Рэгуляванне цэн: вялікая бессэнсоўная схема
Калі Лукашэнка «за-ба-ра-ніў» падвышэнне цэн у Беларусі, ён сказаў, што гэта да таго часу, пакуль урад не распрацуе дакумент па рэгуляванні цэн. Бізнес і гандаль застылі ў чаканні — і дачакаліся. Учора дакумент быў апублікаваны на нацыянальным прававым партале і ўступае ў дзеянне з сённяшняга дня.
Што ж там нафантазіравалі віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў з таварышамі?
Інфляцыя — працэс натуральны
Давайце дамовімся: інфляцыю, то-бок рост цэн, спыніць немагчыма, бо гэта — натуральны працэс эканомікі. Такі ж, як узыход сонца. Яна была, ёсць і будзе. Цэны растуць разам з попытам і ўзроўнем спажывання. Рост цэн азначае тры натуральныя рэчы. Першая — у людзей ёсць грошы. Другая — людзі набываюць за гэтыя грошы тавары. Трэцяя — за кошт гэтых грошай кампаніі зарабляюць, выплачваюць сваім супрацоўнікам большыя заробкі, ствараюць новыя, больш якасныя і, адпаведна, крыху больш дарагія прадукты. У людзей ёсць грошы, і яны набываюць больш дарагія прадукты. Такім чынам «грашовы колаабарот» па ланцужку «тавар — грошы — тавар» — гэта ўсё роўна што кругаабарот вады ў прыродзе. Ёсць больш грошай — ёсць больш якасныя інавацыйныя прадукты, кошт іх вышэйшы — вось табе і інфляцыя.
У нас базавая інфляцыя цяпер — 20% на год. У ЗША — 2% на год.
Інфляцыя ёсць паўсюль — гэта натуральны працэс. Ён становіцца небяспечным тады, калі альбо няма грошай, альбо не хапае тавараў. У другім варыянце, зразумела, «дэфіцыт» будзе даражэйшым, а калі на грошы тавар немагчыма купіць — грошы абясцэньваюцца (прыкладна, як гэта было ў 1990-я).
У першым варыянце небяспека ў тым, што грошы (дзеля падтрымання попыту) дадрукоўвае дзяржава. Зноў жа, гэтыя «пустыя грошы» не забяспечаны вырабленым таварам, і ў вачах прадаўца і вытворцы яны «таннеюць». Адпаведна вытворцы, а за імі і прадаўцы падвышаюць кошты, бо сыравіна на выраб тавараў і праца людзей таксама каштуюць грошай.
Напрыклад: зніжэнне валавога ўнутранага прадукту (ВУП, то-бок усяго аб’ёму створаных тавараў і паслуг) у Беларусі за студзень-верасень склала 4,7% да аналагічнага перыяду мінулага года. Пры гэтым у жніўні рэальныя пенсіі — пенсіі з улікам інфляцыі — выраслі на 5,5%. Як такое можа быць, калі стварылі мы тавараў амаль на 5% менш, чым у мінулым годзе, а грошай у людзей стала больш?
Вельмі проста: на 1 кастрычніка 2022 года аб’ём наяўных грошай у адносінах да 1 кастрычніка 2021 года вырас на 35%. Гэта азначае, што дзяржава надрукавала «пустыя» грошы і расплачваецца імі з насельніцтвам, разганяючы інфляцыю і абясцэньванне тых самых грошай.
Памятаеце, яшчэ з пяцігодку таму мы вылічвалі цэны ў тысячах, а заробкі атрымлівалі ў мільёнах? Вось-вось, гэта рух у той бок.
Што прыдумалі Снапкоў з таварышамі?
Ва ўрадзе ўсё ж сядзяць не дурні. Яны разумеюць, што спыніць інфляцыю немагчыма, і лукашэнкаўскае «за-ба-ра-ня-ец-ца» — гэта такі «заход сонца ўручную». А таму дакумент па абмежаванні росту цэн, падрыхтаваны імі, складзены (прынамсі, у мяне такое адчуванне) з улікам гэтых ведаў.
Канешне, яны там усталявалі 370 найменняў тавараў, на якія рэгулююцца цэны, і гранічныя надбаўкі імпарцёраў, і гранічныя гандлёвыя надбаўкі — ад 15 да 60% у залежнасці ад віду тавару. Але гэтыя лічбы — проста пыл у вочы. Галоўнае — іншае.
Напрыклад, тое, што пастанова тлумачыць парадак узгаднення павышэння адпускных цэн з дзяржаўнымі органамі. РУП і прадпрыемствы з доляй уласнасці дзяржавы павінны ўзгадняць цэны ў дзяржорганах і арганізацыях у адпаведнасці са сваім падпарадкаваннем, спажыўкааперацыя — у Белкаапсаюзе, дапускаецца ўзгадненне ў рамках холдынгу, іншыя юрыдычныя асобы і ІП будуць узгадняць цэны з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам па месцы сваёй рэгістрацыі.
Скажам, ёсць нейкае прадпрыемства, якое вырабляе кансервы і падпарадкавана Мінсельгасхарчу. Яно павінна ўзгадніць павышэнне кошту на кансервы ў гэтым самым Мінсельгасхарчы. Як па-вашаму, Мінсельгасхарч адмовіць у гэтым павышэнні свайму ж прадпрыемству? Скажа яму: «Не-не-не, не падвышайце цэны, працуйце ў страту, нясіце нам менш грошай». Фантастыка, праўда?
