Пётр Кузняцоў: Ніякія кампрамісы украінскай эліты з беларускім рэжымам ўжо не будуць магчымыя

Аналітык, заснавальнік «Моцных навінаў» Пётр Кузняцоў у сваім тэлеграм-канале рэагуе на сеткавыя ўкраінска-беларускія сваркі і піша, што не існуе на свеце справядлівасці. Прынамсі, у нашым яе разуменні.


Калі я чытаю ўсю гэтую хвалю рэакцый на чарговыя ракеты з Беларусі, мяне ахоплівае вельмі моцная прыкрасць.

Я добра разумею эмоцыі беларусаў, якія ўсёй душой за Украіну, як могуць — дапамагаюць, а потым чытаюць пра сябе, што «рукі ў крыві». Справядлівасці хочацца. Прызнання заслуг хочацца, а не вось гэтага вось усяго.

Справядлівасці хочацца, так, але хто сказаў, што яна наогул у прыродзе існуе, тым больш, масавая і абстрактная? Я жыва ўяўляю сабе, як хочацца справядлівасці Парашэнку, які ўсё сваё прэзідэнцтва займаўся двума рэчамі: будаваў ВСУ і наладжваў еўрапейскі вектар палітыкі. Вось гэта вось — ВСУ і еўраінтэграцыя, былі галоўнымі тэмамі яго прэзідэнцтва і прайгранай прэзідэнцкай кампаніі, а галоўнай тэмай Зяленскага было — «давайце проста спынім страляць». Але па факце гераічна ўзначаліць войска і выступіць у ролі еўраінтэгратара на падрыхтаванай глебе давялося зусім не Парашэнку.

У свой час Трамп вынес на парадак дня ЕС пытанне аб адмове ад расійскіх энерганосьбітаў, што пасварыла яго з усімі еўрапейскімі партнёрамі. Ён жа запатрабаваў ад усіх чальцоў НАТА павялічыць абаронныя бюджэты да 2%, як тое належыць па Статуце, і чаго ніхто не рабіў — і гэта стала прычынай канфлікту ўжо ўнутры Альянсу. Так гістарычна склалася, што ў Еўропе ніхто не хацеў перастаць плаціць Расіі, і ніхто не хацеў узбройвацца. А сёння карціна наступная: усім даводзіцца пераадольваць татальную залежнасць ад РФ і ўсе скардзяцца, што вельмі складана пастаўляць зброю Украіне, таму што «ў саміх мала застанецца». А Трампа ўспамінаюць, як «прарасійскага», таму што ён нібыта ледзь не знішчыў НАТА і пасварыўся з ЕС (міла забываючы падаплёку). Падазраю, Трампу таксама хочацца справядлівасці.

Фішка ў тым, што ані Трамп, ані Парашэнка так жаданай імі справядлівасці не дачакаюцца, прынамсі, у агляднай перспектыве. Гэта магчыма толькі ў гістарычным маштабе, але гэта будзе вынікам пераасэнсавання, і наўрад ці стане шырокай медыйнай падзеяй. А гэта ж — гістарычныя асобы, з канкрэтнымі лёсамі і падзеямі.

Патрабаваць справядлівасці і ацэнкі ва ўласным разуменні і, не атрымліваючы яе, крыўдзіцца, заяўляючы «я з вамі больш не буду сябраваць» — гэта вельмі міла, таму што — па-дзіцячы. Дарослыя людзі павінны ўмець разумець свае мэты. І яшчэ разумець, што адзіны спосаб мэты дасягнуць — гэта ўпарта і паслядоўна рабіць тое, што трэба, не звяртаючы ўвагі ні на што і ні на каго, хто блытаецца пад нагамі. Ці не з гэтага разумення пайшла мудрасць пра «сабака брэша, караван ідзе»?

Сёння галоўнае складаецца ў тым, пра што ўжо наўпрост кажуць заходнія выведкі: расійская армія знясільваецца, а ўкраінская яшчэ толькі пачынае фармаваць наступальны патэнцыял.

Другое галоўнае — у тым, што апошнія падзеі, звязаныя з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, выводзяць для ўкраінскай палітычнай эліты пытанне ўзаемадзеяння з мясцовым рэжымам у вельмі практычную плоскасць. А менавіта ў такую, дзе ніякія кампрамісы ўжо не будуць магчымыя чыста па прычыне нацыянальнай бяспекі, паколькі атрымана чарговае пацвярджэнне, што пагроза з Поўначы для Кіева будзе сістэмнай, калі праблему, вядома, не вырашыць. Гэта значыць, калі коратка, усе гэтыя размовы пра «будуць гандляваць» і гэтак далей — вось пра іх лепш забыцца, таму што не проста не будуць гандляваць, а будуць шукаць любыя магчымасці для таго, каб паўночная пагроза проста перастала існаваць.

У гэтым кантэксце набіраючыя абароты канфлікты ўкраінскіх патрыётаў і беларускіх нацыянальна-дэмакратычных актывістаў з'яўляюцца вялікай праблемай як для ўладаў Украіны, так і для грамадзянскай супольнасці Беларусі, паколькі закладаюць міну пад падмурак будучых адносін.

Гэта значыць, калі вельмі коратка: давайце перастанем эмацыянаваць. Ёсць велізарная верагоднасць таго, што канфлікт распальваюць штучна. Хай пішуць і кажуць, хто што хоча і колькі хоча — караван гісторыі ідзе сваёй чаргой. Усе гэтыя «срачы» — гэта пена, у гісторыі застануцца справы, сувязі і геаграфія. А пена — яна заўсёды сыходзіць, трэба толькі дачакацца яе адстою. А калі спрабуеш яе садзьмуць, нядоўга і абляпацца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: