Следчы камітэт: у палітычных справах «намячаецца станоўчая тэндэнцыя»

Кіраўнік СК Дзмітрый Гара адсправаздачыўся Лукашэнку. Ён заявіў, што у 69% злачынстваў, здзейсненых у гэтым годзе, устаноўлены асобы злачынцаў — у тым ліку і «экстрэмісцкіх».
Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Следчы камітэт даў справаздачу Лукашэнку па дзейнасці за гэты год. Асаблівая ўвага датычылася «экстрэмісцкіх спраў». Як адзначыў кіраўнік СК Дзмітрый Гара, у іх «намячаецца станоўчая тэндэнцыя».

«У гэтым кірунку сумесна з органамі ўнутраных спраў, КДБ вядзецца вельмі шчыльная праца, і досыць рэзультатыўна, перадае дзяржаўнае агенцтва «БелТА» словы кіраўніка ведамства. — Чвэрць усіх крымінальных спраў, узбуджаных па экстрэмісцкай прыкмеце, накіраваны ў суды за 10 месяцаў бягучага года. Гэта значыць, у гэтым кірунку ў нас адзначаецца станоўчая тэндэнцыя».

Асобным пытаннем для сілавікоў стаяць крымінальныя справы апанентаў рэжыму, якія знаходзяцца за мяжой. Гледзячы па танальнасці выказванняў Дзмітрыя Гары, для СК гэта вельмі балючае пытанне:

«Даложана, што цяпер адвакаты, прызначаныя па крымінальных справах, знаёмяцца з матэрыяламі справы ў дачыненні да Ціханоўскай, Латушкі і іншых членаў... не буду нават называць гэтую арганізацыю... Якія ўявілі сябе кіраўніцтвам нашай краіны. Гэта справа таксама ў бліжэйшы час будзе накіравана [у суды]».

У цэлым жа, мяркуючы па словах кіраўніка СК, спынення рэпрэсій чакаць не выпадае. Як піша «БелТА», сілавікам даручана скіраваць усе высілкі на заканчэнне расследавання крымінальных спраў «экстрэмісцкай скіраванасці».

«І не выпускаць з-пад увагі тыя справы, якія ў сілу пэўных абставін мы не можам скончыць на дадзены момант. Гэта больш датычыцца злачынстваў, якія здзяйсняюцца ў інтэрнэце. Гэта абразы, пагрозы і гэтак далей. Але даручана назапашваць базу, фіксаваць усе супрацьпраўныя дзеянні, каб у далейшым была магчымасць прыцягнуць асоб, якія ўчынілі гэтыя злачынствы, да крымінальнай адказнасці», — адзначыў Дзмітрый Гара.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: