«Ва ўрада з'явілася важная задача — рэгуляванне справядлівых цэн на балалайкі»

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» лічыць курыцу сечаную па пяць рублёў вельмі сімвалічнай для сучаснай Беларусі. І такім жа сімвалічным з’яўляецца інтэрв’ю Макея. Бо ў абодвух выпадках народ даведаўся нешта новае.

maxresdefault__5_.jpg


Вось думаў, з чаго сёння пачаць свой ліст да цябе. І вырашыў, уяві сабе, пачаць з курыцы, сечанай, па пяць рублёў. Таму што гэта толькі так падаецца, што сечаная курыца — дробязь на фоне сусветнай рэвалюцыі. Гэта табе не проста курыца па пяць рублёў. Гэта стылістычна бездакорнае апісанне механізму прыняцця ў краіне найважнейшых кіраўнічых рашэнняў.

Беларускія ўлады любяць, бывае, расказаць пра аператыўныя штабы, паглыблены аналіз макраэканамічных тэндэнцый і сацыяльна-палітычнага становішча. А на самой справе ўвесь іх аналіз заканчваецца, калі камусьці трапіцца на вочы ў нядобрую гадзіну рассечаная курыца. І далей усе гэтыя аператыўныя штабы ўжо могуць толькі аналізаваць справядлівыя спосабы яе рассячэння.

Вось за тыдзень паглыбленага аналізу макраэканамічных тэндэнцый урад зрабіў выснову, што курыцу лепш наогул лішні раз не чапаць. Цалейшым будзеш. Таму што па стане на бягучы момант гэтая сечаная курыца ўжо абышлася ў пару дзясяткаў крымінальных спраў, мільёны страт і замарожаныя цэны. А ва ўрада з'явілася важная кіраўнічая задача — рэгуляванне справядлівых цэн на балалайкі. Гэта значыць, калі шукаеш сэнс у дзяржаўных рашэннях, заўсёды трэба трымаць у розуме якую-небудзь курыцу.

Не ведаю, каго якая курыца дзеўбанула, але ўчора міністр Макей паведаміў паміж справамі, што ў краіне, аказваецца, дзейнічае контртэрарыстычная аперацыя. І, вядома, трошкі дзіўна, што пра гэта паведаміў міністр Макей сваім расійскім чытачам. А калі б не расійскія чытачы міністра Макея, дык мы з табой, атрымліваецца, ні пра што і не даведаліся б.

Беларускія генералы ўвесь тыдзень здзяйсняюць антыпанічныя туры па прадпрыемствах. І расказваюць літаральна пра ўсё на свеце, аж да планаў NATO пра нанясенне тактычнага ядзернага ўдару. Але вось неяк не знайшлося ў іх часу згадаць пра такую дробязь, як увядзенне ў краіне рэжыму контртэрарыстычнай аперацыі. Вядома, генералы трымаюць насельніцтва ў рэжыме гэтай аперацыі ўжо апошнія два гады. Таму што інакш ніяк, улічваючы колькасць тэрарыстаў на душу гэтага насельніцтва.

Але ўсё-ткі, калі ўжо генералы вырашылі аформіць свае контртэрарыстычныя адносіны з насельніцтвам афіцыйна, то насельніцтва можна было б неяк і папярэдзіць.

А з іншага боку, абыдзецца насельніцтва і так. Ну не папярэджваць жа яго на самой справе кожны раз пра генеральскія планы. Тым больш што планы гэтыя маюць тэндэнцыю да высокага ўзроўню аператыўнай гнуткасці (глядзі пра курыцу). Так што калі беларускія генералы раптам вырашаць паваяваць, то давядзецца нам з табой пачакаць, пакуль міністр Макей пажадае падзяліцца гэтым са сваімі расійскімі чытачамі.