Ці, напрыклад, вызначаны выпадкі, калі вытворцы тавараў змогуць не ўзгадняць цэны на новыя тавары. Гэта можна рабіць (сярод іншага), калі ўсталёўваюцца новыя цэны на тавары з прымяненнем нарматыву рэнтабельнасці не больш за 10%.
Згодна з Белстатам, за 8 месяцаў сярэдняя рэнтабельнасць продажаў у флагманаў склала 9%. Па выніках 8 месяцаў 19,6% флагманскіх кампаній Беларусі былі нерэнтабельнымі (зафіксавалі страты ад рэалізацыі прадукцыі), а 30% мелі рэнтабельнасць у межах 0-5%. Сукупная ўдзельная вага нерэнтабельных і нізкарэнтабельных прадпрыемстваў па краіне без малага не дасягнула 50%.
Доля высокапрыбытковых бізнесаў у краіне — надзвычай малая. У студзені-жніўні 2022 года 9,8% флагманаў паказалі рэнтабельнасць 20+%, а 3,5% флагманаў — рэнтабельнасць 30+%. То-бок толькі 13,3% будуць бегаць і ўзгадняць «нарматывы рэнтабельнасці», а амаль палова вытворцаў краіны можа ставіць сабе рэнтабельнасць 10% — бо і так вышэй галавы не скокнуць.
Так што дакумент усё роўна не прадугледжвае «забарону на павышэнне цэн», як бы таго не хацелася.
Больш карупцыі!
Ужо адзначалася, што «забаронай на павышэнне цэн» Лукашэнка, па факце, проста пераклаў адказнасць за пагаршэнне дабрабыту насельніцтва з сябе на «дрэнных баяр». Маўляў, за рост цэн «адкажуць» губернатары і міністры. Гэта знайшло адлюстраванне і ў пастанове Саўміна — там, дзе «іншыя юрыдычныя асобы і ІП будуць узгадняць цэны з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам па месцы сваёй рэгістрацыі».
Я, шчыра кажучы, чалавек не асабліва высокамаральны. Мне даводзілася даваць хабар за «вырашэнне пытання». І я проста ўяўляю сябе на месцы губернатара, калі да яго прыходзіць уладальнік бізнесу і прапануе за «невялікую падзяку» дазволіць павысіць цэны на яго прадукцыю.
Я б, шчыра кажучы, на месцы губернатара брала б усім: грашыма, паслугамі, барзымі шчанюкамі і натурай. Бо адмяніць інфляцыю не ў стане ніхто. Вінаватай у нязграбных рашэннях вышэйшай улады ўсё роўна застануся я — гэта ўжо вызначана, як кажуць, «на самым вышэйшым узроўні». І таму — якая карысць быць «крайняй» задарма?
Так што карупцыйны складнік, безумоўна, падвысіцца.
Больш рэгуляцыі — больш інфляцыі
І самае галоўнае: чым больш дзяржава рэгулюе цэны, тым больш гэтыя цэны растуць. І пастанова Саўміна пра «забарону росту цэн» — гэта, насамрэч, пастанова пра яшчэ большы іх рост.
Ёсць цікавы пункт у гэтай пастанове: вытворцы тавараў могуць не ўзгадняць цэны, калі гаворка ідзе аб павышэнні рэгуляваных дзяржавай цэн, ставак падаткаў і іншых плацяжоў, што ўключаюцца ў сабекошт прадукцыі.
Вось гэтае вось «рэгуляваных дзяржавай цэн» і нішчыць лукашэнкаўскае «за-ба-ра-ня-ец-ца»!
Па лічбах Нацбанка, базавая інфляцыя ў верасні 2022 года склала 20%. Пры гэтым інфляцыя па рэгуляваных цэнах і тарыфах у верасні (у гадавым выражэнні) склала 10,9%.
То-бок нерэгулюемыя дзяржавай тавары і паслугі раслі ў кошце менш (9,1%), чым рэгулюемыя (10,9%).
У жніўні базавая інфляцыя была 20,7%. Рост па рэгуляваных цэнах і тарыфах склаў 11,5%. Значыць, нерэгулюемыя дзяржавай цэны дадалі ў базавую інфляцыю толькі 9,2% супраць 11,5% рэгулюемых цэн.
У ліпені базавая інфляцыя складала 20,1%. Па рэгуляваных цэнах і тарыфах — 11,8%.
Гэты ланцужок можна працягваць у мінулае, і будзе тая ж карціна — асноўны (больш за 50%) унёсак у беларускую інфляцыю ўносяць тавары і паслугі, кошты на якія рэгулююцца дзяржавай! А тое, што дзяржавай НЕ рэгулюецца, падвышаецца ў цане менш за «рэгуляваныя» тавары.
Такім чынам, рэгуляванне цэн можа не спыніць іх рост, а, наадварот, толькі паскорыць. Асабліва з наяўнасцю ўсіх дзюрак і шчылін у дакуменце, якія дазваляюць цэны павышаць.
Час, выдаткаваны на стварэнне гэтага дакумента ў Саўміне, праведзены з карысцю, але дарма.