Лукашэнка імкнецца саскочыць з «Тытаніка»?
Мы ўсё варажылі, чаму Лукашэнка раптам «жэстачайшэ забараніў» рост цэн? Мы ж такое праходзілі неаднойчы, і кожны раз з гэтага нічога не атрымлівалася. Узгадайце хаця б забарону росту цэн на лекі і «сацыяльна значныя тавары», якая адбылася на пачатку мінулага года, пасля таго, як улады самі ж падвысілі на іх ПДВ. Колькі яна пратрымалася?
Але ж не. Лукашэнка вырашыў зноў наступіць на тыя ж граблі. Няўжо яму падабаецца ўвесь час атрымліваць па ілбе?
Зусім не. Прычына — у іншым. Проста Лукашэнка ўжо пачынае сваю чарговую перадвыбарчую кампанію, пра што ён фактычна заявіў на гэтым тыдні, правёўшы нараду наконт Усебеларускага народнага сходу і выбарчага заканадаўства.
Са зменамі ў Канстытуцыю, якія ён аформіў на пачатку гэтага года, у нас з’явіўся «адзіны дзень галасавання». Страшыня ЦВК Ігар Карпенка (былы міністр адукацыі) разлічвае, што выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, чальцоў Савета Рэспублікі, дэпутатаў усіх мясцовых саветаў будуць у адзін дзень — папярэдне 25 лютага 2024 года. Праўда, ён не ўдакладніў, ці будуць у гэты ж час і датэрміновыя выбары прэзідэнта. Можа быць і не. Аднак Лукашэнка ўжо клапоціцца пра іх.
«Выбары, якія мусяць адбыцца ў 2024 годзе, мы павінны правесці ўжо па новых правілах. Засталося крыху больш за год. Гэта будзе самая маштабная кампанія за апошнія гады. Лёгкіх выбарчых кампаній чакаць не даводзіцца. Самі бачыце, у якіх умовах знаходзіцца наша краіна. Нявызначанасць міжнароднай абстаноўкі, беспрэцэдэнтны знешні ціск, інфармацыйныя атакі і правакацыі», — заявіў Лукашэнка.
Але справа ў тым, што з прэзідэнцкай пасадай дагэтуль нічога незразумела. Таму што найперш няма закона аб Усебеларускім народным сходзе. Ён павінен быць прыняты не пазней за сакавік 2023 года, загадаў Лукашэнка.
Пры гэтым асабліва важныя яго словы пра паўнамоцтвы гэтага органа. З аднаго боку, па яго словах, «Сход — апора і для народа, і для ўлады. Важна, каб непасрэдна людзі прымалі рашэнні, на якія потым будуць абапірацца і дзяржаўныя органы. Гэта значыць, нам лягчэй будзе працаваць, калі гэтая талака (1,2 тысячы ці колькі вы прапануеце чалавек), збяруцца прадстаўнікі адтуль, знізу, якія бачаць кошты ў крамах, гайкі круцяць і хлеб сеюць, і прымуць рашэнне, у якім кірунку рухацца».
«Таму ва УНС павінны быць не толькі паўнамоцтвы, якія мы вызначылі Канстытуцыяй, але і, магчыма, іншыя. Асноўны закон гэта дазваляе», — дадаў ён.
А з іншага боку, «гэта не значыць, што мы там павінны пашырацца і Усебеларускі народны сход будзе не толькі перасякаць нейкія паўнамоцтвы прэзідэнта, парламента, судовай улады, але, яшчэ горш, будзе перашкаджаць ім працаваць. Гэтага быць не павінна. УНС павінен займацца сваімі пытаннямі — тымі, якія не будуць уваходзіць у кампетэнцыю іншых органаў улады. Яно наверсе, як народнае веча: абмеркавалі, прынялі рашэнне па пэўных пытаннях, парэкамендавалі, пакрытыкавалі і разышліся. Усе астатнія, як і сёння, вырашаюць свае надзённыя пытанні», — дадаў ён.
З аднаго боку, кіраўнік УНС нібыта не нясе персанальнай адказнасці перад народам, як цяпер прэзідэнт. З іншага, каб ён не нёс адказнасці, трэба пазбавіцца і паўнамоцтваў у прыняцці рашэнняў…
Карацей, Лукашэнку хацелася б адначасова і «саскочыць» з адказнасці, і захаваць усю паўнату ўлады. Вось ён цяпер і круціцца, як вужак на патэльні.
І зразумела, чаму трэба саскокваць. На тыдні мы даведаліся, што краіна, насамрэч — у банкруцтве. Аказваецца, мы не плацім не толькі працэнты па еўрааблігацыях, але і не сплачваем крэдыты Міжнароднаму банку рэканструкцыі і развіцця — падраздзяленню Сусветнага банка.
