Якой беларускую армію бачаць у NATO? «Асноўная роля — пужалка»

Бюро абароны Латвіі ў сваёй апошняй інфарматыўна-аналітычнай публікацыі ацаніла ролю войскаў Беларусі ў вайне ва Украіне, далейшыя крокі Беларусі па падтрымцы Расіі і стан беларускага войска ўвогуле. Цікава, як бачаць нашу армію ў NATO?

94dfca50cf577a132bf88fae7cb3468e.webp


Прыводзім артыкул БАС у тым выглядзе, як ён надрукаваны на delfi.lv.

Аналітыкі Бюро абароны Сатверсмэ адзначаюць, што Узброеныя сілы Беларусі традыцыйна ўзаемадзейнічаюць з Узброенымі сіламі Расіі ў правядзенні ваенных вучэнняў, такіх як «Захад», што праходзяць раз на чатыры гады, або вучэнняў «Славянскае братэрства», якія праходзілі раз на год да 2021 года.

У вучэннях Беларусь задзейнічае ў асноўным элітныя падраздзяленні сваіх УС, якія складаюць меншасць ад агульнай колькасці ўзброеных сіл. Спецназ выкарыстоўваўся для падаўлення пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі, а таксама ў Казахстане ў студзені 2022 года. Войскам, якія не ўваходзяць у склад элітных частак, не хапае баявога вопыту, што значна абмяжоўвае іх практычную карыснасць у вайне.

УС Беларусі маюць у сваім распараджэнні шырокі спектр узбраенняў, але іх аснову складае тэхніка, вырабленая ў часы СССР. Знос тэхнікі і адхіленні ад патрабаванняў па тэхнічным абслугоўванні шматкроць скарачаюць колькасць зброі, прыдатнай для практычнага прымянення, заключылі ў БАС.

Ва ўмовах расійскага ўварвання пытанне аб удзеле Беларусі і яе ўзброеных сіл у вайне ва Украіне не страціла сваёй актуальнасці. Беларусь лічыцца блізкім вайсковым хаўруснікам Расіі, што дазваляе апошняй размяшчаць падраздзяленні Узброеных сіл на тэрыторыі суседняй краіны перад уварваннем, ажыццяўляць з яе наземнае ўварванне і авіяцыйна-ракетныя ўдары і выкарыстоўваць інфраструктуру для забеспячэння і падтрымкі расійскіх войскаў, аднак дагэтуль беларускія войскі не прымалі непасрэднага ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны.

У цяперашні час асноўнай функцыяй Узброеных сіл Беларусі з'яўляюцца застрашлівыя манеўры з мэтай пазбавіць украінскія сілы рэсурсаў для баёў на ўсходзе і поўдні Украіны.

Чакаецца, што Беларусь працягне аказваць падтрымку ваеннаму ўварванню Расіі на Украіну, уключаючы пастаўкі зброі, рамонт тэхнікі, лячэнне параненых, і мяркуецца, што частка расійскага мабілізаванага насельніцтва можа прайсці навучанне ў Беларусі за кошт рэсурсаў беларускіх УС. Гэта дазволіла б Расіі не толькі захаваць свае рэсурсы, але і працягнуць тактыку запалохвання як Украіны, так і краін Захаду, пішуць аналітыкі Бюро абароны Сатверсмэ.

Вырашальным у пытанні аб удзеле ў баявых дзеяннях ва Украіне з'яўляецца ўсведамленне палітычным кіраўніцтвам Беларусі таго факту, што ваенныя няўдачы могуць знізіць падтрымку ваенным кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі.

Уцягванне беларускіх сіл у вайну азначала б паслабленне ўнутранай бяспекі краіны, напрыклад, за кошт зніжэння магчымасцей па захаванні бяспекі знешніх меж. У той жа час няма падстаў меркаваць, што УС будуць гатовыя ажыццявіць пераварот супраць існуючага рэжыму. У такім выпадку таксама нельга выключаць верагоднасці таго, што для падаўлення супраціву будуць выкарыстаны расійскія ўзброеныя сілы.

На тэрыторыі Беларусі праходзіць мабілізацыя і фарміруецца сумесная групоўка расійскіх і беларускіх войскаў. Ваенныя вучэнні з расійскімі ўзброенымі сіламі працягваюцца, у выніку чаго павялічылася прысутнасць беларускіх сіл у прыгранічных раёнах.

