Дзмітрый Крук: Найгоршыя рэчы, звязаныя з дэфолтам, ужо адбыліся

«Сто гадоў такога не было, і вось зноў». Расія ўсё ж прыйшла да дэфолту па знешніх пазыках упершыню за 104 гады. 27 чэрвеня скончыўся льготны перыяд, напрацягу якога Расія павінна была выплаціць крэдыторам працэнты па еўрабондах у памеры 100 мільёнаў долараў ЗША. Аплата да атрымальнікаў не дайшла.


Паколькі гэты плацёж Расія прапусціла, гэта лічыцца падзеяй дэфолту, піша Bloomberg. Такога ж меркавання прытрымліваецца рэйтынгавае агенцтва Moody's. «27 чэрвеня плацяжы па двух купонах еўрабондаў не дайшлі да трымальнікаў аблігацый напрацягу льготнага перыяду, што з'яўляецца дэфолтам па нашым вызначэнні», — гаворыцца ў паведамленні агенцтва.

Масква прызнаваць дэфолт адмаўляецца. У Крамлі лічаць, што Расія выканала абавязацельствы перад трымальнікамі каштоўных папер. Сродкі былі пералічаныя ў траўні, а тое, што яны не дайшлі да інвестараў з-за санкцый, гэта не праблема Расіі. «Сцвярджэнні аб дэфолце ў дадзеным выпадку абсалютна неправамерныя, таму што яшчэ ў траўні ў валюце неабходны плацёж быў здзейснены, а той факт, што Euroclear ўтрымаў гэтыя грошы, не давёў іх да атрымальніка, — гэта ўжо не нашы праблемы», — растлумачыў Пяскоў.

Але факт у тым, што крэдыторы грошыв ыне атрымалі. Таму — дэфолт.


Што такое дэфолт, і якія яго наступствы?

Дэфолт (англ. default — невыкананне абавязацельстваў) — невыкананне дагавора пазыкі, гэта значыць несплата своечасова працэнтаў або асноўнага доўгу па даўгавых абавязацельствах або па ўмовах дагавора аб выпуску аблігацыйнай пазыкі.

Наступствы суверэнных дэфолтаў могуць мець шырокія маштабы: спад у эканоміцы, узмацненне інфляцыі і дэвальвацыя нацыянальнай валюты. Bloomberg адзначае, што ў выніку дэфолту па знешніх абавязацельствах Расія фактычна ператвараецца ў «эканамічнага, фінансавага і палітычнага ізгоя».

Праўда, Расія і без дэфолту ператварылася ў такога ізгоя — у выніку нападу на Украіну. Але, на думку, напрыклад, Алега Пендзіна, выканаўчага дырэктара эканамічнага дыскусійнага клуба (Украіна), дэфолт для Расіі — падзея ўсё ж значная. Паводле яго слоў, расійскі дэфолт «будзе азначаць блакаванне ўсіх дзяржаўных рахункаў, усёй дзяржаўнай маёмасці і маёмасці дзяржаўных кампаній за межамі Расіі. То-бок уся маёмасць Расіі, акрамя дамоў дыпламатычных службаў, будзе арыштаваная, будуць створаны адпаведныя камітэты крэдытораў і пачнецца судовы працэс продажу наяўнай маёмасці Расіі для прад'яўлення да пагашэння даўгоў».

«У сітуацыі, якая склалася вакол Расіі, дэфолт — гэта вельмі зруйнавальнае дзеянне. Расія не атрымае ані капейкі за пастаўленыя ў ЕС энерганосьбіты, і для яе гэта будзе горш за эмбарга, таму што Расіі яшчэ трэба несці сацыяльныя выдаткі і забяспечваць унутраны рынак, а грошай на гэта не будзе», — сказаў Пендзін ўкраінскаму выданню «Галоўрэд».

Зрэшты, беларускі эканаміст, старэйшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтру BEROC (Кіеў) Дзмітрый Крук не падзяляе такога сцвярджэння свайго калегі. Па яго словах, усе дрэнныя наступствы, якія адбыліся бы ў Расіі з аб'явай дэфолту, адбыліся з ёй яшчэ да гэтай аб'явы — з-за яе нападу на Украіну, і, як вынік, увядзення супраць яе маштабных эканамічных санкцый. «Атрымліваецца тое, што мы назіралі ў лютым-сакавіку — адмежаванне расійскай фінансавай сістэмы ад сусветнай, спальванне ўсіх мастоў. Цяпер гэта фармальна абвешчана. Гэта падзея, якая даганяе, адбылося тое, чаго ўсе чакалі», — зазначыў Крук.

Што ж да здагадак Пендзіна аб канфіскацыі маёмасці Расіі на Захадзе і «замарозкі» разлікаў за энерганосьбіты ў выніку дэфолту, то Дзмітрый Крук лічыць гэта адным з варыянтаў, але — вельмі няхуткім.

«Такая верагоднасць ёсць, але гэта павінна суправаджацца юрыдычнай працэдурай. Гэта, наколькі мне вядома, не павінна адбыцца аўтаматычна. Нават калі спрабаваць задзейнічаць такія інструменты, то такія рашэнні трэба праводзіць праз суды. У цэлым, гэта такі апцыянальны шлях, рух па якім калі і будзе, то будзе вельмі ўмераным, і можа расцягнуцца не на месяцы нават, а на гады», — адзначае Крук.


А Беларусі за гэта што-небудзь будзе?

Улічваючы, што Беларусь цяпер цесная завязаная з Расіяй — па экспарце, у разліках расійскім рублём і гэтак далей, — расійскі дэфолт, па ідэі, павінен быў бы ўдарыць і па Беларусі. Тым больш, што ў дачыненні да Сінявокай санкцыі ўведзеныя практычна ідэнтычныя расійскім. Але менавіта таму Дзмітрый Крук і не чакае для нашай краіны «нічога асаблівага» ад расійскага дэфолту.

«Я і ў Расіі не чакаю нічога асаблівага. Можа быць, будзе патанненне расійскага рубля да долара, — не ў сувязі з дэфолтам, а так могуць і іншыя фактары супасці. Для Беларусі нейкія імгненных праблем і ператоку іх з Расіі на гэты момант я не бачу. Тут дзейнічае простае меркаванне: найгоршыя рэчы, якія звычайна звязаны з дэфолтам, — ужо адбыліся. Дэфолт, па факце — гэта фармальнае замацаванне сітуацыі, якая ўжо склалася і завяршэнне працэсу адмежавання Расіі і Беларусі ад сусветнай фінансавай сістэмы», — кажа ён.

«У нашым выпадку (Беларусі — Рэд.) застаецца крыху больш мастоў, але зразумела, што контрагенты будуць ставіцца да нас больш насцярожана. Зрэшты, тыя контрагенты, якія да гэтага часу працавалі з Расіяй і Беларуссю, разумеюць, якія рызыкі яны на сябе бяруць. А паколькі дэфолт быў чакаемы і прадказальны, усе, хто не хацеў падвяргацца такім рызыкам, ужо адмовіліся ад супрацоўніцтва з Расіяй і Беларуссю і ад разлікаў з імі», — канстатуе эканаміст.

Вядома, Расіі, якая атрымлівае ад Еўропы каля 1 мільярда долараў штодзень за энерганосьбіты, «дэфолтная» сума ў 100 мільёнаў долараў нават надвор'я не робіць. Тым не менш, факт дэфолту азначае, што разгляд патрабаванняў да Расіі і судовых пазоваў, калі такія будуць, можа расцягнуцца на гады. А гэта значыць, што яе інвестыцыйная прывабнасць і надзейнасць будуць пастаўленыя пад сумнеў яшчэ доўгі час. Нават калі вайну ва Украіне спыніць проста цяпер.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: