Краіна экстрэмістаў. У Расіі — усяго 18 экстрэмістаў, у нас — 6 тысяч. Чаму так?
У Беларусі і следства, і суды бачаць экстрэмізм там, дзе яго няма.

Краіна ў шоку ад колькасці прыгавораў, якія ўжо вынесены па так званых справах «экстрэмісцкай накіраванасці», а аказваецца, што гэта быў толькі пачатак.
Дзмітрый Гара, старшыня Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, заявіў: «Чвэрць усіх крымінальных спраў, якія былі ўзбуджаны па экстрэмісцкай накіраванасці, перададзены ў суды за 10 месяцаў бягучага года. Гэта значыць, у гэтым кірунку ў нас адзначаецца станоўчая тэндэнцыя».
Як вынікае са слоў кіраўніка Следчага камітэта, да судоў дайшла толькі чацвёртая частка такіх спраў. Гэта значыць, што тры чвэрці яшчэ наперадзе.
Нагадаем, што ў так званым «спісе экстрэмістаў», які складае МУС, ужо больш за паўтары тысячы прозвішчаў. Толькі на мінулым тыдні Міністэрства ўнутраных спраў папоўніла яго на 178 чалавек. 28 кастрычніка ўвогуле быў рэкорд — у спіс былі ўнесены адразу 625 прозвішчаў.

Як тлумачыў начальнік аддзела Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупыяй МУС Беларусі Вячаслаў Арлоўскі, у гэты спіс уключаюцца грамадзяне, у дачыненні да якіх маецца прыгавор суда, што ўступіў у законную сілу.
Такім чынам, няцяжка падлічыць, колькі «экстрэмістаў» на падыходзе. Калі паўтары тысячы — гэта чвэрць, то тры чвэрці — гэта 4,5 тысячы чалавек. Усяго будзе 6 тысяч чалавек.
Што і казаць — гэта жах! Асабліва калі параўнаць беларускую сітуацыю з суседзямі, нават зусім не дэмакратычнымі.
Вы ведаеце, колькі расіян уключана ў аналагічны нашаму «экстрэмісцкі спіс» Расійскай Федэрацыі? У Расіі, дзе і страляніна ў цэнтры Масквы — не рэдкая навіна, і падрывы-падпалы розных аб’ектаў часцяком здараюцца, і Каўказ зусім не спакойны…
Дык вось, у расійскім спісе ўсяго 18 расіян.
Ці гэта не лепшы доказ таго, што нешта не тое робіцца ў нашай дзяржаве з так званымі справамі «экстрэмісцкай накіраванасці»? Ці гэта не сведчанне таго, што ў Беларусі і следства, і суды бачаць экстрэмізм там, дзе яго няма?

Дарэчы, многіх цікавіць, навошта ўвогуле МУС складае спіс экстрэмістаў? І якія наступствы для тых, хто ў яго трапіў?
Такія спісы — міжнародная практыка. Іншая справа, што беларускія крытэрыі, па якіх чалавека ўключаюць у спіс, адрозніваюцца ад міжнародных.
Дык вось, грамадзянам, уключаным у спіс экстрэмістаў, да пагашэння судзімасці і на працягу пяці гадоў пасля пагашэння судзімасці забараняецца займацца дзейнасцю, звязанай з абарачэннем наркатычных сродкаў, зброі, выбуховых рэчываў, педагагічнай дзейнасцю, выдавецкай дзейнасцю, а таксама займаць дзяржаўныя пасады, праходзіць ваенную службу. Акрамя таго, фінансавыя аперацыі такіх грамадзян падлягаюць асабліваму кантролю.
Што тычыцца замежнікаў, уключаных у названы пералік, то ім можа быць адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь.
Ірына Мальцава, «Народная Воля»