Журналіста Дзяніса Івашына не вызвалілі з карцара. Яму дадалі яшчэ 7 сутак

У нядзелю пасля 6-сутачнага пакарання Дзяніса Івашына не выпусцілі з карцара. Пра гэта паведаміла жонка гродненскага палітвязня Вольга.

ivaszyn.jpg

Палітзняволенаму журналісту дадалі яшчэ 7 сутак карцара. Вольга Івашына піша, што Дзянісу ў карцары не аддаюць выданні, на якія ён падпісаны, а таксама не перадаюць лісты.

Дзяніс Івашын быў затрыманы 12 сакавіка, у гэты ж дзень ператрусы прайшлі ў яго дома, яго бацькоў і 95-гадовай бабулі.

Івашын, які супрацоўнічае з «Новым часам» і з’яўляецца ўдзельнікам ўкраінскай ініцыятывы «Інформнапалм», вядомы сваімі расследаваннямі.

Раней Дзянісу Івашын было прад’яўлена абвінавачванне па артыкуле «Умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў», аднак учора ў адным з праўладных телеграм-каналаў паведамілі, што артыкул журналісту перакваліфікавалі, і цяпер яго абвінавачваюць па артыкуле «Здрада дзяржаве». Ён прадугледжвае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі.