ліку і Олю, гэта прывяло
да актыўнага выказвання сваёй пазіцыі.
Оля працавала незалежным назіральнікам на некалькіх
участках. Распавядала, як у мінскай школе яе не пусцілі на ўчастак. Неабыякавыя
людзі прыносілі назіральнікам ваду і ежу.
На ўчастку, які размяшчаўся ў санаторыі ў Атоліне, таксама
не пускалі, патрабавалі ахоўны касцюм. Оля кінула кліч у чаце назіральнікаў, і
за 15 хвілін ёй цалкам сабралі абмундзіраванне — ад абутку да маскі. Сястра
была ў захапленні. У выніку ўсё роўна яе не пусцілі на ўчастак, але Оля
распавядала, што галасы члены камісіі палічылі па-сумленнаму.
Першыя дні пасля выбараў былі кашмарам, успамінае Марыя.
— У Беларусі адсеклі Інтэрнэт, я не магла звязацца з
роднымі. Усім тэлефанавала, пісала смскі. У нас 24 гадзіны ў суткі паказвалі
навіны пра тое, што адбываецца ў Мінску. Дзе стаяць аўтазакі, вадамёты, куды
АМАП падагналі. Я перажывала, што родныя нічога не ведаюць. Хацела дапамагчы,
каб іх, не дай Бог, не забралі.
Мяне ўразіла салідарнасць беларусаў, узаемадапамога,
аб'яднанне. Калі з'язджала з краіны, я нават уявіць сабе не магла, што такое
можа адбыцца, што будзе такі ўздым.
Аб арышце сёстры Марыя даведалася з медыя.
— Потым Оля распавядала, што да яе пачалі грукацца дадому. Яна
спачатку не адкрывала, патэлефанавала бацькам і калегу. Калі супрацоўнікі КДБ
выклікалі брыгаду, каб выламаць дзверы, Оля адчыніла. Мама з татам на ператрусе
прысутнічалі, калегу з адвакатам не пусцілі. Калі пасля ператрусу Олю пасадзілі
ў машыну, яны паехалі за імі, але міліцыя ўключыла мігцелкі і на чырвонае
святло з'ехала ў невядомым кірунку. Потым высветлілася, што Оля ў СІЗА КДБ.
У пастанове на ператрус было сказана, што кватэра можа быць
месцам злачынства.
Пасля арышту Вольгі сястра забрала яе дачку ва Украіну, і
пакуль ішло следства, Маша жыла ў цёткі.
— Спачатку сказалі ёй, што мама ў камандзіроўцы. Зараз Маша
ведае праўду. Напярэдадні дня нараджэння дачкі Оля выступала ў судзе з апошнім
словам, дзе павіншавала яе. Калі Маша пачула запіс з мамчыным голасам, сказала:
«Напэўна, павінна плакаць, а я радуюся».
Па словах сястры, Вольгу многія падтрымліваюць.
— На судзе па «справе студэнтаў» я сустрэла класнага
кіраўніка Олі. Аксана Аляксееўна прыдумала для Вольгі рэбус: высылала ёй
грашовыя пераводы, у сумах было зашыфраванае пасланне для яе. Оля пісала, што
не можа знайсці да яго ключ.
Нядаўна тата быў у яе на спатканні ў гомельскім СІЗА. Кажа,
што настрой у яе пагоршаў. Я так разумею, што пытанне ў асяроддзі, у якім яна
цяпер знаходзіцца. На «Валадарцы» з ёй у камеры сядзелі Каця
Барысевіч, Ала Шарко, Каця Андрэева. Там Оля ўсіх вучыла танцам народаў свету.
Пра тое, якім бачыць сваё жыццё пасля вызвалення, Вольга не
піша. Марыя ўпэўненая: сястра не шкадуе аб тым, што адкрыта выяўляла сваю
грамадзянскую пазіцыю.
У апошнім слове на судзе Вольга Філатчанкава сказала, што ёй
вельмі шкада, што такія таленавітыя і смелыя людзі, як студэнты, правялі ў СІЗА
ўжо восем месяцаў, не
здзейсніўшы нічога супрацьзаконнага, і пацярпелі толькі за тое, што не згодныя
з несправядлівасцю, якая сёння адбываецца паўсюль.
— Я веру, што рана ці позна прыйдзе дзень, калі яны і мы ўсе
зможам жыць у свабоднай і шчаслівай краіне, пабудаванай нашымі ўласнымі рукамі.
У краіне, дзе талентам будзе адкрыты шлях, дзе сумленасць, дабрыня і розум
будзе шанавацца ў першую чаргу. Хочацца пажадаць, каб гэты час надышоў хутчэй, — цытата з апошняга слова Вольгі Філатчанкавай.