Нявыплату працэнтаў па еўрабондах можна было патлумачыць, што і зрабілі, фінансавымі санкцыямі ў дачыненні не толькі да Беларусі, але і да трымальнікаў аблігацый: маўляў, нашы грошы да іх не даходзяць, асабліва ў Расіі, бо яны пад санкцыямі. Нявыплату ж грошай па крэдытах МБРР так патлумачыць нельга, хаця б таму, што санкцый на гэты фонд ніхто не накладаў. Тое, што айчынны Мінфін ізноў тлумачыць неплацяжы санкцыямі — проста смеху вартыя прыдумкі.
Унутранае становішча — таксама не вельмі. Перад загадам Лукашэнкі «цэны, стой, раз-два» статыстыка за верасень паказала, што нечакана падаражэлі «сезонныя тавары». Гародніна ўскінулася ў цане на 19,5%, садавіна — на 8,8%. Пры гэтым нам рапартавалі пра чарговую перамогу над рэкордным ураджаем. Калі ён рэкордны, чаму раптам выраслі цэны?
Саўмін, зразумела, распрацаваў свой план кантролю над цэнамі, як яму і было загадана. Але ў ім столькі дзюрак і шчылін, столькі карупцыйных складнікаў, што лепш яго не ўводзілі б.
У Беларусь прыбываюць расійскія «мабілізаваныя». Па словах нашых генералаў, іх тут будзе 9 тысяч чалавек, па даных украінскай выведкі — блізу 20 тысяч. Гэта недастатковая сіла, каб абрынуцца на Украіну з нашых меж, а значыць, мэта іх прыбыцця можа быць іншай. Якой? Напрыклад, угаварыць Лукашэнку «расстацца» са сваёй пасадай на карысць «старэйшага брата». Бо ў Пуціна ў 2024 годзе таксама выбары, і яму хацелася б прыйсці да іх «збіральнікам зямель рускіх». З Украінай не атрымалася — дык чым Сінявокая не мішэнь?
І гэта яшчэ адна нагода «саскочыць» — хай за страту суверэнітэту ў прыватнасці і краіны ў цэлым адказвае той, хто ў той час на пасадзе…
І Лукашэнка дае зразумець, што будзе яшчэ горш. На той жа нарадзе ён заявіў:
«Калі за два гады не пераканаліся, што з намі хацелі і хочуць зрабіць, то хай слухаюць і прымаюць рашэнне. Хочаце праз бяду прайсці — калі ласка. Хочаце, каб было ціха і спакойна, каб раніцай і ўвечары калі не самім у душ схадзіць (хоць, думаю, усе маюць такую магчымасць), дык хоць дзетак сваіх выкупаць у цёплай вадзе, каб цяпло ў доме было, каб газ, нафта і іншае было, каб было раніцай і ўвечары чагосьці перакусіць, паесці, апрануцца ў нешта, калі вы гэтага хочаце (гэта таксама варыянт), тады зубы сціснулі і наперад, рабіце тое, што я вам кажу».
Памятаеце, што Лукашэнка казаў у 2020-м? Што яго трэба пакінуць ва ўладзе, каб не было бандытызму ў духу 1990-х, каб людзі не палохаліся хадзіць па вуліцах. Цяпер людзі палохаюцца хадзіць па вуліцах, бо замест бандытаў людзей на вуліцах хапае і ў кватэры ўломваецца ГУБАЗіК.
Тады Лукашэнка казаў, што без яго ў краіне будзе вайна — і сам жа ўцягнуў краіну ў авантуру са «спецаперацыяй», дазволіўшы выкарыстаць тэрыторыю для нападу на Украіну. І дазваляе гэта рабіць далей. І не яго заслуга ў тым, што ўкраінцы пакуль не наносяць удараў па Зябраўцы, як па Белгародскай вобласці.
Лукашэнка казаў, што «раскрадуць і распрададуць краіну, мукі будзе на тры дні» — і падаецца, справіўся з гэтай задачай самастойна. Мукі яшчэ не на тры дні, але слова «дэфіцыт» згадваецца ўсё часцей.
Цяпер ён кажа, што без яго не будзе газа, паліва, цёплай вады. Цікава, што ён там рыхтуе? Пра што раптам папярэдзіў?
P.S. Калі матэрыял быў падрыхтаваны, прыйшла навіна, што тарыфы на перадачу цеплаэнергіі ў Беларусі будуць усталёўвацца ў прывязцы да курсу расійскага рубля. Опанькі…