Што яднае сечаную курыцу і Іосіфа Бродскага?
Літаратарка і настаўніца Ганна Севярынец напісала класны тэкст — раю азнаёміцца. У агульным ён пра тое, што адсутнасць цікавасці і шырокага кругагляду замінае глядзець не толькі назад, у гісторыю, але і наперад. І, падаецца, увесь гэты тыдзень — таму доказ.
На тыдні ўлады здзейснілі вельмі цікавую рэч. Яны прызналі «экстрэмізмам» кнігу Іосіфа Бродскага і гістарычны бестселер Уладзіміра Арлова. Тым, хто жыў на мяжы скону СССР, імя Бродскага знаёмае. Гэта паэт, які Саветамі пераследаваўся за «дармаедства» (нешта знаёмае, так?), быў у ссылцы, у забароне, а потым яго выштурхнулі з краіны. Супадзенне ці не, але гэтае «выштурхоўванне» адбылося роўненька 50 гадоў таму — у 1972 годзе.
А там, за мяжой, Бродскі быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй у галіне літаратуры.
І праз 50 гадоў нехта вырашыў павярнуць гісторыю назад, і зноў прызнаць яго вершы для дзяцей «экстрэмізмам».
Праўду кажуць, што ў першы раз гісторыя — трагедыя, а ў другі — фарс. Сённяшняя Беларусь — далёка не СССР. І вяртанне да рэпрэсій адносна твораў Бродскага — прычым, цяпер, калі мы ведаем, хто ён такі, і што ён быў рэпрэсаваны зусім у духу сённяшняй улады яшчэ калі Лукашэнка пешшу пад стол бегаў — выглядае самым дзікім цемрашальствам.
А здарыцца такое магло толькі таму, што ані губазікаўцы, ані суддзі, ані складальнікі «экстрэмісцкіх спісаў» проста не ведаюць, хто такі Іосіф Бродскі. Ці, можа, ведаюць, але запужаныя да такой ступені, што язык праглынулі. І не могуць варухнуць ім з пытаннем: «Што ж вы робіце, а?» Таму што «экстрэмізм» Бродскага — гэта ганьба для ўсіх, хто датычны да такога рашэння. Прычым, ганьба ў самым «школьным» сэнсе гэтага слова — невуцтва і непісьменства.
Пры чым тут сечаная курыца? Ды пры тым, што людзі, якія не ведаюць элементарных рэчаў, не ў стане прадбачыць і наступствы сваіх учынкаў. Ці, можа, у стане прадбачыць, але ізноў жа — праглынулі язык і не ў стане сказаць, «Што ж вы робіце, а?» Прычым, нават у тых выпадках, калі наступствы — відавочныя.
Тыдня не прайшло з тых часоў, як урад выдаў пастанову пра рэгуляванне цэн. І што? Савет міністраў ужо адкарэктаваў яе — у пытаннях удакладнення таварных пазіцый, па якіх рэгулююцца цэны, па пытаннях фасоўкі тавараў, па пытаннях пераацэнкі рэшткаў тавараў… Бо эканоміка — сістэма складаная і сказаць тут «за-ба-ра-ня-ецца!» проста, а вось выканаць гэты загад…
Самае цікавае — Міністэрства антыманапольнага рэгулявання ўнесла змены ў сваю пастанову ад 7 кастрычніка (то бок прынятую на наступны дзень ад «за-ба-ра-ня-ецца!») «Аб рэгуляванні цэн на мяса курэй, куранят-бройлераў у выглядзе частак тушкі». Новай пастановай выключаны пункт аб устанаўленні лімітавай максімальнай аптовай надбаўкі, гандлёвай надбаўкі (з улікам аптовай надбаўкі) на курынае філе ў памеры 15%.
Варта адзначыць, што пастановай Саўміна №713 ад 19 кастрычніка аб новай сістэме рэгулявання цэн устаноўлена 15-працэнтная гандлёвая і аптовая надбаўкі на курэй, а 20-працэнтная — на паўфабрыкаты з мяса птушкі.
Такім чынам, «сечаная курыца», якая настолькі раззлавала Лукашэнку, што ён забараніў падымаць увогуле ўсе цэны, мае падаражэць на 5%. Як вам такая «забарона» і рэгуляванне цэн?
Цяпер урад, міністэрствы і ўсе-ўсе-ўсе будуць шмат часу перапісваць пастановы, удакладняць іх, уносіць змены, карэктаваць… Карацей, шмат людзей занята нібыта справай. Можна парадавацца — беспрацоўе ім не пагражае. Праўда, тавараў на паліцах крамаў ад гэтага больш не стане, дый грошай у народа (а не ў тых, хто ўдакладняе і карэктуе) у кішэнях таксама не дадасца. Шкада.
А вынік гэтай працы просты. Крама шведскай сеткі H&M у ГЦ Galleria Minsk спыніць сваю працу 31 кастрычніка. Рэшткі прадукцыі перамесцяць у H&M У ГЦ Palazzo, але і тую кропку плануюць зачыніць да канца 2022 года.
Канешне, H&M Group прыняла рашэнне спыніць бізнес у Расіі пасля нападу на Украіну, і тады ж прыпынілі сваю працу крамы сеткі ў Беларусі. Але кампанія яшчэ думала і ацэньвала сваю стратэгію ў дачыненні да нашай краіны на доўгатэрміновую перспектыву. І, я думаю, не ў малой ступені па выніках целазрухаў нашага ўраду, было прынятае рашэнне, што «бізнес у Беларусі таксама будзе згорнуты».
А буйныя ўнівермагі ў Мінску адмянілі ўжо звыклыя зніжкі, якія прапаноўвалі пакупнікам у пэўныя дні. І гэта наўпрост звязана з рашэннем урада па (неда)рэгуляванні цэн.
І так — не толькі ў пытанні «сечанай курыцы». Так ва ўсіх пытаннях.
Вось, напрыклад, генералы, якія ездзяць з асветніцка-азнаямляльным турам па беларускіх прадпрыемствах, працягваюць «адукаваць» народ, як правільна разумець міжнародную абстаноўку. Цэлы дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч на сустрэчы з калектывамі Гомельшчыны заявіў, што мігрантаў на межах Беларусі больш няма. «Мігрантаў няма, а напружанасць засталася», — працытавала Вальфовіча БелТА.
Прычым, літаральна напярэдадні Дзяржпагранкамітэт у сваім тэлеграм-канале адказваў на пытанне пра спробы парушэння мяжы мігрантамі, і нават прывёў статыстыку Памежнай аховы Польшчы, якая ў той дзень затрымала на сваім баку 62 мігранты.
Тут пытанняў шмат. Альбо дзяржсакратар цэлага Савету бяспекі жыве ў сваёй «бурбалцы» і не бачыць, што адбываецца вакол яго (тады ўзнікае пытанне пра яго кампетэнтнасць і службовую адпаведнасць), альбо ён проста не валодае інфармацыяй (выснова тая ж), альбо ён свядома вешае нам локшыну на вушы (таксама нічога добрага). У любым выпадку, даверу да чалавека, які займае не апошнюю пасаду ў дзяржаве, неяк не ўзнікае.
Людзі, якія памятаюць гісторыю Бродскага, памятаюць і такі выраз: «ножкі Буша». Гэта курыныя (ай, як сімвалічна!) галёнкі, якія ЗША пад кіраўніцтвам тагачаснага прэзідэнта ЗША Джорджа Буша перадавалі ў 1989-1991 гадах у СССР у якасці той самай гуманітарнай дапамогі.
І колькі не кажы пра «падступны Захад», — галоўную небяспеку нясуць тыя, хто не ўстане азірнуцца назад, і наступае на тыя ж гістарычныя граблі. Ці вынаходзіць новыя.
Напрыклад: калі вы дазваляеце бамбіць са сваёй тэрыторыі суседнюю краіну — рыхтуйце бамбасховішчы.
Мінскі метрапалітэн вырашыў супакоіць жыхароў сталіцы, і распавёў, што «ў выпадку надзвычайнай сітуацыі» ў метро можа схавацца не менш за 112 тысяч чалавек.
На двухмільённы Мінск. Ага, супакоілі.