Адрэгулявалі. «Сацыяльна значныя» тавары даражэюць больш за ўсіх

МАРГ жа тлумачыць усё «ростам сусветных цэн на прадукты харчавання»

dwvf9wses4y.jpg


Інфляцыя (агульны рост коштаў) у гадавым выражэнні (травень 2020 года да траўня 2021-га) склала 9,4%, а сацыяльна значныя тавары падаражэлі на 8,4% за апошні год.

Паскарэнне гадавога прыросту цэн шмат у чым адбылося дзякуючы росту сусветных цэн на прадукты харчавання, перакананыя ў МАРГ. Напрыклад, сусветныя цэны на мяса дадалі 8,3% , на малако — 25,9%, збожжавыя культуры — 34,5%, алей падаражэў ў 2,2 разы, цукар — у 1,5 разы. Зрэшты, кошты раслі і з-за павелічэння рэгуляваных коштаў (тарыфаў), паведамляе Беларускі партызан.

«За мінулыя 12 месяцаў найбольшы прырост цэн захоўваецца на тавары крытычнага імпарту: алей падаражэў на 56,5%, як вынік, маянэз — на 28,8%. Працягваецца рост цэн на медыкаменты — 22,1% у гадавым выражэнні (на фоне адмены льготнай стаўкі ПДВ у пачатку года) і мяса і мясапрадукты — 9,1% (з-за падаражэння сыравіны, якая выкарыстоўваецца пры вытворчасці), — паведамляюць спецыялісты МАРГ. — Адначасова ў гадавым выражэнні фіксуецца запаволенне прыросту цэн на абутак — да 4,9% і сінтэтычныя мыйныя сродкі — да 8,7%».

За травень больш за ўсё вырасла цана на бульбу (+11,5%) з-за маладой бульбы, якая традыцыйна даражэй леташняй. Садавіна падаражэлі на 5,3% за кошт цытрусавых, у якіх неўрадлівы год з-за дрэннага надвор’я.

У траўні ў параўнанні з красавіком у Беларусі выраслі цэны на цыгарэты (+0,3%), лекі (+0,7%), аўтамабільнае паліва (+1,1%), а таксама на медпаслугі (+0,5%). А вось цэны на гарэлку знізіліся на 0,4%, паведамляе МАРГ.