Знішчэнне ГЦ у Крэменчуку: што вядома на цяперашні момант (абнаўляецца)
У панядзелак 27 чэрвеня ў выніку ракетнага ўдару Расіі цалкам згарэў гандлёвы цэнтр у Крэменчуку, Палтаўская вобласць Украіны. Маштабы трагедыі дагэтуль не падлічаны.
Колькасць ахвяр ракетнага ўдару па ГЦ у Крэменчуку ўзрасла да адзінаццаці.
Па паведамленні кіраўніка Палтаўскай абласной ваеннай адміністрацыі, ахвярамі расійскага ўдару па гандлёвым цэнтры ў Кременчуку сталі не менш за адзінаццаць чалавек.
У Дзяржаўнай службе па надзвычайных сітуацыях дадаюць, што па медыцынскую дапамогу звярнуліся 40 чалавек, 19 з іх былі шпіталізаваны.
Раней у офісе прэзідэнта Украіны паведамілі, што дзевяць пацярпелых знаходзяцца ў крытычным стане.
Ратавальнікі працягваюць тушыць пажар у гандлёвым цэнтры.
Нягледзячы на тое, што ад будынка ўжо відавочна не засталося амаль нічога, ратавальнікі працягваюць захады па тушэнні пажара і недапушчэнні распаўсюда агню дале.
ВСУ: удар па Крэменчуку быў нанесены ракетамі Х-22 з Курскай вобласці.
Камандаванне паветраных сіл Узброеных сіл Украіны заявіла, што абстрэл Крэменчука, у выніку якога быў знішчаны ТРЦ "Амстор", праводзіўся з тэрыторыі Курскай вобласці.
«У гандлёва-забаўляльны цэнтр у горадзе Крэменчуг расійскія акупанты патрапілі ракетамі Х-22, выпушчанымі з далёкіх бамбавікоў Ту-22 М3», – гаворыцца ў заяве размешчанай на старонцы камандавання ў Фэйсбуку.
Згодна з гэтай інфармацыяй. самалёты ўзляцелі з аэрадрома Шайкоўка, а пускі ажыццяўляліся з Курскай вобласці.
Расійскія афіцыйныя асобы пакуль не каментавалі паведамленні аб удары па Палтаўскай вобласці.
СБУ абяцае знайсці і пакараць вінаватых ва ўдары па Крэменчуку.
Служба бяспекі Украіны пачала расследаванне ракетных абстрэлаў грамадзянскіх аб'ектаў у Крэменчуку, паабяцаўшы ўстанавіць і прыцягнуць да адказнасці вінаватых.
Расследаванне вядзецца па артыкуле аб парушэнні законаў і звычаяў вайны.
«Мы зробім усё, каб устанавіць не толькі тых, хто рабіў стрэлы, але і асоб, якія аддалі адпаведны загад знішчаць мірных украінцаў. Бо ніякіх вайсковых ці іншых абаронных аб'ектаў на месцы траплення ракет не было ў прынцыпе», – гаворыцца ў заяве службы.
Там таксама паведамілі, што ўсе вінаватыя будуць пакараныя.
У сваю чаргу сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў паведаміў, што па Крэменчуку ў панядзелак ударылі дзве ракеты.
Паводле яго слоў, адна з іх патрапіла ў гандлёвы цэнтр, іншая - у гарадскі стадыён.
«Новы Час» смуткуе і выказвае спачуванні родным ахвяраў трагедыі.