У лютым гэтага года былі прыняты папраўкі ў беларускую Канстытуцыю, якія дазваляюць захоўванне ядзернай зброі на тэрыторыі краіны, а ў канцы жніўня рэжым Лукашэнкі абвясціў аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі.

Рашэнне Беларусі адмовіцца ад статусу «бяз'ядзернай зоны» найбольш выгадна для Расіі, бо дазваляе апошняй узмацніць пагрозу ўсходняму флангу NATO.

Што тычыцца беларускай палітычнай апазіцыі, то ў БАС адзначылі рознагалоссі паміж апазіцыяй унутры краіны, якая больш сканцэнтраваная на эканамічнай сітуацыі і вайне ва Украіне, і апазіцыяй у выгнанні, якая выступае за ціск Захаду на Мінск, каб аслабіць здольнасць Лукашэнкі падтрымліваць рэпрэсіўны апарат.

Ва ўмовах вайны і міжнароднай ізаляцыі магчымасці Расіі па аказанні фінансавай падтрымкі Беларусі абмежаваныя, што можа адбіцца на патрэбнасці Мінска знайсці агульную мову з палітычнымі дысідэнтамі.

Дыверсіі, якія праводзяцца супраць транспартнай інфраструктуры Беларусі, і далучэнне беларусаў да вайны супраць Расіі на баку Украіны сведчаць аб гатоўнасці пэўнай часткі грамадства, што не падтрымлівае афіцыйную палітыку рэжыму, да рызыкоўных дзеянняў.

Сацыялагічныя звесткі паказваюць, што абсалютная большасць беларускага грамадства выступае супраць удзелу ў вайне, таксама няма грамадскай падтрымкі прысутнасці расійскіх узброеных сіл і ўзбраенняў на тэрыторыі Беларусі. Для грамадства важнае эканамічнае супрацоўніцтва з Расіяй, пазбягаючы палітычнага або ваеннага збліжэння. Гэта сведчыць аб імкненні шырокай грамадскасці да захавання стабільнасці, магчымага нейтралітэту і дыстанцыявання ад ваенных дзеянняў.

У сітуацыі, якая склалася, нармалізацыя адносін Беларусі з краінамі Захаду малаверагодная, паколькі дзеянні, што першапачаткова выклікалі эскалацыю адносін, не змяніліся ў станоўчы бок: беларускі рэжым працягвае праводзіць рэпрэсіі супраць насельніцтва, накіроўваць міграцыйныя патокі праз межы Польшчы, Літвы і Латвіі, а таксама працягвае і нават узмацняе падтрымку ўварвання Расіі ва Украіну.

Нягледзячы на эканамічнае супрацоўніцтва да 2020 года і змяненне палітычных адносін, у цяперашні час Беларусь займае агрэсіўны курс у дачыненні да Латвіі і іншых краін Балтыі. Найбольш ярка гэта праяўляецца ў публічнай рыторыцы Лукашэнкі, дзе краіны Балтыі вызначаны як пагроза, а таксама ў працягу распачатай летам 2021 года гібрыднай аперацыі па мэтанакіраванай арганізацыі міграцыйных патокаў да меж Беларусі і краін-членаў ЕС. Гэты рызыка па-ранейшаму застаецца асабліва высокай для Латвіі і Літвы.

Заходнія санкцыі і неабходнасць пераарыентацыі беларускіх экспартных вытворчасцей на выкарыстанне расійскай транзітнай інфраструктуры зробяць беларускую эканоміку больш залежнай ад Расіі. Аналіз БАС паказвае, што эканамічныя прычыны могуць матываваць асобныя беларускія кампаніі шукаць альтэрнатыўныя маршруты транзіту, у тым ліку праз Польшчу і краіны Балтыі.

У цэлым Беларусь можна ахарактарызаваць як аўтарытарную краіну, ва ўсім залежную ад Расіі.

Калі яшчэ некалькі гадоў таму хтосьці ў краінах Балтыі спадзяваўся, што Беларусь зможа знайсці сваё месца, напрыклад, у рамках Усходняга партнёрства ЕС, то ў цяперашні час гэту дзяржаву варта ўспрымаць як пагрозу бяспецы рэгіёну, як і Расію, падсумоўваецца ў артыкуле БАС.