Беларусь — Сусветнаму банку: «Мы проста не хочам плаціць. І не будзем»

Прыйшла яшчэ адна бяда, адкуль не чакалі. А можа і чакалі? І калі нехта спрачаўся, ці настаў у Беларусі дэфолт, ці гэта «тэхнічны дэфолт», ці «абмежаваны дэфолт», то цяпер гэтыя спрэчкі, бадай, знятыя. Аказалася, што краіна ўжо шэсць месяцаў не сплачвае па крэдытах Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця.

Сёння з’явілася інфармацыя ад Сусветнага банка, які паведаміў, што Беларусь пратэрмінавала плацяжы па крэдытах, выдадзеных Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця. Для ўсіх пазык усталяваны статус непрацуючых.

«Гэта дзеянне было зроблена ў адпаведнасці з усталяванай працэдурай Сусветнага банка, згодна з якой усе крэдыты МБРР, прадастаўленыя краіне або гарантаваныя краінай, становяцца непрацуючымі, калі плацеж па любым крэдыце пратэрмінаваны больш чым на шэсць месяцаў», тлумачыць Сусветны банк.

Па факце гэта азначае, што паўгода ад нас чакалі, што Сінявокая расплаціцца па тых крэдытах, якія ёй выдалі праз МБРР. Аднак за паўгода нашы ўлады так і не здолелі заплаціць што-небудзь.

У паведамленні кажацца, што на 14 кастрычніка пратэрмінаваныя плацяжы Беларусі склалі 68,43 млн долараў у эквіваленце. Такім чынам, высвятляецца, што плацеж па крэдытах МБРР мы павінны былі зрабіць у траўні гэтага года. Аднак менавіта ў траўні — на пачатку чэрвеня пайшлі размовы пра дэфолты ў Расіі і Беларусі. 2 траўня рэйтынгавае агенцтва «Fitch» адзначыла, што эканоміка Беларусі ў пераддэфолтным стане, і папярэдзіла, што будзе разглядаць спробы пагасіць даўгавыя абавязацельствы ў беларускіх рублях як дэфолт.

Што і адбылося ў чэрвені.

Аднак, як высвятляецца, «неплацяжы» пачаліся некалькі раней, чым нам было вядома. Паўгода назад ад 14 кастрычніка — гэта 14 траўня.

Агульная сума крэдытаў, выдадзеных Беларусі Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця і яшчэ не пагашаных ёю, складае 967 млн долараў.

Гарантаваны дэфолт

З выплатай па еўрабондах сітуацыя была крыху іншай. Беларускі Мінфін тады заявіў, што частка трымальнікаў нашых аблігацый з «сяброўскіх» краін не здолела атрымаць грошы ад Беларусі з-за фінансавых санкцый, уведзеных ці тое ў дачыненні да беларускіх банкаў, ці тое ў дачыненні да нашых «сяброў — трымальнікаў еўрабондаў». Маўляў, Беларусь плаціць не адмаўляецца, але грошы па еўрааблігацыях не могуць трапіць да тых, каму яны належаць. І таму была прыдумана схема аплаты ў беларускіх рублях праз «Беларусбанк»: маўляў, хто хоча — хай прыйдзе і забярэ беларускія рублі, а потым хоць беларускія трактары купляе, хоць на валюту мяняе.

«Адмазка» была даволі нягеглай, лічыць старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра «BEROC», эканаміст Леў Львоўскі. «Той дэфолт быў абмежаваны, Беларусь абвясціла дэфолт не па ўсіх абавязацельствах, а па некаторых. Цяпер можна меркаваць, што па ўсіх знешніх абавязацельствах, якія не расійскія, не кітайскія і не Еўразійскага банка, мы чакаем дэфолт. Тое, што нашы міністэрствы кажуць, нібыта яны не могуць плаціць з-за абмежаванняў міжнародных сістэм — гэта хлусня. Яны могуць плаціць. На тлумачэнне, якое яны прыдумалі, ніхто не купіўся, бо пры афармленні еўрабондаў было дакладна прапісана, у якой валюце і ў якія тэрміны трэба ўсё плаціць», — кажа ён.

Але цяпер — у дачыненні да Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця — гэта схема са «злымі плацежнымі сістэмамі, якія не аддаюць нашы грошы з-за санкцый», не працуе зусім. «Я ўпэўнены, што ніякіх абмежаванняў для Беларусі няма, і яна можа плаціць. Але не хоча», — дадаў Львоўскі.

Прычына, па якой Беларусь не плаціць па крэдытах, на яго погляд — гэта чарговая «дымавая завеса» ад урада, каб схаваць сваё гаротнае фінансавае становішча.

«Цяпер размова ідзе пра невялікія грошы, што дазваляе шмат якім аналітыкам казаць пра “частковы дэфолт”. Нібыта Беларусь магла б заплаціць, але не плаціць, таму што прыдумала такую гісторыю. Насамрэч даволі хутка Беларусі трэба будзе плаціць па еўрабондах значную суму — каля 800 мільёнаў долараў. Гэта ўжо сур’ёзныя грошы, і верагодна, беларускія ўлады хочуць «замыліць» сутнасны дэфолт — менавіта той факт, што Беларусь не можа гэтыя грошы плаціць. І тады яны могуць сказаць: “Мы даўно ўжо не плацім, але гэта не азначае, што мы ўжо незаможныя, а проста не будзем плаціць”. Насамрэч 800 мільёнаў Беларусі аддаць проста цяжка», — адзначае Леў Львоўскі.

Кітайцы — таксама людзі

Канешне, калі ў Беларусі здарыўся дэфолт па еўрабондах, многія беларускія (і не толькі) эканамісты адзначалі, што ўсё кепскае, што ў краіне магло адбыцца ў сувязі з тым дэфолтам, ужо здарылася раней з-за санкцый: вывад бізнесаў, зніжэнне дзелавой актыўнасці, перакрыццё заходняй фінансавай дапамогі і гэтак далей. Таму той «абмежаваны дэфолт» асаблівага ўплыву на сітуацыю не меў.


Аднак цяпер — сітуацыя прынцыпова іншая. Менавіта таму, што тут цяжка «адбаярыцца» заходнімі фінансавымі санкцыямі.

Беларускія ўрадаўцы ўвесь час казалі, што плануюць замясціць еўрапейскія крэдытныя лініі, напрыклад, кітайскімі. Маўляў, калі Еўропа грошай не дае, дык на ёй свет клінам не сышоўся. Аднак пасля навіны ад Сусветнага банка, імаверна, паўстануць праблемы і з кітайскімі крэдытамі. Бо калі Беларусь можа плаціць, але не хоча, ці не здарыцца тая ж самая сітуацыя і з кітайскімі банкамі?

Дарэчы, 6 верасня першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў ужо сказаў, што Беларусь будзе разлічвацца за кітайскія доларавыя крэдыты ў юанях. Дзякуй богу, пакуль не ў беларускіх рублях, але сама змена валюты выглядае ўжо падазронай, ці не так?

Некалі эканаміст Леў Марголін параўноўваў грошы ў эканоміцы з палівам у аўтамабілі: калі не будзе паліва, аўтамабіль не паедзе. Відавочна, што з гэтым «палівам» у нас будзе ўсё больш і больш праблем. І застанецца толькі спадзявацца на «палітычна абумоўленыя» крэдыты Расіі. А чым яна іх абумоўлівае, па-мойму, тлумачыць не трэба…



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: