Трэшачок тыдня. Сесці за каўбасу, стаць «тэрарыстам» за журналістыку

Жыццё ў Беларусі ўсё больш падобна на сапраўдны трэш, але пасярод любога трэшу заўсёды жыве трэшачок. Яго і падсвецім у чарговым эпізодзе нядзельнай рубрыкі.

rian_5937351.hr_pic905_895x505_75447.jpg

Зрабіў зніжку на каўбасу — атрымаў крымінальную справу

Як казаў нехта з класікаў, няма такога прадмета, які б не пасаваў габрэю для прозвішча. На беларускі капыл у працяг можна сказаць: няма такога ўчынку, за які ў лукашэнкаўскім Залюстроўі не могуць завесці крымінальную справу. Беларусы гэта добра ведаюць ужо два гады — замежнікі, хто не ў тэме, не вераць і вылупляюць вочы.
Толькі-толькі на нашым «кавалачку зямлі» пачалі кідаць у астрог за павышэнне цэн — бо нельга ж, галоўны эканаміст даў загад, як стала вядома пра крыміналку за паніжэнне кошту.
Камітэт дзяржкантролю адсправаздачыўся аб узбуджэнні справы ў дачыненні да службовай асобы Бярозаўскага мясакансервавага камбіната за «неабгрунтаванае наданне зніжак гандлёвым сеткам». Выявілася, што неназваны службовец цягам года зніжаў кошты на каўбасу для рытэйлераў. Кантралёры вылічылі, што перабаршчыў ён з адсоткамі на «сацыяльна значна тавар», ну і ўлупілі адразу з крымінальнай гарматы. Цяпер будуць абіраць, канечне, як ліпку, бо шкода нібыта склала ажно 500 тысяч рублёў.
Дзіўная справа атрымліваецца: падвысіў кошты — турма, панізіў — турма. Крок управа, крок улева — расстрэл.
Уласна, патэнцыйна расстрэльнай пасадай у сённяшняй Беларусі з’яўляецца любая, дзе прадугледжаныя больш-менша сур’ёзныя паўнамоцтвы. Пры жаданні, высмактаць з пальца «злоўжыванні» зможа любы цэрбер з пагонамі. Не, каб як на «загніваючым» Захадзе: ёсць закон, я яго выконваю і сплю спакойна. На беларускіх палетках у юрыспрудэнцыі зусім іншая гравітацыя. Сесці можа любы. Была б воля ў карных структур, а волю яны старанна трэніруюць.

Журналістыку прарыўнялі да «тэрарызму»

4_468.jpg


Загаловак з 2020-га — у Беларусі затрымалі ўсіх чалавек. Загаловак з 2022-га: у Беларусі прызналі «тэрарыстамі» ўсіх чалавек.
КДБ з вялікім імпэтам папаўняе «спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», дзе беларусаў ужо пад дзве сотні. Ёсць там «тэрарысты»-палітыкі, «тэрарысты»-адвакаты, «тэрарысты»-пенсіянеры, «тэрарысты»-музыкі, «тэрарысты»-блогеры… Нават святар-«тэрарыст» маецца.
Журналісты-«тэрарысты» таксама ў асартыменце — той жа Анджэй Пачобут. Але цяпер «тэрарыстычная групоўка» радыкальных рэпарцёраў пашырылася. Туды прынялі былых карэспандэнтак забароненага партала Tut.by Вольгу Лойка і Алену Талкачову і, каб два разы не ўставаць, былую супрацоўніцу дзяржаўнай БелТА Іну Можчанка. Атрымалася цалкам сабе маленькая «Аль-Кайда», узброеная ноўтбукамі ды асадкамі.
Ну а так спіс — поўны зрэз беларускага грамадства. Не хапае хіба што дзяцей-«тэрарыстаў», але ці цяжка іх знайсці? Пару рэйдаў па школах і садкаў, з дзясятак можна сабраць. Не «тэрарыст» — не беларус, карацей.
Некалі, безумоўна, гэтае «тэрарыстычнае» таўро стане знакам якасці чалавека. Як і таўро «экстрэмісцкае». Але пакуль мы працягваем жыць у перагорнутай рэальнасці, дзе прыстойныя і законапаслухмяныя грамадзяне заклікаюць расстрэльваць іншадумцаў як «шалёных сабак», а ў «тэрарысты» запісваюць людзей з некалькімі вышэйшымі адукацыямі і дэмакратычнымі поглядамі.

