«Экстрэміст Іосіф Бродскі». Што рабіць тым, у каго кніга на паліцы?

Юрыст і праваабаронца Павел Сапелка тлумачыць, што цяпер рабіць тым, у каго Бродскі — улюбёны аўтар.


Учора стала вядома, што суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі «Баладу пра маленькі буксір» Іосіфа Бродскага і кнігу Уладзіміра Арлова з ілюстрацыямі Паўла Татарнікава. «Айчына: малая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі». Апошняя — бестселер, і стаіць на многіх кніжных паліцах у беларускіх дамах.

— Павел, раскажыце, якой раней была правапрымяняльная практыка, што тычыцца прызнання інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі?. Як гэта ўсё працуе з прававога пункту гледжання?

— Насамрэч, гэта даўняя гісторыя. Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў пачаў фармавацца з 2008 года і прайшоў некалькі этапаў станаўлення.

Калі ўзгадаць, то першай інфармацыйнай прадукцыяй, прызнанай экстрэмісцкай, быў СD-дыск «Урок беларускай мовы», канцэрт «Салідарнасці з Беларуссю» і нешта яшчэ. Далей экстрэмісцкай прызнавалася ўсякая чарнасоценна-праваслаўная літаратура кшталту «Расія, прачніся: у абарону Айчыны» або «Тайны сусветны ўрад».

А затым зноў сталі прызнавацца экстрэмісцкімі выданні незалежных СМІ, накшталт знакамітага «Прэс-фота Беларусі-2011» выдавецтва «Логвінаў».

Шчыра кажучы, я не бяруся нават ацэньваць абгрунтаванасць прызнання тых ці іншых друкаваных выданняў экстрэмісцкімі, таму што, па вызначэнні, усе судовыя рашэнні па гэтым пытанні з'яўляюцца закрытымі.

Гэта значыць, гэтыя справы разглядаюцца на закрытым судовым пасяджэнні і, адпаведна, дакументы па гэтых справах з'яўляюцца недаступнымі, што зусім нелагічна. Мне хочацца разумець, па якіх прыкметах адбіраюць тое ці іншае друкаванае выданне, той ці іншы тэлеграм-канал. І чаму канкрэтна гэтую адзінку інфармацыйнай прадукцыі прызнаюць экстрэмісцкай.

Гэта можна даведацца толькі адным спосабам: калі ты сам з'яўляешся зацікаўленай асобай — маецца на ўвазе працэсуальны статус. Калі, умоўна кажучы, у цябе адабралі кніжку, а яна твайго аўтарства, і ты змог уступіць у гэты працэс. Але гэта па розных прычынах атрымлівалася не ва ўсіх.

— Тое, што ўсе свежыя справы разглядаў суд Цэнтральнага раёна Мінска — гэта заканамернасць?

— Не, гэта супадзенне, таму што там поўная разнастайнасць судоў і гэтым займаюцца самыя розныя з іх.

Я нават са здзіўленнем заўважыў, што зноў вярнуліся ў сферу цікавасці органаў, якія ажыццяўляюць прафілактыку экстрэмісцкай дзейнасці, рознага роду нацысцкія і неанацысцкія інфармацыйныя матэрыялы. Таму што на нейкі час яны згубіліся за тэлеграм-каналамі пратэснага характару.

А цяпер я вам скажу тое, чаго ніхто не ведае. Я нядаўна задумаўся, а якая наогул колькасць экстрэмісцкіх матэрыялаў цяпер існуе, таму што на самой справе іх спіс не пранумараваны, а ў некаторых рашэннях прызнаюць такімі адразу некалькі.

І на 29 верасня гэтага года ў Беларусі я налічыў 1955 адзінак інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкай. Гэта значыць, зараз гэтая лічба павінна быць каля 2 тысяч.

Што тычыцца гэтых двух канкрэтных кніг, пра якія мы даведаліся сёння, то трэба выразна сказаць, што прызналі экстрэмісцкімі два канкрэтных выданні. Гэта значыць, выданні тых жа самых кніг, але з іншымі выходнымі дадзенымі, не з'яўляюцца экстрэмісцкай прадукцыяй.

І што будзе адбывацца з гэтымі канкрэтнымі кнігамі, на гэта дае адказ закон Аб супрацьдзеянні экстрэмізму, у артыкуле 19 якога гаворыцца пра тое, што забаронена распаўсюджванне, публічная дэманстрацыя, а таксама іх выраб, выданне, захоўванне і перавозка ў мэтах распаўсюду.

Гэта значыць, апошнія чатыры дзеянні забараняюцца менавіта ў мэтах распаўсюду.

І з пункту гледжання гэтага закона, захоўванне гэтых кніжак у сябе без мэты распаўсюду не ўтварае складу адміністрацыйнага правапарушэння. А менавіта публічная дэманстрацыя і распаўсюджванне цягне адміністрацыйную адказнасць.

Праўда, трэба заўважыць, што, на жаль, улады не выконваюць нават свае законы і вельмі часта да нас даходзяць звесткі аб тым, што захоўванне інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкай, цягне за сабой адвольную адказнасць.

Гэта значыць, проста пішуць у пратаколе, што чалавек захоўваў гэтыя матэрыялы з мэтай распаўсюджвання, і гэта лёгка праходзіць праз наш «справядлівы» суд, і чалавек атрымлівае пакаранне.

І калі быць максімальна адкрытым, то супакойваць людзей тым, што захоўванне не ўтварае складу злачынства, будзе не зусім правільным. Трэба разумець, што заўсёды ёсць месца самавольству.

Паводле «Салідарнасці»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: