«Генералы вучыліся ў акадэміях і ведаюць прычыны для панікі, якія ты не ў стане нават нафантазіраваць»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» падсумоўвае ўсё тое, што сказалі мінулымі днямі беларускія генералы, і вельмі просіць сваю дачку не панікаваць. Бо з «панікаваць» і без яе беларускія генералы справяцца.

mem_1.jpg


Ты, наогул, як? Нармальна? Не панікуеш там? Ну, правільна. Ты, галоўнае, не панікуй, і займайся сваімі справамі. Ёсць каму і без цябе панікаваць. Дарма што ёсць у краіне людзі ў пагонах і цэлая вертыкаль улады? А ты і панікаваць жа толкам не ўмееш. Куды табе да беларускіх генералаў.

Таму ўчора генералы пайшлі ў народ, каб яго навучыць. Супакоіць панічныя настроі ў рамках умацавання тэрытарыяльнай абараназдольнасці. Вось у цябе былі панічныя настроі? А калі знойдуць?

Адзін паказаў карты, адкуль на Беларусь рыхтуецца напад. Ну, у наш час насельніцтва гэтым не здзівіш. Бачыла насельніцтва і не такія карты. Затое другі сказаў, што вораг рыхтуецца захапіць беларускі райцэнтр. Але не сказаў які. Таму, у якім канкрэтна райцэнтры не панікаваць, пакуль не зразумела.

Так што генерал на ўсялякі выпадак распавёў яшчэ пра жаўнераў NATO, групы баевікоў і беларускіх экстрэмістаў, якія ваююць ва Украіне. Ну як ваююць? Іх там зноў засталося сто чалавек, астатнія разбегліся і тыя, якія засталіся, ваяваць не ўмеюць. Таму рыхтуюць уварванне супраць беларускай арміі.

Але беларуская армія з імі справіцца. Дакладна справіцца. Ну ты сама падумай: там — сто чалавек, якія не ўмеюць ваяваць, а тут цэлая беларуская армія. Павінна справіцца. Ну са ста людзьмі, якія не ўмеюць ваяваць. Справіцца ж, напэўна? Усё-ткі і генералы ў беларускай арміі ёсць. Так што можа і справяцца. Адставіць паніку, дыхаем глыбока. Са ста людзьмі, якія не ўмеюць ваяваць, беларуская армія, узмоцненая падраздзяленнямі ўнутраных войскаў, тэрытарыяльнай абароны і народнага апалчэння, цалкам можа справіцца, калі раптам пашанцуе.

Трэці генерал, праўда, сказаў, што ворагі рыхтуюць хвалю тэрарыстычных актаў па ўсёй Беларусі. Ты там як? Яшчэ не панікуеш? Глядзі, не панікуй. Спакой, толькі спакой. Дробязь. Справа ж жыццёвая. Ну, ну хваля. Што мы тэрарыстаў не бачылі?

Іншая справа, што ў генерала знайшоўся козыр у рукаве. Ён сказаў, што ворагі рыхтуюць па Беларусі тактычны ядзерны ўдар. Вось няма, вядома, лепшага спосабу суняць панічныя настроі сярод насельніцтва, чым расказаць насельніцтву, што па ім рыхтуецца тактычны ядзерны ўдар. Вельмі спрыяе душэўнаму спакою і грамадска-палітычнай стабільнасці.

Увогуле калі ты там яшчэ не панікуеш, то і не панікуй ужо. Па-першае, чаго цяпер панікаваць? А па-другое, беларускія генералы і без цябе справяцца. У іх гэта ўсё роўна атрымліваецца лепш.

І не толькі таму, што генералы вучыліся ў акадэміях і ведаюць такія прычыны для панікі, якія ты сабе не ў стане нават нафантазіраваць. А таму, што чым далей спецыяльная аперацыя саюзніка ідзе па плане ўслед за рускім ваенным караблём, тым менш у генералаў надзеі на дапамогу саюзніка. І тым больш боязі, што саюзніку самому спатрэбіцца дапамога. А саюзніку не адмовіш. Асабліва пасля таго як у саюзніка з’явіцца на тэрыторыі Беларусі не адна тысяча рэгіянальнай групоўкі сваіх войскаў. І калі саюзнік задумае гэтай групоўкай новы наступ з беларускай тэрыторыі, нават без прамога ўдзелу беларускіх вайскоўцаў, то адказваць за гэты наступ усё роўна прыйдзецца беларускім генералам. А ўсе памятаюць, што беларускія генералы зрабілі пазамінулым летам і мінулай зімой.