Школьнікаў спрабавалі адправіць «на бульбу»

depositphotos_122844816_stock_photo_children_in_garden.jpg


Во, дарэчы: чаму б не прызнаць «тэрарыстамі» вось гэтых дзяцей? Нароўні з бацькамі. Бач ты: не захацелі ехаць у калгас «на бульбу». Дакладна падарвалі харчовую бяспеку моцнай і квітнеючай Беларусі.
У Гродне вучняў адной са школ спрабавалі прымусіць перабіраць бульбу і буракі. Замест вучобы, якая пачакае. Адпаведнае распараджэнне было апублікавана ў чатах школьнай адміністрацыяй. Але нешта пайшло не так, і неўзабаве з’явіўся іншы допіс: агароднінная фабрыка адмяняецца. Паводле некаторых звестак, супраць такой гуманістычнай ініцыятывы паўсталі бацькі малалетніх калгаснічкаў. Кажуць, ткнулі кіраўніцтва ў Канстытуцыю, дзе прапісана забарона на дзіцячую працу без згоды бацькоў.
Але супакойвацца мы б не раілі. Прапануем лічыць выпадак у Гродне фальстартам, няўдалым анонсам будучых змен у заканадаўстве. Бо надта ж хочацца рэжыму аднавіць у Беларусі як мага болей савецкіх практык. Пра адпраўку студэнтаў «на бульбу» ўжо казаў Лукашэнка. А яго памагатая Качанава ўвогуле пра гэта марыць. Так і сказала, маўляў, корпанне ў разоры «выхоўвае ў моладзі добрае стаўленне да працы». Так і хочацца дадаць сумна вядомае з гісторыі: праца вызваляе. Так што «бульба» ў дзетак наперадзе, проста яшчэ не саспела.

Цэны на балалайкі і гармонікі цяпер нерухомыя

5_433.jpg


І яшчэ крыху пра цэны, бо яны — наша ўсё. І нават болей за ўсё. Вы думалі, што «высачайшым» загадам забаронена падвышаць кошты толькі на ўсялякія яйкі і курыныя галёнкі? Не. Клопат дзяржавы аб камфортным цэнаўтварэнні мае ўсеабдымны характар.
Разам з малаком і мясам урад зафіксаваў і цэны на музычныя інструменты, якія «рэалізуюцца для дзяржаўных арганізацый культуры і ўстаноў адукацыі». Цяпер там таксама «жэстачайшы» кантроль да апошняй струны.
У пералік, праўда, унесены толькі піяніна, балалайка, домра, баян, гармонік, гітара і цымбалы. Але ж з гэтага нават нармальнага аркестра не складзеш. Дзе скрыпка? А саксафон, флейта і барабан з бубнам? Незразумела, чаму адны інструменты роўныя, а іншыя раўнейшыя. Дзіўна, што духавыя ўвогуле ў прывілеяваным становішчы.
Трэба меркаваць, што дойдзе справа і да іх. Да ўсяго дойдзе, бо кіраваць-кантраляваць лукашэнкаўскі рэжым хоча ўсё навокал. Дзетанараджальнасць і права на выезд беларусаў за мяжу. Палёгліцу на палетках і тэмпературу ў тэхнічных памяшканнях. Тлустасць салідола і колер шкарпэтак у святочныя дні.
Пасля падзей 2020 года жадання дыктаваць заўсёды і ўсюды ва ўладаў толькі паболела, і яно працягвае расці. І так будзе да той пары, пакуль муры не разбурацца. А ім, мяркуючы па паводзінах лукашэнкаўцаў, нядоўга і засталося.